За апошнія гады значна папрыгажэлі аб’екты культуры Жыткавіцкага раёна
У тым, што за апошнія гады значна папрыгажэлі аб’екты культуры раёна, несумненна ёсць вялікая заслуга спецыялістаў гаспадарчай групы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
У гэтай структуры раённага аддзела працуе трынаццаць чалавек — інжынеры, вадзіцелі, рабочыя. Менавіта яны сваім прафесіяналізмам ствараюць камфортныя ўмовы для працы творчых работнікаў, удзельнікаў самадзейных мастацкіх калектываў і аматарскіх аб’яднанняў. Заўсёды прыемна заходзіць у клубную ўстанову, дзе цёпла, прыгожа і ўтульна.
— Да работы ўстаноў у зімовы перыяд праведзена вялікая праца, — расказвае інжынер гаспадарчай групы Наталля Гузарэвіч. — Адладжаны сістэмы ацяплення, падвозіцца паліва, зроблены пашпарты гатоўнасці на кацельні. Увогуле нашы спецыялісты ў гэтым годзе папрацавалі і вельмі зладжана.
Сапраўды, на многіх аб’ектах давялося пашчыраваць рабочым вышэйзгаданай структуры. Вялі яны рамонты ў клубных установах такіх населеных пунктаў як Чырвоны Бор, Чырвонае, Людзяневічы, Ляхавічы, Хачэнь, Лагвошчы і многіх іншых. І кожны від іх дзейнасці быў дэталёва спланаваны. У вадзіцеляў структурнага падраздзялення аддзела таксама свае клопатныя абавязкі. Яны возяць артыстаў на канцэрты, аб’екты, дзе вядуцца рамонты, дастаўляюць будаўнічыя матэрыялы і рабочых. Адным словам, гаспадарчая група аддзела культуры працуе як адзін добра адладжаны механізм.
Арганізуе работу гаспадарчай групы яе кіраўнік Надзея Звяздзіліна. Дзясятак гадоў яна працуе на гэтай клопатнай пасадзе. Надзея Міхайлаўна ў сваёй справе з’яўляецца чалавекам вельмі дасведчаным, таму многія праблемы ўстаноў культуры вырашаюцца гаспадарчым спосабам, уласнымі сіламі. Да кожнага пытання яна падыходзіць адказна, гэтага ж патрабуе і ад падначаленых. Хаця апошнія таксама вызначаюцца высокім прафесіяналізмам і добрымі адказнымі адносінамі да даручанай справы. Вось так сваімі паўсядзённымі клопатамі спецыялісты гаспадарчай групы ўносяць свой уклад у творчыя здабыткі культурнай галіны раёна.