Днямі ў магазіне “Южный” Жыткавіцкага раённага спажывецкага таварыства давялося бачыць з’яву, неўласцівую гандлёвай кропцы
Сярод паліц з таварамі размясціліся сталы, на якіх у шырокім асартыменце стаялі талеркі з нарэзанымі каўбасамі, сырам, акрайчыкамі хлеба і печыва, налітымі ў стаканчыкі малаком, сокам, смятанай, іншымі напіткамі, раскладзенымі цукеркамі і салодкімі ласункамі. Усё гэта прапаноўвалася пакаштаваць наведвальнікам крамы, якіх у той дзень сюды прыйшло намнога болей звычайнага. Як аказалася, сталы накрылі буйнейшыя вытворцы прадуктаў харчавання Гомельскай вобласці, каб падчас выставы-дэгустацыі жыткаўчане змаглі ацаніць па розных якасцях іх прадукцыю.
Дзякуючы таму, што на запрашэнне райвыканкама адгукнуліся ўсе прадпрыемствы вобласці, выстава атрымалася даволі прадстаўнічай. Знаёмілі са сваімі вырабамі гараджан і гасцей спецыялісты Калінкавіцкага, Гомельскага, Жлобінскага мясакамбінатаў, Мазырскага, Калінкавіцкага і Рагачоўскага малочных камбінатаў, Калінкавіцкага камбіната хлебапрадуктаў і кандытарскай фабрыкі “Чырвоны мазыранін”. І хаця са сваёй прадукцыяй гэтыя перапрацоўшчыкі на рынку раёна прысутнічаюць даўно і паспяхова, усё ж скарысталіся нагодай, каб у чарговы раз бліжэй пазнаёміць патэнцыйных спажыўцоў са сваімі вырабамі. Прычым, як было прадэманстравана на выставе, асартымент апошніх пастаянна прырастае новымі прадуктамі, паляпшаюцца іх смакавыя якасці і таварны выгляд. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Палтаран, важна, каб вытворцы самі актыўней ішлі да сваіх спажыўцоў, прапаноўвалі тое, што вырабляюць.
— Спалучэнне цаны і якасці — вось той прынцып, які дазваляе тавару паспяхова канкурыраваць у гандлёвай сетцы з іншымі, — выказаў сваю думку Аляксандр Віктаравіч. — Будзе гэта вытрымлівацца перапрацоўшчыкамі, значыць і попыт на іх прадукцыю складзецца адпаведны.
Агляд экспазіцый паказаў, што ў вырабнікоў прадуктаў харчавання Гомельшчыны ёсць выдатныя шанцы яшчэ больш узмацніць свае пазіцыі на спажывецкім рынку нашага рэгіёна. Удзельнікі мерапрыемства, а гэта ў асноўным кіраўнікі гандлёвых прадпрыемстваў раёна, у тым ліку і прыватных, не толькі вывучалі асартымент прадукцыі, ацэньвалі яе смакавыя якасці, але і жыва цікавіліся ўмовамі яе пастаўкі і аплаты, выказвалі свае прапановы наконт наладжвання супрацоўніцтва. Так, паступова выстава ператварылася ў дзелавую пляцоўку для зацікаўленых партнёраў. Многія кіраўнікі гандлёвых арганізацый скарысталіся магчымасцю і заключылі з прадстаўнікамі камбінатаў дагаворы на новыя пастаўкі прадукцыі. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Палтаран, менавіта ў тым і карысць такіх мерапрыемстваў, што і пастаўшчыкі, і іх спажыўцы ўзмацняюць сваё супрацоўніцтва, што для нас, радавых пакупнікоў, выліваецца ў пашырэнне асартыменту тавараў на гандлёвых паліцах. Тым больш што па якасці і цане вырабы мяса-малочных камбінатаў вобласці не саступаюць ні іншым айчынным вытворцам, ні замежным. А праведзеная выстава-дэгустацыя ў магазіне “Южный” засведчыла, што ў людзей запыты на тавары гомельскіх вытворцаў будуць узрастаць толькі тады, калі апошнія пойдуць насустрач пакупнікам.
Сяргей Белка.