Разам са старшынёй мясцовага сельскага Савета Ганнай Вашковай крочым спякотным жнівеньскім полуднем па вуліцы Перарова Жыткавіцкага раёна

Хвоенкс-Хлупин 024Разам са старшынёй мясцовага сельскага Савета Ганнай Вашковай крочым спякотным жнівеньскім полуднем па вуліцы Перарова, накіроўваемся ў бок блакітнай Прыпяці, якая робіць тут, побач з населеным пунктам – своеасаблівай сталіцай палескіх рыбакоў – крутыя заломы-згібы. З Ганнай Рыгораўнай паважліва здароўкаюцца як бабулькі, так і школьнікі. Яшчэ б! З 1995 года працуе яна ў сельсавеце, у тым ліку 12 гадоў узначальвае яго. Павага і аўтарытэт тут у яе бясспрэчныя.

– Калі прыйшла ў сельсавет на работу, то на яго тэрыторыі жыло паўтары тысячы людзей, – успамінае кіраўнік мясцовай  улады. – А зараз гэта лічба скарацілася да 672 чалавек. І хаця людзей стала менш – работы, наадварот, прыбавілася, бо значна ўзраслі патрабаванні. Вось толькі, да прыкладу, адзін штрых да сельсавецкай дзейнасці. Хто раней, скажам, ведаў нешта пра тыя ж самыя малыя архітэктурныя формы? І гэта толькі частка нашай работы. Але як раней, так і цяпер не можа не радаваць адно: у нас няма сацыяльна небяспечных сямей, як і паўсюль, ёсць толькі няўдачныя. Чаму? Бо кожная з трох вёсак трымаецца па-ранейшаму на моцнай народнай маралі, на няпісаных законах дабрыні і прыстойнасці.

Прыемна радуе тое, што на вуліцах не сустрэнеш старой хаты з забітымі крыж-накрыж вокнамі. Наадварот, вёска адраджаецца. І ў многім дзякуючы гараджанам, што прыязджаюць сюды жыць альбо на месцы старых, трухлявых хацін узводзяць новыя дамы пад дачы. Вёска вабіць чысцінёй, радуе вока прыгожымі гародчыкамі і кветнікамі. За апошнія гады яна вельмі змянілася ў лепшы бок, пабагацела новымі  сучаснымі дамамі і падворкамі. Да таго ж тут, абапал ракі Прыпяць, да якой з задавальненнем у любую пару года прыязджаюць рыбакі, паляўнічыя, проста сем’і адпачываючых, цудоўная прырода, свежае паветра, што ў вялікім горадзе проста ў дэфіцыце. Гэта трэба бачыць і чуць, гэтым трэба дыхаць. Менавіта тут, у Прыпяцкім Палессі, пачынаюцца ўнікальныя мясціны Нацыянальнага парка, шмат балот, лясоў, пойма з вялікай разнастайнасцю жывёл, птушак і рыб, некаторых з якіх больш нідзе не сустрэнеш. Вось чаму няма сумненняў у тым, што ў вёсак Савета – Перарове, Хлупіне і Перароўскім Млынку – ёсць будучыня, і яны не павінны знікнуць з карты нашага раёна.

Нельга не пагадзіцца з той думкай, што самае каштоўнае – гэта зямля. І распараджацца ёю трэба па-гаспадарску. Аддаленыя ад прамысловых цэнтраў вёскі адчуваюць на сабе прыкметы ўрбанізацыі – калі пусцеюць домаўладанні. І нішто не можа служыць такой пераканаўчай ілюстрацыяй вымірання вёсак, як пакінутыя, забытыя, нікому не патрэбныя хаты. Некалі іх будавалі, радаваліся, калі спраўлялі наваселлі, гадавалі дзяцей, спадзяваліся, што пасля гаспадароў будзе жыць у доме нехта з нашчадкаў. І вось настаў час, калі асобныя вясковыя хаты трэба зносіць, бо яны разбураюцца, зарастаюць хмызняком і бур’янам, псуюць знешні выгляд населенага пункта. З гэтых участкаў вецер разносіць па ўсёй акрузе насенне пустазелля…

