Запрашае “Матуліна хата”

DSC_1566Мой даўні прыяцель, харэограф-фалькларыст Мікола Котаў, які доўгія гады прцаваў у Тураве кіраўніком народнага ансамбля танца “Прыпяць”, а цяпер жыве ў Мінску, спачатку напісаў у рэдакцыю пісьмо, а затым пазваніў да мяне на кватэру і падзяліўся сваёй галоўнай творчай навінай. Аказваецца, яны з Сяргеем Страхам, які даўно і плённа працуе на нашай Жыткаўшчыне ў каларытным, надзвычай таленавітым гурце “Абібок”, напісалі песню “Матуліна хата”. Я чуў яе ў выкананні заслужанага прафесійнага калектыва, знакамітага ансамбля народнай музыкі “Бяседа”, але не знаў, што аўтары яе – мае землякі са спеўнай Тураўшчыны.

Песня прысвечана нашым дарагім матулям, а калі браць па вялікаму рахунку, то і Радзіме-маці. У ёй ёсць простыя, пранікнёныя словы:

Ласкі, кахання твайго ўсім хапала,

Ты ўсё змагла перажыць.

Шчыра дзяцей ты сваіх калыхала,

Бога маліла, унукам каб жыць.

І немудрагелісты прыпеў:

Маці, матуля, мама,

Слова няма даражэй.

Мама, матуля, мама,

Ты ўсіх на свеце мілей.

І вось яшчэ цікавая,  прыемная навіна. Як паведамляе артыст і харэограф Рыгор Кляйко, у сталічным мікрараёне Малінаўка пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва створаны ўнікальны фальклорны цэнтр, адзіны ў сваім родзе. Створаны не кімсьці для кагосьці, а самімі людзьмі, што тут жывуць, — для саміх жа сябе. Бо не могуць яны без роднай змалку песні сваёй зямлі. Не хочуць забываць мудрых і прыгожых традыцый продкаў, поўных глыбокага, сакральнага сэнсу, старадаўніх абрадаў, святаў, блізкіх душы.

Пад крылом вядомага ў Беларусі харэографа Міколы Котава, апантанага збіральніка і захавальніка неацэнных узораў народнай творчасці беларусаў – не на паперы, а ў рэчаіснасці – узнік, мацуецца і радуе людзей рознага ўзросту фальклорны тэатр “Матуліна хата”. Тут усё віруе жыццём і творчым настроем. У самадзейны, але высокага ўзроўню фальклорны калектыў цягнуцца жыхары з розных куткоў Беларусі, якія цяпер апынуліся ў горадзе, пераехалі на старасці год да дзяцей, унукаў.

Вядома, зараз на вачах пусцее, а то і знікае наша вёска, што спрадвеку была калыскай і носьбітам матчынай мовы і крынічнай, найбагатай і непаўторнай народнай культуры. І не страціць назаўжды незабыўныя скарбы, створаныя талентам і сэрцам адораных Богам папярэднікаў, перадаць іх дзецям, унукам і праўнукам – хіба не святая справа для ўсіх, хто дбае аб будучыні Радзімы?

Вось чаму так цешыць Міколу Котава і яго сяброў, што на вабны агеньчык у “Матуліну хату”, дзе ўвасоблена колішняя атмасфера, каларыт сялянскага жытла, шчодра аздобленага вышыўкамі вясковых майстрых, спяшаюцца і старыя, і маладыя, і дзеткі. Усім утульна, цёпла і цікава, усім хочацца быць не проста староннімі гледачамі, а і ўдзельнікамі спеўных праграм, тэатралізаваных дзействаў. На традыцыйныя маляўнічыя святы Калядаў, Вялікадня, Купалля, канцэрты-прысвячэнні збіраецца, здаецца, ледзь не ўвесь мікрараён. З вялікай ахвотай і любасцю ўдзельнікі калектыву ладзяць дабрачынныя канцэрты, фальклорныя святы для шаноўных ветэранаў вайны і працы, дзяцей-інвалідаў. Сваім мастацтвам і апантанасцю яны нясуць людзям святло і надзею, у адных абуджаюць памяць далёкіх гадоў, другім адкрываюць красу і чысціню векавых народных традыцый, без якіх сохне і чэзне душа. Ва ўсім, што робяць гэтыя быццам бы звычайныя жанчыны, хлопцы і дзяўчаты, чуецца гарачы покліч: “Дарагія людзі, памятайце бацькоўскі край, матуліну хату і той святы парог, адкуль вы пайшлі ў жыццё!”

