Яшчэ бруіцца тут жыццё ў вёсцы Рыдча, што на Жыткаўшчыне
Першае падарожжа ў Рыдчу. На тэрыторыі Рычоўскага сельскага Савета гэта самы маланаселены пункт. Па афіцыйных звестках тут зарэгістравана 66 чалавек, а на самай справе набярэцца каля паўсотні.
Маім праважатым стаў Мікалай Іванавіч Балбуцкі, што выконвае клопатныя абавязкі старасты. Першы прыпынак робім у хаце Ганны Іванаўны Мажакі. Светлыя пакоі яе ўтульнага дома з саматканымі дарожкамі на падлоге заліваюць яркія промні не па-зімоваму лагоднага сонца.
— Вось і да мяне госці прыйшлі, — у адказ на прывітанне ветліва запрашае ў хату жанчына. — Адной-та сумна сядзець, трэці год я без хазяіна жыву, дзеці раз’ехаліся далёка, унукі павырасталі. А мы, старыя, дажываем у сваёй вёсцы. Некалі тут было весела, людзі ў клуб хадзілі, кіно нам прывозілі. Каб патанцаваць, гарманіста за яйкі наймалі. А як спявалі: на машыне едзем сена грэбці — рот не закрываўся.
Нарадзілася Ганна Іванаўна ў 1937 годзе ў Рычове, у Рыдчу пайшла замуж, працавала паляводам, а потым даглядала быкоў на мясцовай ферме. З сужэнцам пабудавалі хату, “з пня лес рэзалі”, выгадавалі дзевяць дзяцей. У Іванаўны 16 унукаў і 18 праўнукаў.
Далёкае —блізкае
Вёска Рыдча вядома з ХІХ стагоддзя як хутар у Тураўскай воласці Мазырскага ўезда. Па дадзеных перапісу 1897 года тут налічвалася 4 двары і 31 жыхар. Паходжанне назвы населеннага пункта гісторыя не захавала. Затое, па сцвярджэнні лінгвістаў, ад яе стварылася прозвішча Рыдзецкі, г. з. выхадзец з вёскі Рыдча. Кажуць, што непадалёку жыў пан, які даваў тут беззямельным сялянам надзелы, таму першапачатковымі яе жыхарамі былі прышлыя людзі. У пачатку трыдцатых гадоў мінулага веку месцічы аб’ядналіся ў калгас. Не абыйшла Рыдчу Вялікая Айчынная вайна. 19 жніўня 1941 года стаў апошнім днём для многих яе жыхароў, якіх растралялі фашыстскія карнікі. На месцы іхняй гвалтоўнай смерці праўнук аднаго з загінуўшых рыдчан нядаўна ўстанавіў крыж.
У канцы пяцідзясятых Рыдча гула ад людскіх галасоў — тут было каля 250 чалавек. На ўскрайку стаяла пачатковая школа, працаваў клуб і магазін. Паступова з памяншэннем колькасці жыхароў скарачалася інфраструктура. Цяпер вёску тройчы на тыдзень абслугоўвае аўталаўка з ветлівай прадаўшчыцай Аксанай. Штотыднёва бывае фельчар з Рычова. Газеты, сярод якіх і два экземпляры раёнкі, ў скрыні, прымацаваныя на плоце адной з першых хат, прывозіць паштовая машына. Культурнае жыццё месцічам замяняе тэлевізар. А каб трапіць на рэйсавы аўтобус, трэба з кіламетр шыбаваць на шлях. Цікава, што да гэтага часу невялікая вёска ў адну вуліцу падзяляецца на чатыры, так бы мовіць, мікрараёны: Цагельня, Цеціна, Цэнтральная і Угляны.
Пераважная колькасць жыхароў — пенсіянеры, працаздольных налічылі дзесяць чалавек. Амаль усе занятыя ў жывёлагадоўлі: адны ходзяць на дзеючую ў вёсцы таварную ферму, другія ўладкаваліся на комплекс “Казарзаць”, да якога напрамкі з кіламетр. Стараста Мікалай Іванавіч таксама шчыруе там на дарошчванні цялят, а раней загадваў клубам, ў вольны час збіраў аір, які здаваў у нарыхтоўчы камбінат. Мужчына — халасцяк, і вельмі любіць вырошчваць кветкі, асабліва гладыёлусы. Як давераная асоба сельсавета, сочыць за парадкам на вуліцы, дапамагае аднавяскоўцам у вырашэнні надзённых праблем.