У Перароўскім сельсавеце ўвесь час актыўна вядзецца работа па зносе закінутых пабудоў. Бясспрэчна, гэта складаны працэс, які патрабуе і фінансавых сродкаў, і чалавечых высілкаў. Вядома, праблемы ўзнікаюць з уладальнікамі сядзіб, дакладней з тымі, хто па законе павінен уступіць у права спадчыны. У Савеце імкнуцца вырашаць пытанні мірна, шукаюць спадчыннікаў, знаходзяць з імі агульную мову, каб папярэдзіць у далейшым канфліктныя сітуацыі. Калі нашчадкі не збіраюцца выкарыстоўваць дом, то даюць згоду на яго знос. У бягучым годзе на тэрыторыі сельсавета было знесена тры старыя дамы, яшчэ тры пабудовы стаяць у плане. Раней гэтай адказнай справай займаліся работнікі акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі агратэхсервіс”, а зараз надзейным памочнікам з’яўляецца калектыў ПМК-66. Зямельныя ўчасткі, што застаюцца пасля зносу дамоў, бяруць пад уласныя агароды мясцовыя жыхары, як, напрыклад, у Хлупіне, альбо купляюць пад пабудовы новыя гаспадары, у прыватнасці, з суседняга Лельчыцкага раёна.

На тэрыторыі ўсіх населеных пунктаў сельсавета планава і сістэматычна вядуцца работы па добраўпарадкаванні. За апошні час населеныя пункты вельмі змяніліся, сталі намнога чысцей і прыгажэй. Старшыня сельсавета Ганна Вашкова ўжо даўно сабрала вакол сябе надзейную каманду аднадумцаў, таму працаваць стала намнога лягчэй. Кожны з 11 дэпутатаў або давераная асоба – гэта, як правіла, чалавек неабыякавы, актыўны, аўтарытэтны. У вёсцы Перароў гэта пенсіянерка Тафілея Герман, у Хлупіне – начальнік аддзялення сувязі Ніна Точка.

Асноўныя аб’екты сельсавета, тыя ці іншыя тэрыторыі замацаваны за канкрэтным працоўным калектывам. У чысты чацвер, пасля работы, у час суботнікаў і месячнікаў парадак на зямлі наводзяць работнікі культуры, аховы здароўя, адукацыі, мясцовыя сацыяльныя работнікі. Мясцовыя жыхары прымаюць актыўны ўдзел у самаабкладанні, разумеючы ўсю важнасць гэтай справы. Дзякуючы гэтаму ўсе 4 дзеючыя могілкі маюць жалезабетонную агароджу. Людзі, многім з якіх па 70 і болей гадоў, стараюцца своечасова скашваць траву і пустазелле, не дапускаць, каб прывезеныя дровы або дошкі знаходзіліся на вуліцы больш 3 дзён. Самы лепшы кантралёр тут – уласнае сумленне.

Пачынаючы з 2011 года ў Савеце эфектыўна працуе назіральная камісія. Яна ладзіць сваю работу ў кожны першы і трэці чацвер месяца. Акрамя прадстаўнікоў усіх службаў, актыўны ўдзел у яе рабоце заўсёды прымае ўчастковы Павел Чуеў. А людзі з хваляваннем і адказнасцю чакаюць яе візіту на свой падворак. Галоўнае прызначэнне гэтай камісіі, як лічаць у сельсавеце, – не пакараць, а папярэдзіць, дапамагчы. А такую дапамогу ў першую чаргу маюць адзінокія і адзінока пражываючыя вяскоўцы. Вось чаму гэтыя наведванні ім толькі на карысць.

На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца базавая школа, 3 магазіны райспажыўтаварыства і адна прыватная крама, 2 фельчарска-акушэрскія пункты, Дом культуры ў Хлупіне і  клуб вольнага часу ў Перарове. І да ўсяго ёсць справа і клопат Ганне Рыгораўне і яе актыву. Размаўляеш з ёю, сочыш за работай гэтай дзелавой, энергічнай жанчыны і задаешся пытаннем: старшыня сельсавета – гэта прызванне ці прафесія? Як бы там ні было, а гэта – незаменны чалавек, спецыяліст шырокага профілю. І арганізатар, і дарадчык, і гаспадарнік, і кантралёр. Які працуе на тое, каб у вёскі была будучыня…

Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.