Вытокі паспяховай работы сельгаспрадпрыемстваў Жыткаўшчыны
За восем месяцаў бягучага года ў сельгаспрадпрыемствах раёна валавы надой малака склаў 27088,1 тоны. Наколькі важкі гэты паказчык для працаўнікоў ферм сведчыць усяго толькі адзін красамоўны факт: у 2009 годзе жывёлаводы за цэлы год надаілі толькі 26836 тон малака. На той час з такім паказчыкам Жыткавіцкі раён у краіне, адставаў ад іншых па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Сёлета ж па выніках паўгоддзя ён стаў у рэйтынгу сорак чацвёртым. Відавочна, што цяперашнія дасягненні ў дзейнасці малочнай галіны з’яўляюцца тым вынікам працы, якая была праведзена аграрыямі з поспехам за прайшоўшыя гады. За сваю журналісцкую практыку многае давялося пабачыць падчас наведвання грамадскіх ферм, але самае галоўнае,што іх кіраўнікі і радавыя працаўнікі не гублялі надзеі, што існуючыя “мінусы” абавязкова памяняюцца на “плюсы”. Напэўна, гэта прыносіла і прыносіць належны плён у рабоце.
Найперш на памяць прыходзіць палосцевіцкая ферма, дзе адкормлівала бычкоў сям’я Аладка. Муж і жонка даўно на пенсіі, у дапамогу ім адзін з сыноў. Памяшканне старое, пахіленае, амаль паўсюдна падпертае слупамі, таго і глядзі, што разваліцца. Але дзякуючы руплівым рукам жывёлаводаў тут і парадак падтрымліваўся, і жывёла была дагледжана. Прывагі даходзілі да кілаграма. Але колькі высілкаў прыкладвалі людзі. Усё рабілі пры дапамозе звычайных вілаў і саўковай лапаты: і кармы раздавалі, і гной выдалялі. І такія малюнкі на многіх грамадскіх фермах былі заканамернасцю. Рукі аператара машыннага даення нельга было ўявіць без саракакілаграмовых бідонаў, якія яны, напоўненыя малаком, нібы мурашы, з натугай цягнулі да халадзільнікаў. А потым пасля дойкі гэтак жа дружна грузілі на воз мяхі камбікорму і везлі раздаваць каровам. А яшчэ колькі іншых абавязкаў прыходзілася выконваць жывёлаводам, на пальцах не пералічыш. Вось бы тых людзей ды на цяперашнія нашы фермы, хаця і гадоў прайшло не так і многа, падумалі б, што трапілі ў нейкі фантастычны час. А ўсё сталася таму, што дзяржава своечасова падтрымала аграрыяў у іх памкненні працаваць больш эфектыўна, і ў значна прыстойнейшых умовах. Спачатку была распрацавана і рэалізавана Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады, а пазней і Дзяржаўная праграма ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады. Менавіта гэтыя стратэгічныя дакументы і дазволілі вяскоўцам накапіць сённяшні вытворчы патэнцыял у жывёлагадоўлі.
Адзін за адным у гаспадарках раёна пачалі, нібы грыбы пасля дажджу, расці малочнатаварныя комплексы. Першы з іх быў збудаваны ў КСУПе “Чырвоны Бор”. Затым аналагічныя фабрыкі малака выраслі ў акцыянерных таварыствах “Тураўшчына” і “Людзяневічы”. Цяпер тут каровы дояцца ў даільных залах, корміцца жывёла паўнацэннымі кормасумесямі, якія па строгаму распарадку раздаюцца кормазмешвальнікам. Утрыманне на саламянай падсцілцы таксама аказвае станоўчы ўплыў на фізіялагічны стан кароў. Намнога палепшыліся тут не толькі ўмовы працы жывёлаводаў, але і быту. Душавыя пакоі і чырвоныя куткі, цёплыя асемянатарскія і рабочыя кабінеты, прычым, абсталяваныя камп’ютарамі, сталі рэальнасцю. А на адным з малочнатаварных комплексаў ААТ “Тураўшчына” ўвогуле кароў сталі даіць робаты. Пачаліся будоўлі новых малочнатаварных комплексаў і ў КСУПе “Коленскае”, і ў ААТ “Прыазёрскае-Агра”.
Стаўка на новыя жывёлагадоўчыя комплексы была не адзіным напрамкам у развіцці малочнай галіны раёна. Не спісвалі з рахунку і старыя фермы, на якіх пачаліся вялікія і малыя рэканструкцыі і мадэрнізацыі. З якім гонарам дырэктар КСУПа “Коленскае” Валянцін Карпаў расказваў на руднянскай ферме пра тое, што тут удалося зрабіць па паляпшэнні ўмоў працы. Цяпер жывёлаводы гэтага структурнага падраздзялення даўно забылі, што такое раздаваць уручную кармы, выдаляць гной, насіць у халадзільнікі малако. Усё выконваюць тэхніка і механізмы. Прычым пагалоўе вырасла ў некалькі разоў. Аддачы ў выглядзе высокіх надояў і прываг доўга чакаць мясцовым жывёлаводам не прыйшлося. Увогуле фермы, якія закранулі рэканструкцыя і мадэрнізацыя, дазваляюць вяскоўцам працаваць па самых сучасных тэхналогіях. Так бы мовіць, менавіта дзякуючы рэканструкцыі і мадэрнізацыі ператварылася ў «ляльку» верасніцкая малочнатаварная ферма. Яшчэ дзесяцігоддзе назад гэтае вытворчае падраздзяленне было адным з самых адстаючых у раёне, а цяпер гэта найсучаснейшае прадпрыемства па вытворчасці малака. За першы год работы ў новых умовах верасніцкія жывёлаводы ад каровы надаілі па восем тон малака. Дарэчы, верасніцкую ферму ў свой час наведаў і кіраўнік дзяржавы, які даў станоўчую адзнаку праведзенай рабоце па адраджэнні структурнага падраздзялення акцыянернага таварыства “Тураўшчына”.
