Уборка сяўбе не перашкода для працаўнікоў Жыткаўшчыны
Бягучай восенню працаўнікам КСУПа “Чырвоны Бор” патрэбна пасеяць 550 гектараў азімага рапсу. Выканаць гэтую адказную работу кіраўніцтва гаспадаркі даверыла вопытнаму і спрактыкаванаму механізатару Уладзіміру Макарэвічу (на здымку).
З пастаўленымі задачамі трактарыст спраўляецца выдатна. Бесперапынна яго энерганасычаны “Беларус” у счэпе з пасяўным агрэгатам рухаецца па полі, уздымаючы за сабою хмары пылу. Нават здзіўленне бярэ, як механізатар у гэтых пылавых аблоках арыентуецца на палетку.
— Зямля, што прысак, вельмі сухая, — расказвае Макарэвіч, — таму пэўнае напружанне ў рабоце прысутнічае, трэба пастаянна кантраляваць глыбіню заштукоўвання насення. Рапс — вельмі прывярэдлівая культура, не так што зробіш, і твая памылка акажа істотны ўплыў на агульны вынік.
Галоўны памочнік у такой важнай справе для Уладзіміра з’яўляецца яго хлебаробскі вопыт. Больш за чвэрць века мужчына адпрацаваў у сельгаспрадпрыемстве на трактары. Многія сельгасработы давялося выконваць, а вось прайшоўшай вясной за ім замацавалі пасяўны агрэгат. І першая пасяўная, якую правёў Макарэвіч, паказала, што ён вынікова здаў экзамен на прафесійную сталасць. І працягвае гэта рабіць паспяхова і зараз. За дзень механізатар засявае больш чым па дваццаць гектараў азімага рапсу. Спрыяе яго рабоце і тое, што пастаянна ля сейбіта знаходзіцца галоўны аграном гаспадаркі Васіль Макарэвіч, які пры неабходнасці дасць механізатару неабходныя парады, кансультуе таго.
— Дэфіцыт вільгаці адчуваецца ў глебе вельмі вялікі, — расказвае аграном. — Але стараемся выконваць усе патрабаванні сяўбы алейнай культуры. З такім прафесіяналам як Уладзімір Макарэвіч гэта рабіць намнога прасцей, ён усё разумее, як кажуць, з паўслова, і неадкладна выконвае ўсе мае патрабаванні, якія тычацца ў першую чаргу рэгуліровак пасяўнога агрэгата. Даводзіцца іх устанаўліваць па некалькі разоў на дзень. Але механізатар не наракае на такую акалічнасць, бо добра разумее, што ад яго залежыць, наколькі будуць дружнымі і раўнамернымі ўсходы. Вось бы дажджу на нашы землі, тады б дакладна былі ўпэўнены, што на рапсавым палетку будзе парадак.
Тэхнолаг палёў не меншую ўвагу ўдзяляе не толькі сяўбе рапсу, але і наколькі якасна рыхтуецца пад яе глеба, а гэта і ворыва, і перадпасяўная апрацоўка яе. Адным словам, да ўсяго ёсць справа аграному, таму і знаходзіцца ён на палетку да таго часу, пакуль там працуе тэхніка. Як вынік такіх клопатаў, у сельгаспрадпрыемстве ўжо засеялі 150 гектараў азімага рапсу. Але, як лічыць механізатар Уладзімір Макарэвіч, гэта толькі пачатак яго пасяўной кампаніі, наперадзе чакае сяўба азімых каласавых культур. А аб’ёмы там значна большыя. Зерневымі ў гаспадарцы збіраюцца засеяць больш за паўтары тысячы гектараў. І зараз высілкі мясцовых хлебаробаў засяроджаны на тым, каб паспяхова падрыхтавацца да такой важнай справы.
Яшчэ адным прыярытэтным накірункам дзейнасці чырванаборскіх працаўнікоў з’яўляецца ўборка кукурузы на сілас. Яна займае ў гаспадарцы сёлета тысячу трыста гектараў. “Каралева палёў” аддзячвае мясцовых корманарыхтоўшчыкаў нядрэнным ураджаем. З кожнага гектара выходзіць па сто девяноста цэнтнераў зялёнай масы. У сукупнасці з дастатковай колькасцю тэхнікі і стараннасцю механізатараў гэта дае нядрэнны плён. Літаральна за лічаныя дні ў сіласную траншэю было пакладзена больш за тры тысячы тон кукурузнай масы. Зараз такімі ж высокімі тэмпамі вядзецца закладка і другой сіласнай траншэі не меншай па памерах за першую. Штодня сюды паступае па пяцьсот тон кукурузнай масы. Чаму спрыяе зладжаная работа механізатараў на кормаздабываючых комплексах Дзмітрыя Макарэвіча і Андрэя Сінілы. На дастаўцы кукурузнай масы з палетка ў траншэю добрай выпрацоўкі дабіваюцца механізатары Яўген Макарэвіч і Сяргей Ахрамовіч. Усе клопаты чырванаборцаў у гэтыя першыя восеньскія дні накіраваны на адну мэту: убраць вырашчаны ўраджай і закласці трывалы падмурак на год наступны.
Сяргей Белка.