Жыла-была на Жыткаўшчыне вёска Харлін…
Успамінаецца дзяцінства і позняя, задуменная, ціхая восень. Статкі кароў – калгасных і людскіх – яшчэ выганяюць на пашу. Сёння наша чаргоўка. Бацька чамусьці вырашыў пасвіць наш статак (у нас казалі “тавар”) не ў Залессі і Белічах, як звычайна, не на Балонні, а падганяе рагуль зусім у іншым накірунку, па Случы супраць яе цячэння, берагам, што вядзе ў Арахоўню. Праз некалькі гадзін статак забрыдае ў адну з прыгожых тут, маляўнічых мясцін, што паміж вёскай Загацце і рэчкай Случ.
– Некалі тут была вёска Харлін, – кажа бацька.
…Як вядома, беларусы, як народнасць, сфарміраваліся на той тэрыторыі, дзе яны жывуць і сёння. Шматвяковы працэс складвання беларускай народнасці праходзіў ва ўмовах самых цесных кантактаў з іншымі плямёнамі, якія таксама жылі на гэтай тэрыторыі. Вядомы выпадкі перасялення на нашы землі людзей з суседніх Рускай дзяржавы, Украіны, Польшчы, сучаснай тэрыторыі Літвы і Латвіі, добраахвотнага запрашэння на вайсковую службу ці захопу ў палон татараў. Усе гэтыя дэмаграфічныя працэсы, якія мелі месца ў далёкім мінулым, добра адбіліся ў беларускай тапаніміі. У ёй ёсць назвы-этнонімы, якія падкрэсліваюць, што некалі на беларускую зямлю па самых розных прычынах траплялі і сяліліся германскія плямёны. Прадстаўнікі гэтага этнасу, пасяляючыся на беларускай зямлі, прыносілі сюды свае навыкі вытворча-прафесійнай дзейнасці, што добра засведчана ў беларускай тапаніміі.
У нашай мясцовасці непадалёку ад вёскі Загацце ёсць мясціна, якая носіць назву Харлін. Зараз на гэтым месцы пасаджаны лес, раней было калгаснае поле, а яшчэ раней – вёска Харлін. Тут жылі нямецкія сем’і, прымусова прывезеныя сюды яшчэ ў час Першай сусветнай вайны. У перакладзе з нямецкай мовы слова herrlich абазначае “цудоўны”. А месца тут і сапраўды цудоўнае і зручнае. Побач рэчка, лес. Здаўна немцы праяўлялі інтарэс да беларускага лесу, вялі яго высечку, апрацоўку, сплаў па рэках.
Ёсць яшчэ адна версія пахо-джэння назвы вёскі Харлін. У перакладзе з нямецкай мовы слова herr – мужчына, а lein – лён. Немцы на Харліне вырошчвалі лён, і гэтай працай займаліся мужчыны, а жанчыны – хатняй гаспадаркай. З успамінаў беларусаў, якія таксама пражывалі на Харліне, вынікае, што калі мужчыны з нямецкіх сем’яў не спраўляліся з работай у полі, то жанчын да работы не прыцягвалі, а наймалі работнікаў з мясцовага насельніцтва.
Магчыма, яшчэ адна назва Рум каля ракі Случ мае нямецкі корань. У іх мове ёсць слова Rumpf, што ў перакладзе на беларускую мову абазначае “касцяк, каркас, штабель”.
Паліцэйскі ўраднік 12-га ўчастка Абрамаў у маі 1896 года паведамляе, што хутар Харлін знаходзіцца на зямлі ўладальніка маёнтка Ленін, на рацэ Случ, пры прасёлачнай дарозе, якая вядзе з мястэчка Ленін у вёску Вільча. Паселішча мае 12 дваровых месцаў, мужчынскага полу 46 душ, з іх падданых Германіі – 32, жаночага полу – 51 душа, з якіх падданых Германіі – 24. Існавала нямецкамоўная школа.
На Харліне пражывалі сем’і Зайда, Курц, Фіцнер, Маркварт, Нікель. Усе гэтыя сем’і ў 1938 годзе былі перавезены ў Загацце і Вільчу, а некаторыя выехалі на жыхарства ў Жыткавічы. Да сённяшняга часу існуюць могілкі на месцы былой вёскі Харлін, дзе пахаваны немцы, іх так і называюць – нямецкія могілкі. У час Вялікай Айчыннай вайны, як расказваюць старажылы, Зайда Тыня дапамагала партызанам – пякла для іх хлеб. Калі немцы ў час Вялікай Айчыннай вайны адступалі, то нямецкія сем’і з Харліна прымусова адпраўлялі на гістарычную радзіму. У 1945 годзе гэтыя сем’і вярнулі назад на тэрыторыю Савецкага Саюза. Але іх, як ворагаў народа, выслалі ў Сібір і за Урал.
Давайце паслухаем галасы-ўспаміны тых, хто меў дачыненне да вёскі Харлін.