…Вялікі аматар танца, знаўца народнай творчасці Мікалай Котаў ніколі не развітваўся з мастацкай самадзейнасцю. І калі ў 1964 годзе вярнуўся ў Тураў з Казахстана, дзе працаваў механізатарам у адным з цалінных калгасаў, яму выпала магчымасць ажыццявіць сваю даўнюю мару. У тагачасным гарадскім пасёлку Тураў, у суседніх вёсках Запясочча і Верасніца знайшліся здольныя самадзейныя артысты, зацікаўленыя ва ўзнаўленні народнай спадчыны, якой здаўна славіўся гэты старажытны край. Мікалай Конанавіч хадзіў па вёсках Тураўшчыны, назіраў, прыглядваўся да ўсяго, запісваў тыя ці іншыя элементы фальклору. Вось чаму ўсе рухі затым  артыстаў на сцэне, воклічы, напал – з глыбіні жыцця, з усяго бачанага, што праходзіла праз сэрца. І атрымліваўся ў выніку крыштальны мастацкі твор. Агністы, самабытны, поўны жыццёвай сілы танец. Згустак жыцця, яго свята, увасабленне душы народа… Так быў створаны танцавальны калектыў “Прыпяць”.

У 1974 годзе гэтаму гурту за дасягнутыя творчыя поспехі ў справе эстэтычнага выхавання працоўных, высокае выканаўчае майстэрства, актыўную канцэртную дзейнасць было прысвоена званне народны. Ён шырока прапагандаваў сваё майстэрства перад працаўнікамі раёна, з’яўляўся ўдзельнікам усіх абласных і рэспубліканскіх аглядаў-конкурсаў і фестываляў. Калектыў быў неаднаразовым удзельнікам міжнароднага фестывалю народнай творчасці “Сожскі карагод” і агляду-конкурсу харэаграфічнага майстэрства імя А. Рыбальчанкі. Творчая дзейнасць яго была адзначана шматлікімі граматамі і дыпломамі, каштоўнымі падарункамі.

Як вядома, у кожнага знакамітага калектыва ёсць, вобразна кажучы, свой куфэрак “залатога фонду”. У ансамбля “Прыпяць” гэты быў танцавальны нумар “Тураўская полька”. Танец стаў вяршыняй самабытнай творчасці гэтага славутага гурта. Ён увайшоў у залаты фонд беларускай сцэнічнай харэаграфіі, запісаны ў кнігу заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь С. Грабеншчыкова “Беларускія народныя танцы”. У канцэртных праграмах калектыва была прадстаўлена разнастайнасць беларускага танцавальнага фальклору, сюжэтна-гульневыя, беларускія народныя танцы і карагоды, танцы свайго рэгіёну “Крутуха”, “Вясельная”, “Полька-весялуха”, “Кракавяк”, “Лявоніха”, “Кондараўская гулянка” і многія другія.

У 2013 годзе ансамбль пацвердзіў званне народнага, прыняў удзел у трэцім абласным аглядзе-конкурсе харэаграфічнага мастацтва. У мінулым годзе адзначыў сваё 50-годдзе. І тым не менш Мікола Котаў, як бачым, не збіраецца спачываць на лаўрах нават у Мінску. Яму мала паветра без танцаў, песень, без свайго бубна, без “Матулінай хаты”…

Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.