Нямала поспехаў спадарожнічала ў мінулагодняй дзейнасці калектыву Жыткавіцкай раённай ветэрынарнай станцыі
На цяперашні час у ім налічваецца сорак дзевяць спецыялістаў. Нядаўна яны сабраліся разам, каб абмеркаваць свае леташнія дасягненні, вызначыць план дзеянняў на бягучы перыяд.
Прысутнасць на сходзе ветэ-рынараў начальніка гэтага ведамства Мікалая П’яўко, спецыялістаў райсельгасхарчу Рыгора Кронды і Надзеі Рамановіч, а таксама наяўнасць букетаў у зале і радасныя ўсмешкі супрацоўнікаў сведчылі, што на мерапрыемстве ўвага будзе скіравана не толькі на вытворчыя здабыткі жыткавіцкіх Айбалітаў, але яшчэ маецца адбыцца нейкая дзея, якая адыгрывае не менш важную і значную ролю ў жыцці вялікай і працавітай сям’і лячэбнай установы. Так яно і атрымалася. Сход пачаўся з віншаванняў, якія былі адрасаваны вядучаму ветэрынарнаму ўрачу-эпізатолагу Мікалаю Чарнушэвічу з нагоды яго шасцідзесяцігадовага юбілею. Аказаная пашана спецыялісту і кіраўніцтвам райсельгасхарчу, і кіраўніцтвам, і калектывам ветэрынарнай станцыі з’яўляецца яскравым прыкладам, пачэсная і старанная праца, высокі прафесіяналізм абавязкова павінны быць аддзячаны. З такіх людзей і Мікалай Чарнушэвіч. Яго працоўны стаж у ветэрынарнай службе раёна складае 38 гадоў. Шмат сіл аддадзена абранай справе. Ветэрынарам Мікалай Міхайлавіч стаў, бяручы прыклад з маці, якая працавала таксама ў гэтай структуры санітаркай. Многім з цяперашніх маладых супрацоўнікаў ветстанцыі Чарнушэвіч сваімі карыснымі парадамі аказаў дзейсную дапамогу ў прафесійным станаўленні. Таму надзвычай цёплымі і шчырымі былі віншаванні і пажаданні юбіляру. Ганаровай граматай, якую ўручыў начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко, былі адзначаны яго працоўныя заслугі. Несумненна, што такі ўрачысты ўступ на агульным сходзе станоўча адбіўся і на далейшым яго ходзе, ва ўсіх панаваў толькі добры настрой. І для гэтага таксама былі важкія падставы. Па словах галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Сяргея Ярмаша, калектыў ветстанцыі спрацаваў у мінулым годзе нядрэнна.
Аб гэтым сведчылі і прыведзеныя паказчыкі. З планававых 63 эпідэмічных мерапрыемстваў жыткавіцкія Айбаліты справіліся паспяхова з усімі. Пярвічна і паўторна праверана на туберкулёз больш за пяцьдзясят тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, яшчэ 27620 абследаваны на лейкоз. Акрамя гэтага зроблена 948 аналізаў біяхімічнага саставу крыві. Актыўна праводзіліся ветэрынарамі і лабараторныя аналізы кармоў. Дзякуючы чаму праверана: 8430 тон сена, 58 тысяч тон сенажу і 131 тысяча тон кукурузнага сіласу. Згодна з атрыманымі дадзенымі ў гаспадарках здолелі назапасіць травяністыя кармы толькі вышэйшага і першага класаў.
Адным з важных паказчыкаў у ветэрынарнай дзейнасці з’яўляецца невытворчае выбыццё жывёлы ў грамадскім сектары. І ў гэтай дзейнасці спецыялісты райветстанцыі апынуліся на вышыні. Ім за прайшоўшы год у параўнанні з папярэднім удалося скараціць колькасць невытворчых страт пагалоўя ў сельгаспрадпрыемствах на 143 галавы. Вынікова вялося і гінекалагічнае абследаванне статка. Ім было ахоплена больш за дзесяць з паловай кароў і цялушак. З гэтай колькасці выявілі больш за дзве тысячы хворых жывёлін, якіх своечасова пралячылі. У выніку праведзенай працы 75 працэнтаў такіх рагуль асемянілі. А гэта больш за паўтары тысячы галоў. Важным звяном ў рабоце па папярэджванні захворванняў жывёлы для працаўнікоў Жыткавіцкай ветэрынарнай станцыі з’яўляецца дэзынфекцыя памяшканняў. Такія і іншыя мерапрыемствы на больш чым у чатырохстах фермскіх будынках.
Вытворчая дзейнасць ветэрынараў не абмяжоўваецца толькі грамадскім сектарам, прыходзяць яны на дапамогу і чацвёралапым сябрам прыватных гаспадароў. Спецыялістамі ўчастковай лячэбніцы была аказана кваліфікаваная дапамога больш за шасці тысячам гадаванцаў на падворках вяскоўцаў і гараджан. Прычым не толькі нашага рэгіёна. У многім гэта станоўча адбілася і на асноўным фінансавым паказчыку ўстанову. За год уласных даходаў ёю атрымана ад дзейнасці больш за адзін мільярд рублёў.
На сходзе не абышлі ўвагай і здабыткі мінулагодняй працы спецыялістаў лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы. Імі праведзена 200 экспертыз мяса ялавічыны, 301 – свініны, 433 – малака і малочных прадуктаў, 4797 – агародніны і садавіны, і іншых. За год гэтая лічба склала амаль дзевяць з паловай тысяч экспертыз.
Зыходзячы з леташніх дасягненняў у сваёй рабоце, як зазначыў галоўны ветэрынарны ўрач райветстанцыі Сяргей Ярмаш, мы ставім на сёлета і адпаведныя задачы, якія, найперш, тычацца прафілактыкі захворванняў, скарачэння невытворчага выбыцця жывёлы, а таксама актыўнага ўкаранення сучасных метадаў лячэння і прафілактыкі хвароб нашых братоў меншых.
Станоўчая адзнака мінулагодняй дзейнасці ветэрынарнай службы раёна была дадзена і першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарчу Мікалаем П’яўко, які адзначыў складанасць і адказнасць работы супрацоўнікаў установы, бо, каб яна складвалася паспяхова, ветэрынарам патрэбна даволі часта выпраўляць памылкі і недапрацоўкі іншых спецыялістаў. Таму ад іх прафесіяналізму ў многім залежыць развіццё жывёлагадоўлі ў раёне, а таксама выкананне тых задач, што пастаўлены перад галіной. І для гэтага ў жыткавіцкіх ветэрынараў маецца невычэрпны патэнцыял, у першую чаргу, старанны і працавіты калектыў.
Сяргей БЕЛКА.