Так трымаць!
З прыемнымі навінамі вярнуліся нашы дзяўчынкі Ганна Собалева (вучаніца 4 класа) і Надзея Жылан (вучаніца 8 класа) з абласнога конкурсу “Школа бяспекі”, які адбыўся 26 лютага ў актавай зале УА “Г І І” МНС г. Гомеля.
Шмат хваляванняў прыйшлося перажыць нашым вучаніцам падчас мерапрыемства. У конкурсе прымалі ўдзел навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў трох узроставых групах: 1-4 класы, 5-7 класы, 8-9 класы.
Конкурс складаўся з двух тураў. У першым патрэбна было выканаць тэставыя заданні на камп’ютары. З ім дзяўчынкі справіліся на выдатна: на ўсе 30 пытанняў адказалі правільна. Гэта дало магчымасць прайсці ў другі творчы тур, дзе кожны ўдзельнік на працягу адной хвіліны павінен быў выступіць па дадзенай тэматыцы.
Хваляванні перад выхадам на сцэну, блытаніна думак… “А што, калі не атрымаецца?”
Але цёплае слова Яна Хмялеўскага, інспектара групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жыткавіцкага РАНС, яго падтрымка ў рашучы момант далі станоўчы вынік: два першыя месцы! Ура!
Радасныя, крышачку стомленыя, але шчаслівыя, вярталіся дзяўчынкі дадому. Наперадзе новы іспыт – рэспубліканскі конкурс.
Дзякуй вам, дзяўчаты, за вашу перамогу. Дзякуй настаўнікам за руплівую працу, за дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсу і веру ў сваіх вучаніц. Пажадаем ім поспехаў у будучым!
Г. Гардзейчык,
класны кіраўнік 8 класа ДУА “Верасніцкая сярэдняя школа”.