Дзесяцігадовы юбілей адзначылі ў жыткавіцкай бальніцы сястрынскага догляду
Напярэдадні новага года і Каляд у персанала і пацыентаў Жыткавіцкай бальніцы сястрынскага догляду надарылася вялікая нагода для яшчэ аднаго свята. Прайшло дзесяць гадоў як гэтая медыцынская ўстанова прыняла першых жыхароў. Юбілей свайго другога дома адзначалі разам са шматлікімі гасцямі дружнай вялікай сям’ёй.
Шырокі святочны стол з рознымі прысмакамі заняў амаль палову невялічкай залы бальніцы сястрынскага догляду. Пакой прыгожа аздоблены рознакаляровымі шарамі, гірляндамі і агеньчыкамі. Бляск апошніх асвятляў узнёслыя і адначасова радасныя твары людзей, якія сядзелі ў зале. І медработнікаў, і іх пацыентаў разам сабрала тут юбілейная дата ўстановы, дзе яны працуюць і пражываюць. Калі ж да гаспадароў гэтага дома міласэрнасці пачалі збірацца госці, то ўжо ў напалову занятым пакоі стала нават цеснавата. Але гэта менавіта той выпадак, калі кажуць: у цеснаце ды не ў крыўдзе. Таму што ўсе сабраліся, каб выказаць удзячнасць спагадзе, душэўнай цеплыні, міласэрнасці, сардэчнасці, а таксама прафесіяналізму тых людзей, каму ўласцівыя гэтыя якасці.
Сапраўды, на ўрачыстасці шчырыя словы ўдзячнасці, так бы мовіць, ліліся ракою. І гэта невыпадкова, бо калектыву ўстановы за вынікі сваёй дзейнасці можна ганарыцца. І гэта добра адчувалася на свяце, калі выступоўцы ўспаміналі і пра першыя крокі бальніцы, і пра цяперашні яе дзень. І тыя дзесяць гадоў, што прайшлі з дня заснавання Жыткавіцкай бальніцы сястрынскага догляду, былі насычаны мноствам добрых спраў. Магчыма, у нейкай ступені роўных подзвігу. Дваццаць пятае снежня 2005 года. Гэтая дата для бальніцы сястрынскага догляду з’яўляецца адпраўным пунктам у яе гісторыі, але разам з тым і пачаткам плённай працы калектыву. Успомнілі пра гэта на мерапрыемстве справядліва, бо медработнікі з вышэйазначанага дня на ўсю моц шчыравалі, каб стварыць прыстойныя ўмовы для будучых пацыентаў. Усе добра разумелі, што жыць тут будуць людзі, лёс да якіх быў не вельмі міласэрным. У будынку закрытага тубдыспансера мядсёстры, санітаркі па дванаццаць гадзін у суткі фарбавалі, клеілі шпалеры, расстаўлялі мэблю ў пакоях. А ўжо трыццаць першага снежня бальніца прыняла свайго першага жыхара.
Як адзначыў галоўны ўрач Жыткавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Канстанцін Грамак, прыкладваліся ўсе намаганні, каб у новай установе стварыць па-сапраўднаму дамашнія ўмовы. І гэта ўдалося. Цяпер Жыткавіцкая бальніца сястрынскага догляду па-праву лічыцца адной з лепшых у вобласці. Вялікая ў гэтым заслуга Ніны Махнач, якая на працягу сямі гадоў спалучала абавязкі старшай медсястры і загадчыка ўстановы. Ніна Іванаўна адразу праніклася спагадай да бабулек і дзядуль, старалася рабіць так, каб яны не адчувалі сябе абяздоленымі, пакінутымі. Пры ёй умацоўвалася матэрыяльная база бальніцы, ва ўстановы з’явілася шмат сяброў, якія працягвалі руку дапамогі пацыентам па просьбе медработніка. Па ініцыятыве Махнач ва ўстанове бабулькі актыўна заняліся дыкаратыўна-прыкладной творчасцю, для іх ладзілася шмат розных мерапрыемстваў. Нездарма старыя людзі называюць Ніну Іванаўну сваёй другой мамай. Вось у такіх карысных справах складваўся калектыў установы, мацаваліся яго духоўныя і прафесійныя якасці. Канечне, усё гэта адбылося з дапамогай сяброў, кіраўніцтва Жыткавіцкай ЦРБ, райвыканкама, якія з кожнай нагоды наведваліся ў бальніцу сястрынскага догляду, каб падтрымаць яе пастаяльцаў. І ў юбілейны дзень установы яны таксама не пакінулі па-за ўвагай такую знамянальную дату. Старшыня райсавета Ніна Рамановіч, начальнікі фінансавага аддзела райвыканкама Наталля Купрацэвіч, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Наталля Макарэвіч, галоўны ўрач УЗ “Жыткавіцкая ЦРБ” Канстанцін Грамак знайшлі ў сваім шчыльным рабочым графіку час, каб выказаць удзячнасць медработнікам бальніцы сястрынскага догляду за іх высакародную дзейнасць. Кіраўнікі не скупіліся не толькі на шчырыя добрыя словы ў адрас калектыву, але і падмацоўвалі іх падарункамі, ганаровымі граматамі. І такой пашаны заслужылі, вобразна кажучы, старажылы бальніцы, якія з першых дзён сумленна і старанна выконваюць свае паўсядзённыя абавязкі. Не прамінуў гэта адзначыць у сваёй прамове і загадчык бальніцы сястрынскага догляду, урач Мікалай Бабенка, які з гонарам адзываўся аб сваіх падначаленых, упэўнена гаварыў, што з такімі спецыялімстамі можна звярнуць горы. Хаця і адзначыў Мікалай Мікалаевіч, што справа ў яго калектыву даволі нялёгкая ў эмацыянальна-псіхалагічным плане, бо акрамя непасрэдных хвароб неабходна лячыць яшчэ і душэўныя раны пацыентаў. А гэта намнога складаней.
На ўрачыстасці гэта праявілася вельмі яскрава. Сапраўдны эмацыянальны ўзрыў у прысутных на свяце выклікаў ліст , што бабулі і дзядулі напісалі працаўнікам бальніцы, у якім дзякавалі за ўсе клопаты пра іх. А яшчэ словы са слязамі на вачах і падарункі, якія набылі за апошнія грошы, каб выказаць сваю павагу людзям у белых халатах за добрасумленную працу.
Сапраўдным дыяментам вечарыны стала выступленне народнага самадзейнага калектыву аматараў музыкі і песні “Вечарына”, таксама даўняга сябра бальніцы сястрынскага догляду. Як ніколі шчодра артысты дзяліліся з гледачамі сваім талентам і майстэрствам. Песні, якія яны выконвалі, пранізвалі і сагравалі сэрцы і душы, бо менавіта ішлі ад іх і спяваліся ў гонар дабрыні, спагады і міласэрнасці. А іх за дзесяць гадоў у Жыткавіцкай бальніцы сястрынскага догляду накоплена вельмі многа. І гэты запас толькі прырастае.
Сяргей БЕЛКА.