Жывёлаводы Жыткавіцкага раёна здолелі прыбавіць вытворчасць як малака, так і мяса
Мінулы год для жывёлаводаў раёна склаўся даволі нядрэнна. Яны здолелі прыбавіць і па вытворчасці як малака, так і мяса. За прайшоўшы год валавы надой па раёну склаў 40534,1 тоны, а прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы атрымана 4572,9 тоны, што адпаведна на 122,8 і 109,7 працэнта болей чым за 2014 год.
Значна за мінулы год прыбавілі працаўнікі ферм і па надою ад адной каровы. Велічыня гэтага паказчыка – 4815 кілаграмаў, прыплюсаваўшы на 827 кілаграмаў у параўнанні з папярэднім перыядам. Калі браць гэты вытворчы здабытак у разрэзе гаспадарак, то атрымліваецца наступны малюнак. У разліку ад адной каровы больш за пяць тон малака летась надаілі аператары машыннага даення акцыянернага таварыства “Тураўшчына” і КСУПа “Бялёў”. У першай гаспадарцы гэты паказчык складае 5636 кілаграмаў, у другой – 5001. Жывёлаводы “Тураўшчыны” забяспечылі і самы высокі прырост малочнай прадукцыі ў раёне – 1381 кілаграм.
Тры гаспадаркі : ААТ “Людзяневічы”, КСУП”Коленскае” і ААТ “Прыазёрскае-Агра” па надою малака ад каровы значна пераадолелі надой у чатыры тоны. Працоўны здабытак людзяневіцкіх жывёлаводаў за мінулы год складае 4769 кілаграмаў малака, коленскіх – 4629 і “прыазёрцаў” – 4257 кілаграмаў. Радуе тое, што ва ўсіх гэтых сельгаспрадпрыемствах па надою змаглі дабіцца значных плюсаў, – у ААТ “Людзяневічы” – 639 кілаграмаў, у ААТ “Прыазёрскае-Агра” – 563, у КСУПе “Коленскае” – 327 кілаграмаў.
Самыя ж нізкія надоі ў разліку на адну карову маюць працаўнікі ААТ “Дзякавічы” 3416 кілаграмаў і КСУПа “Чырвоны Бор” – 3160 кілаграмаў. Хаця апошнія і здолелі за прайшоўшы год падрасці па надою на 453 кілаграмы.
Найбольшы ўнёсак у грамадскі бідон зрабілі жывёлаводы акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. Валавы надой па гэтай гаспадарцы атрыманы ў памеры 18594,8 тоны, што складае 135,8 працэнта да года папярэдняга). Сярод іншых гаспадарак на агульнараённы вынік найбольш плённа спрацавалі аператары машыннага даення акцяыянерных таварыстваў “Прыазёрскае-Агра” (6275,4 тоны надоенага малака – 114,2 працэнты), “Людзяневічы” (4683 тоны – 118,9 працэнта) і КСУПа “Коленскае” (5082,5 тоны малака – 108,2 працэнта). Валавы надой па КСУПах “Чырвоны Бор” і “Бялёў” адпаведна за мінулы год склаў 3182,6 тоны (116,9 працэнта) і 2630,4 тоны (107,2 працэнта).
Сярэднясутачныя прывагі на вырошчванні буйной рагатай жывёлы атрыманы ў памеры сямсот грамаў з прыбаўкай да 2014 года 18 грамаў. Вышэй за сярэднераённы паказчык спрацавалі жывёлаводы чатырох гаспадарак: ААТ “Тураўшчына” (708 грамаў). ААТ “Прыазёрскае-Агра” (710 грамаў), ААТ “Людзяневічы” (711 грамаў) і КСУПа “Коленскае” (716 грамаў). У чатырох гаспадарках: “КСУПах “Бялёў”, “Чырвоны Бор”, ААТ “Дзякавічы” і РСУП “Агра-Ляскавічы” аддзяленне “Хлупін” мясцовыя працаўнікі атрымалі на вырошчванні жывёлы сярэднясутачныя прывагі менш сяміста грамаў. Акрамя акцыянернага таварыства “Тураўшчына” , дзе атрыманы на вырошчванні маладняку адвес у дваццаць дзевяць грамаў, усе астатнія сельгаспрадпрыемствы па гэтым паказчыку сплюсавалі. Дарэчы, па валаваму паказчыку на вырошчванні буйной рагатай жывёлы ў працэнтных суадносінах прыбаўку атрымалі ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна. Найбольш значны прырост тут забяспечылі ў ААТ “Людзяневічы”, КСУПах “Бялёў” і “Коленскае”, адпаведна 123,6, 119,4 і 113,2 працэнта.
Пачатак бягучага года для работнікаў жывёлагадоўчай галіны рэгіёна таксама адзначыўся ростам у вытворчасці прадукцыі. Таму маецца верагоднасць, што свае леташнія паказчыкі яны здолеюць намнога палепшыць.