Менавіта рэканструкцыя і мадэрнізацыя дазволілі вярнуць да жыцця і многія памяшканні на бялёўскай ферме аднайменнага сельгаспрадпрыемства. Раней у іх гуляў вецер, а цяпер з камфортам утрымліваюцца каровы і цяляты. З’явіўся на гэтай ферме і даільны блок, новы цялятнік, значна добраўпарадкавалася тэрыторыя. Намнога палепшыліся вытворчыя здабыткі і аператараў машыннага даення на пухавіцкай малочнатаварнай ферме, у якую таксама ўдыхнулі новае жыццё будаўнікі. Несумненна, гэта станоўча адбілася не толькі на велічыні надояў, але і ў канчатковым выніку павысіліся і заробкі жывёлаводаў. Як вядома, яны залежыць ад колькасці і якасці надоенага малака.
У апошнія гады працаваць па новых тэхналогіях пачалі і дзякавіцкія жывёлаводы, дзе таксама ўзвялі даільны малочны блок. Такія ж неабходныя для паспяховай работы аператараў машыннага даення збудаванні з’явіліся на малочнатаварных комплексах КСУПаў “Коленскае” і “Чырвоны Бор”. Увогуле цяжка назваць гаспадарку ў раёне, дзе б на жывёлагадоўчых аб’ектах не праводзілася рэканструкцыя, не ўзводзіліся за апошні перыяд новыя памяшканні. Так, гэтая работа вылілася ў значныя кошты, якія вымяраюцца сотнямі мільярдаў рублёў. Але дапамагала дзяржава, укладваліся гаспадаркамі ўласныя сродкі, і справа шпарка рухалася наперад. Прынамсі, яна і зараз планамерна вядзецца.
Яшчэ адным з важнейшых фактараў, які адыграў пазітыўную ролю ў развіцці малочнай галіны раёна, з’явілася тое, што не менш паспяхова ўдалося аграрыям вырашыць кармавую праблему. Не адзін год яна аказвала адмоўны ўплыў на вытворчасць малака і мяса. І тут сваю ролю адыграла дзяржава, якая аказала дапамогу сельгаспрадпрыемствам у набыцці новай высокапрадукцыйнай тэхнікі, што дазволіла вяскоўцам вытрымліваць усе тэхналагічныя параметры на палетках і сенажацях. Машынныя паркі гаспадарак папоўніліся дзясяткамі трактароў, кам-байнаў, кормаздабываючых комплексаў, іншых агрэгатаў беларускай і замежнай вытворчасці.
Канечне ж, усе гэтыя капіталаўкладанні былі б марнымі, калі б не людзі: спецыялісты, радавыя жывёлаводы, якія сваёй паўсядзённай працай, дабіваюцца, каб укладзеныя сродкі прыносілі максімальную аддачу. І такіх нямала. Сярод аператараў машыннага даення ў ААТ “Тураўшчына” тон у рабоце задае Ніна Лясько, якая з пачатку года надаіла ад кожнай каровы па 5272 кілаграмы малака, у КСУПах “Бялёў” – Вольга Паўлюшына, вытворчы здабытак якой 4102 кілаграмы, у “Коленскае” –Іван Андык і Алена Саскевіч (3850 кілаграмаў надоенага малака), Надзея Рагалевіч (3544 кілаграмы малака), у “Чырвоны Бор” – Ніна Рагалевіч (2493 кілаграмы малака), у акцыянерных таварыствах “Людзяневічы” – Валянціна Базько (3940 кілаграмаў малака), у “Прыазёрскае-Агра” – Марыя Абібок і Алена Купрацэвіч, у групах якіх надой у разліку на адну карову дасягнуты 3728 кілаграмаў малака. Сярод жывёлаводаў на вырошчванні буйной рагатай жывёлы 1003 грамы сярэднясутачных прываг атрымала за восем месяцаў Лілія Карніцкая з акцыянернага таварыства “Людзяневічы”, 984 грамы – Мікалай Леўкавец з акцыянернага таварыства “Тураўшчына”, 827 грамаў – Валянціна Пяшэвіч і Наталля Мацук з КСУПа “Коленскае”, 784 грамы – Наталля Савельева, Людміла Шляга, Марына Сакула, лілія Міхава з гэтай жа гаспадаркі, 754 грамы – Вольга Савіч з КСУПа “Бялёў”, 740 грамаў – Анжэла Какора з ААТ “Прыазёрскае-Агра” і 703 грамы – Ганна Агіевіч з КСУпа “Чырвоны бор”. Іх праца сведчыць, што жыткавіцкія жывёлаводы здольныя мець яшчэ лепшыя паказчыкі, чым яны ёсць зараз. Галоўнае – толькі не спыняцца на дасягнутым.
Сяргей Белка.