Шануюць народную песенную спадчыну, даражаць ёю ў вёсцы Хільчыцы Жыткавіцкага раёна
Значны ўклад у гэтую высакародную справу ўносяць удзельнікі мясцовага самадзейнага народнага ансамбля “Хільчанка”. Пра такіх людзей кажуць, што яны жывуць песнямі роднага краю. Днямі гэты самабытны мастацкі калектыў адзначыў свой юбілей – 65 гадоў са дня заснавання. Калегі з народнага клуба аматараў народнай творчасці “Вечарына” раённага цэнтра фальклору падрыхтавалі з такой нагоды для артыстаў з Хільчыц цудоўнае святочнае мерапрыемства, якое не толькі парадавала сваёй урачыстасцю спявачак самадзейнага гурта, але і ўсіх вяскоўцаў, што прыйшлі на мерапрыемства.
Творчы шлях народнага фальклорнага ансамбля “Хільчанка” пачаўся ў пасляваенныя гады. І хаця голадна і холадна было на вёсцы, але песні не сціхалі і падчас працы, і падчас гулянак. Знайшоўся ў Хільчыцах і таленавіты чалавек, цудоўны музыка Сяргей Рыгоравіч Белка, які змог распаліць іскрынку творчасці ў мясцовых хлопцаў і дзяўчат, згуртаваць іх у калектыў. У ліку першых спевакоў была і Марыя Вашкова. На той час ёй споўнілася толькі чатырнаццаць гадоў. Марыя Аляксандраўна і дагэтуль з’яўляецца актыўнай удзельніцай калектыву, хаця ўжо размяняла восьмы дзясятак. Першыя выступленні калектыва проста ўлюбілі мясцовых жыхароў у яго творчасць. З кожным годам усё болей станавілася спевакоў. Механізатары, паляводы, інтэлігенцыя – імкнуліся далучыцца да песеннай спадчыны сваіх продкаў. Новыя ўдзельнікі прыносілі і новыя творы, якія ўзбагачалі рэпертуар калектыву. Смела можна запісаць у ветэраны “Хільчанкі” і спявачку Надзею Архіпаўну Казак, якая тут з 1953 года. З тых часоў жанчына і не разлучаецца з песняй.
Безумоўна, што даўгалецце кожнага творчага калектыву ў першую чаргу залежыць, ці ёсць у яго прыхільнікі. “Хільчанка” – з тых фальклорных гуртоў, які ніколі не скардзіўся на дэфіцыт удзячных гледачоў. І найперш гэта свае землякі, якія гарачымі апладысментамі віталі кожнае выступленне сваіх спявачак. Нават праз дзясяткі гадоў гэтая любоў толькі акрэпла, што яскрава прадэманстравала юбілейнае мерапрыемства, якое праходзіла пры поўным аншлагу. А колькі шчырых і цёплых слоў віншаванняў і ўдзячнасці было выказана артысткам ад вяскоўцаў. Спачатку гэта прыгожа ў вершаванай форме зрабілі школьнікі, пасля дырэктар мясцовай навучальнай установы Уладзімір Лясько. Ну і, канечне ж, гледачы сваімі пастаяннымі апладысментамі, якія проста пераходзілі ў авацыі пасля кожнага канцэртнага нумара фальклорнага ансамбля. А паэт-зямляк, член саюза пісьменнікаў СССР Павел Шруб з нагоды такой знакавай падзеі прысвяціў “Хільчанцы” свой верш:
Хоць наступіў мядзведзь на вуха,
Але на вёсцы з даўніх пор
Іду пры выпадку паслухаць,
Я Хільчыцкі Народны хор!
Я многіх слоў ужо не знаю,
Ды толькі гэта не бяды!
Нібы малітву падпяваю –
І адыходзяць прэч гады!
65 год – узрост шаноўны,
Ды й праз 100 год скажу, бульбаш,
Што будзе жыцьме ўсяроўна –
Народны хор, а значыць – Наш!
Ушанавалі на мерапрыемстве гледачы хвілінай маўчання і памяць аб актыўным удзельніку калектыву Васілю Шрубу. Гэта ў сваім родзе таксама даніна павагі да ансамбля за яго працу на сцэне.
Менавіта народная любоў і дае сілы для новых творчых здабыткаў мастацкаму самадзейнаму калектыву з Хільчыц. На цяперашні час у ім спявае дзевяць жанчын. Гэта Ганна Лясько, Аляксандра Кашэвіч, Надзея Казак, Марыя Вашкова, Ніна Леўкавец, Ніна Кацэвіч, Марыя Каралец, Кацярына Шукаловіч, якая з’яўляецца кіраўніком ансамбля. Акампаніруе спявачкам баяніст Фёдар Батура. Менавіта ў гэтым саставе пад кіраўніцтвам Кацярыны Дзмітрыеўны ў 2012 годзе фальклорнаму гурту “Хільчанка” было прысвоена ганаровае званне “народны”. А гэта сведчыць аб высокім выканальніцкім майстэрстве, якое шліфуецца на кожнай рэпетыцыі надзвычай старанна. Самае ж галоўнае, што калектыў не траціць сваёй самабытнасці, захоўвае тую непаўторную адметнасць і каларыт творчых здабыткаў, што накоплены за дзесяцігоддзі існавання і выступленняў на розных сцэнах. Іх жа было надзвычай многа за час існавання. Ужо праз год пасля першага выступлення ў сваёй вёсцы спявачкі з Хільчыц удзельнічалі ў абласным аглядзе-конкурсе выканаўцаў народных песень. Так, нялёгка было дабіцца глядацкага прызнання, але яно прыйшло, дзякуючы нястомнай працы і старанню, а таксама таленавітасці артыстак. Былі выступленні на рэспубліканскім тэлебачанні ў перадачах “Запрашаем на вячоркі” і “Спявай, душа”, на абласным тэлебачанні. Калектыў становіцца дыпламантам Рэспубліканскага фестывалю “Беларуская полька”, а таксама з’яўляецца пераможцам многіх творчых конкурсаў раённага ўзроўню. Але самае галоўнае, што ўсе канцэртныя нумары дораць гледачам удзельнікі “Хільчанкі” ад шчырага сэрца і душы. Магчыма, гэта яшчэ адзін сакрэт творчага даўгалецця калектыву.
На святочным мерапрыемстве ўспомнілі нямала добрых і яркіх момантаў з творчай багатай біяграфіі народнага фальклорнага ансамбля “Хільчанка”. Яны былі адзначаны і галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аленай Птушко, якая ўручыла спявачкам Ганаровую грамату абласнога цэнтра народнай творчасці. Чарговая ўзнагарода з’яўляецца той высокай адзнакай адданасці хільчыцкіх спявачак беларускай народнай спадчыне, традыцыям свайго роднага краю. Такія якасці яны з гонарам нясуць ужо многія і многія гады, і мяркуючы па тым задоры, з якім выконвалі свае песні, рабіць гэта збіраюцца плённа і надалей.
Закончылася юбілейная ўра-чыстасць у Хільчыцах вельмі пазітыўнай з’явай: выступленнем самадзейных артыстаў клуба аматараў музыкі і песні “Вечарніца” і народнага клуба аматараў народнай творчасці “Вечарына” раённага цэнтра фальклору.
Сяргей БЕЛКА.