З 1951 года жыццё старажытнага Турава цесна пераплецена з кансервавым заводам
Больш за шэсць дзясяткаў гадоў прадпрыемства забяспечвае работай не меней чым паўтары сотні гараджан. На цяперашні час камбінат з’яўляецца філіялам адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. І хаця прадпрыемства і памяняла шыльду, але і сёння застаецца галоўнай крыніцай занятасці для жыхароў горада.
Асабліва гэта добра адчуваецца ў гарачы сезон кансервацыі гароху. Дадаткова кіраўніцтва філіяла набірае да асноўнага штату паўсотні і болей рабочых. Такой магчымасцю, каб зарабіць сваю першую капейку, не прамінаюць скарыстацца школьнікі і студэнты. Менавіта яны дапамагалі сваім бацькам паспяхова перапрацаваць ураджай гароху. І хаця па прычыне пагодных умоў палеткі гэтай культуры сёлета і не парадавалі высокай ураджайнасцю, але ж прадпрыемства здолела выпусціць больш трох мільёнаў слоікаў карыснай кансерваванай прадукцыі. Гэта прыкладна столькі ж як і ў мінулым годзе.
Цяпер у тураўскіх перапрацоўшчыкаў не менш адказны перыяд. На прадпрыемстве поўным ходам ідзе кансервацыя салодкай кукурузы. Камбінат працуе практычна кругласутачна, яго абсталяванне спыняецца толькі на тэхналагічны агляд і выкананне санітарных мерапрыемстваў паміж зменамі.
— Сёлета салодкая кукуруза пасеяна на 250 гектарах, — расказвае кіраўнік філіяла Уладзімір Мельнік. — Ураджайнасць ад васьмідзесяці да ста цэнтнераў зерня з гектара. Канечне, не такую аддачу атрымліваем, як планавалася, але спадзяюся, што на мінулагодні ўзровень па кансервацыі кукурузы выйдзем. Ужо зараз выпушчана 220 тысяч бляшанак кукурузы. Ёсць усё неабходнае, каб паспяхова працягнуць вытворчасць гэтай прадукцыі.
Акрамя кукурузы, тураўскія перапрацоўшчыкі агародніны яшчэ заняты і кансервацыяй агуркоў. Таксама плануюць варыць яблычнае павідла. Сыравіна для апошняга будзе пастаўляцца з грамадскіх садоў акцыянернага таварыства. Але самае галоўнае, лічыць кіраўнік, што выпушчаная прадукцыя не залежваецца на складзе, а рытмічна рэалізуецца спажыўцам. На пастаўку кансерваванага гароху, кукурузы , іншых відаў прадукцыі заключаны 150 дагавораў.
Сярод станоўчага ў дзейнасці прадпрыемства варта назваць, што яно мае неблагую перспектыву. Гэтаму садзейнічае і праведзеная годам назад буйная мадэрнізацыя, а таксама добрая мясцовая сыравінная база. Ды і забяспечанасць працоўнымі рэсурсамі з’яўляецца не апошнім фактарам для станоўчага развіцця.
Сяргей БЕЛКА.