Хапае рук працавітых
На маю просьбу пазнаёміцца з мясцовымі талентамі ён прапаноўвае зайсці да Кацярыны Адамаўны Чыкіды, якая захапляецца вышываннем і ўпрыгажэннем прыдамавой тэрыторыі. Але ў сенцах нас сустрэў толькі гаспадар Іван Яфімавіч — мяркуючы па даглежданым двары, чалавек майстравы і дбайны. Трое іхніх дзяцей падаліся ў сталіцу, а яму мілей месца за сваю Рыдчу з яе маляўнічым наваколлем нідзе няма.
У любові да вёскі прызнаўся і Міхаіл Навумавіч Кот: “на другі дзень з любых гасцей цягне дадому”. Прадстаўнік вясковай інтэлігенцыі працаваў у калгасе інжынерам і нават намеснікам старшыні. З жонкай і сынам яны трымаюць карову, другі сын, што жыве ў райцэнтры, на бацькоўскай сядзібе паставіў парнік. Дарэчы, у Рыдчы гэта не адзіная цяпліца. Улічваючы дэфіцыт працоўных месцаў людзі імкнуцца да самазанятасці – вырошчваюць гуркі на продаж, капусту.
Канечне, не ў такіх памерах як раней, але маюць рыдчане і худобу — свінней, качак, гусей, нават казу бачылі на падворку, а Вольга Сцяпанаўна Раздіёнава даглядае аж тры галавы — карову, цёлку і бычка. Рухавай бабулі — самай сталай жыхарцы населеннага пункта — пайшоў 87-ы год. У Рыдчу жанчына пераехала з мярлінскіх хутароў пасля вайны. Усё жыццё шчыравала ў калгасе і зараз без справы ёй сядзець маркотна. Даўно аўдавела, жыве з сынам Юрам, які амаль усе клопаты па гаспадарцы ўзяў на сябе.
Дзеці —
будучыня вёскі
А вось другога сына Сцяпанаўны можна лічыць мясцовай славутасцю. Мікалай Фёдаравіч у 60 год не толькі выйшаў на пенсію, але і ажаніўся. 22-гадовая Святлана нарадзіла сужэнцу Віцю, а праз два гады — Наталлю. Сваім досыць смелым учынкам мужчына, які не пье і не курыць, мае шэраг рабочых прафесій, да гэтага часу здзіўляе аднавяскоўцаў. Фёдаравіч больш за пяць гадоў таму пахаваў першую жонку, з якой далі жыццё семярым нашчадкам.
Яго цяперашнія малышы – равеснікі даччыных дзяцей. Алена, якая носіць мужава прозвішча Рамановіч, раней жыла ў Лунінцы на здымнай кватэры. У пошуках таннейшага жыцця сямья з’ехала на вёску. Купілі дом, бытавыя выгоды стварылі самі. З Віктарам жанчына гадуе тры дзяўчынкі і сыночка — новае пакаленне Рыдчы. Менавіта за другакласніцай Нінай і яе сястрычкай Веранікай, што ходзіць у садок, штодзень прыязджае ў вёску школьны аўтобус. Хоцацца верыць, што пакуль тут ёсць дзеці, населеннаму пункту не пагражае выміранне.
…Развітвалася я з гасціннымі жыхарамі каля адметнай хаты Надзеі Кірылаўны Даніленкі. Пасля пахавання мужа на комін яе хаты пачаў насіць галінкі бусел, майструючы жытло. Няхай сабе жыве гэта божая птушка, вырашыла жанчына. Сыны прымацавалі на страсе канек, на якім неўзабаве вырасла прасторнае гняздо, куды ўжо восьмы год вясной, абуджаючы наваколле звонкім пошчакам, прылятаюць буслы. Гэта іхняя радзіма.