Вера Васільеўна Мыскіна (Кулакевіч), 1933 года нараджэння:
– Я нарадзілася на Харліне. З успамінаў маці Алены Кулакевіч ведаю, што ў 1937 годзе па рашэнні ўладаў і ў сувязі з калектывізацыяй усіх жыхароў Харліна перасялілі ў Загацце і Вільчу. Мы перавезлі свой дом у Загацце. Сюды пераехалі і сем’і Курц і Зайда. Сям’я Фіцнер пераехала ў Вільчу. Яшчэ адна сям’я Фіцнер (родныя браты) пераехалі ў Жыткавічы, сям’я Нікель – на Украіну. Акрамя нашай сям’і, на Харліне яшчэ жылі сем’і беларусаў, гэта Шчур і Канапацкі, яны ў 1937 годзе пераехалі ў Вільчу.
Мясцовы калгас “Чырвоны памежнік“ на Харліне засяваў палі жытам, буракамі, кукурузай, бульбай. Маці расказвала, што жыццё нямецкіх сямей мала чым адрознівалася ад нашых. Але ў іх на палетках працавалі толькі мужчыны. Наймалі нас, калі самі не ўпраўляліся з работай. Нямецкія жанчыны ў полі не працавалі, яны займаліся ў асноўным хатняй гаспадаркай. Між сабой размаўлялі на нямецкай мове, а з намі – на нашай. Вельмі добра да нас ставіліся.
Нямецкія мужчыны разам з нашымі займаліся высечкай лесу. Побач з Харлінам ёсць месца пад назвай Рум. Гэта побач з рэчкай Случ. Туды яны звозілі бярвенні, складвалі ў штабелі, а затым па рацэ сплаўлялі, мабыць, на Украіну. Гэтым яны і жылі. Помню, што мы хадзілі ў лапцях, а яны насілі нейкі драўляны абутак, які рабілі самі.
Міхаіл Андрэевіч Савіцкі,
1940 года нараджэння:
– Пачатак Вялікай Айчыннай вайны я не памятаю, а вось старшы брат Андрэй крыху помніў. Ён расказваў, што калі пачалася вайна, то бацька прыбег дадому, зняў са сцяны паляўнічую стрэльбу і хацеў застрэліць маці толькі таму, што яна немка. А ў чым яна вінаватая? Добра, што падбеглі суседзі і адабралі ружжо.
Бацька быў старшынёй калгаса, камуністам. У час вайны – камандзір партызанскага атрада, які ўваходзіў у злучэнне В. Каржа. Мы з братам і маці таксама былі ў партызанскім атрадзе да канца 1943 года. Разам з усімі перажылі блакаду, жылі ў балотах. Пасля вызвалення Беларусі жылі ў вёсцы Лахва Лунінецкага раёна, куды бацьку прызначылі старшынёй сельсавета. Мая маці Марыя (мясцовыя жыхары звалі яе Марыхна, мабыць, так гучала імя Марыя на нямецкай мове) – стрыечная сястра Берты, Іды, Мілі, Густы Зайда. Тыня Зайда была роднай цёткай маёй маці. Яна дапамагала партызанам – пякла для іх хлеб.
Аднойчы партызаны прыйшлі па хлеб, і калі яны знаходзіліся ў хаце, то пад’ехалі немцы. Тыня схавала партызан на гарышчы. А немцаў прыняла ў хаце, накарміла іх, паразмаўляла з імі на нямецкай мове. Калі чужынцы паехалі, то партызаны злезлі з паддашка, забралі хлеб і пайшлі ў лагер. За хлебам звычайна прыходзілі ноччу. А дзякуючы Тыне, немцы не спалілі Загацце, як, напрыклад, суседнія вёскі Поўчын і Граду.
Роня Данілаўна Асадчук,
1931 года нараджэння:
– Зіма 1944 года. Немцы адступалі і асабліва лютавалі. Забіралі моладзь і нават цэлыя сем’і гналі ў рабства. Сярод іх была і наша сям’я. Гналі нас пяшком з Браніслава да Жыткавіч. Пасадзілі ў таварныя цягнікі і адправілі ў бок Лунінца. У нашым вагоне ехала сям’я з Харліна. Іх вярталі на гістарычную радзіму і везлі гвалтоўна. Яны добра размаўлялі між сабой на нямецкай мове, а з намі – на беларускай. Гэта была сям’я Зайды Тыні. Яе дочак звалі Густа, Міля, Берта, Іда. Апошняя з іх была замужам за нашым беларусам з вёскі Загацце Міхаілам Канапацкім. Яна была цяжарная і вельмі не хацела ехаць у невядомы свет.
Калі мы праязджалі праз раку Случ, то Іда падышла да нямецкага канваіра і сказала яму нешта на іхняй мове. Магчыма, папрасіла яго адчыніць дзверы, бо ў вагоне было вельмі душна. І выскачыла ў гурбу снегу. Немец пачаў страляць, але Іда ўцякла. Дабралася да Загацця, дзе і жыла пасля вайны. Астатніх павезлі ў Германію. Мне тады было 13 гадоў.
…Вы чуеце, як летнім вечарам на ўскрайку Вільчы раздаецца дружны пошчак драўлянага абутку? Гэта немцы з вёскі Харлін ідуць у мясцовы клуб на танцы…
С. КУЛАКЕВІЧ.