Улетку жыхары вёскі Мілевічы сутыкнуліся з праблемай адсутнасці вады

водаУлетку жыхары нашай вёскі сутыкнуліся з праблемай адсутнасці вады. Раней цэнтральная вежа задавальняла патрэбы ўсіх жыхароў. З цягам часу аскуднела крыніца. А калі гаварыць, што гэта лета, спёка і ўсё вакол патрабуе вады – то гэта ўжо двайная праблема. Вады можна было набраць толькі ўначы, а праз тыдзень і тое прапала.
Трывогу забілі ўсе: як жа такая вялікая вёска ды без вады!? А тыя адзінкавыя калодзежы, у якіх была вада, пасля першых візітаў заставаліся сухімі. З-за анамальнай спёкі вада не ўзнаўлялася. Куды з раніцы не зойдзеш – адна гаворка пра ваду. Адгукнуліся на нашу праблему і прадстаўнікі раённай улады, за што ім вялікі дзякуй ад усіх жыхароў. І ў хуткім часе вялікая брыгада бурыльшчыкаў рэспубліканскага ўзроўню пачала шукаць у нас ваду. Штодня, адкручваючы кран, мы з хваляваннем чакалі такой патрэбнай, смачнай і на той дзень самай неабходнай вадкасці. Але работы зацягнуліся амаль на 2 тыдні. Сіноптыкі дажджу не абяцалі, і ўсё ціхенька засыхала, гінула. І Бог забыў пра нас, гаварылі бабулькі. І вось вырашылі яны зрабіць ранейшы абрад падкопвання ляснога калодзежа. Прычым гэта павінна была зрабіць самая старая жыхарка вёскі. Маладыя хлопцы запрэглі каня і ўсё зрабілі, як прасілі таго знаўцы. І пайшоў дожджык, але пасля такой спёкі ён толькі пыл прыбіў.
Жыву я непадалёк ад таго месца, дзе знаходзіцца вежа і дзе працавалі бурыльшчыкі. Іх прыстасаванні і машыны працавалі і ўдзень, і ўначы. А калі яшчэ сказаць, што бясконца да іх хадзілі і старыя, і маладыя распытаць “калі” “ды што”, то тут, напэўна, яшчэ большае месца адыграў чалавечы фактар.
Як адчуўшыя на сабе гэтую праблему, па-свойму ацаніўшыя значнасць штодзённага, абыдзеннага існавання, вучні 10, 11 класаў атрымалі заданне: паразважаць, чаму без вады і не туды, і не сюды.
Паспрабуем разабрацца.
Вада – крыніца жыцця. Усё жывое нашай зямлі бярэ не толькі пачатак ад вады, але і выжывае дзякуючы ёй. Не маючы колеру, смаку і паху, яна ўсё ж-такі з’яўляецца важнейшай людской каштоўнасцю. “Нельга сказаць, што ты неабходна для жыцця: ты – само жыццё. Ты самае вялікае багацце на свеце,” – пісаў А. де Сент-Экзюперы. Вада паўсюль вакол нас – у вадаёмах і пад зямлёй, у лісці травы, ствалах дрэваў, кроплях дажджу… Без вады немагчыма вырасціць ураджай і трымаць хатнюю жывёлу. Менавіта таму нашы продкі сяліліся выключна каля рэк і азёраў, капалі студні, шанавалі дождж і нават прыносілі ахвяры багам у час засухі. Інакш яны не маглі, бо магчымасць выжыць знікала. Ведаеце, разважаю і думаю: як тут не прыгадаць гераічны Брэст, а менавіта адзін з помнікаў мемарыяльнага комплекса “Смага.” Кожны, хто хоць аднойчы там пабываў, яшчэ раз упэўніцца ў жыццёва неабходнай каштоўнасці вады. Калі б у абаронцаў Брэсцкай крэпасці была вада, то магчыма многія б і выжылі.
Ідзе час, свет змяняецца, а кошт такой простай на першы погляд вадкасці застаецца ранейшым. Толькі мы, людзі, перастаём заўважаць гэта.
Вада неабходна. Яна патрэбна ўсюды: у побыце, сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Вада неабходна арганізму ў большай ступені, чым усё астатняе, за выключэннем кіслароду. Без вады немагчыма асабістая гігіена: мыццё, цёплая ванна і плаванне, што прыносіць адчуванне бадзёрасці і спакою.
Нашы продкі шанавалі царкоўную свяцоную ваду, на Вадохрышча ныралі ў палонку з адчуваннем нейкай каштоўнасці вады, яе лячэбных уласцівасцей. Памятаю, як у дзяцінстве маці вадзіла мяне да бабулькі, каб тая нашаптала на ваду і пазбавіла тым самым ад заікання. Тады, у дзіцячыя гады, было адчуванне, што вада жывая, мае нават свой характар. Зараз я маю досвед, што навукоўцы высветлілі, нібыта ў вадзе есць набор храмасом, якія могуць несці інфармацыю. Значыць, усе ж-такі нашы продкі мелі рацыю, не проста так і з’явіліся такія вераванні ва ўласцівасці вады.
У нашы дні, на маю думку, праблема забруджвання вады вельмі актуальная, бо зараз людзі забываюць усім вядомае выслоўе “вада – гэта жыццё”. Мы не прывыклі эканоміць ваду, можам адкрыць кран і выліць вады больш, чым нам патрэбна. А дзесьці ў Афрыцы людзі штодня праходзяць па некалькі кіламетраў да калодзежа, каб напаіць сваю сям’ю. Без вады чалавек не можа пражыць больш трох сутак, але, нават разумеючы ўсю важнасць ролі вады ў яго жыцці, ён усе адно працягвае наносіць шкоду водным аб’ектам, беззваротна змяняючы іх натуральны рэжым адходамі.
Вада наогул шматгранная. Вывучаючы школьныя прадметы, я даведалася аб уласцівасцях і каштоўнасці вады. Географы сцвярджаюць, што больш за 70% Зямлі пакрыта воднай абалонкай. Чалавек, ды і амаль усё жывое, складаецца на 65% з вады; страваванне становіцца магчымым толькі тады, калі ежа набывае водарастваральную форму, чытала я, вывучаючы біялогію. Астраномы ўпэўнены, шко калі на іншых планетах існуе вада, значыць там ёсць і жыццё. А з хіміі мне вядома, што вада – універсальны растваральнік і найбольш актыўны элемент. І калі нейкія рэчывы ў ёй не раствараюцца, то гэта для жыццядзейнасці чалавека не зусім спрыяльна.
Хочацца звярнуцца да кожнага свядомага грамадзяніна: ашчадна адносцеся да таго, што дала нам прырода. Трэба памятаць, што такое звычайнае рэчыва, як вада – неацэненны скарб, якому мы абавязаны існаваннем.
М. КАТОВІЧ,
вучаніца 10 класа Мілевіцкага дзіцячага
сада-сярэдняй школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.