Урачыста адзначыў калектыў рэдакцыі 85-годдзе з дня заснавання і выхаду першага нумара газеты “Новае Палессе”
На мерапрыемстве з гэтай нагоды, якое адбылося ў гарадскім Цэнтры культуры, цяперашнім супрацоўнікам і ветэранам установы было выказана шмат цёплых слоў віншаванняў і пажаданняў, а таксама падзякі за іх нястомную працу па асвятленні жыцця нашай Жыткаўшчыны.
Нам, цяперашнім работнікам рэдакцыі, было хораша і прыемна на душы, ад шчырых прамоў выступоўцаў. А такіх на свяце было вельмі шмат. Гэта старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч, намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Гулюта, кіраўнікі партнёрскіх арганізацый і ўстаноў, ветэраны і прадстаўнікі цяперашняга пакалення журналістаў – усе адзінадушна падкрэслілі выключную ролю калектыву газеты, які на працягу такога саліднага ўзросту нястомна пісаў летапіс роднага краю, своечасова даносіў і даносіць дакладную інфармацыю да сваіх чытачоў. Так, газета – гэта жывы арганізм, які рэагуе на ўсе змены, што адбываюцца ў нашым грамадстве, таму “Новае палессе” пастаянна знаходзіцца ў пошуку і сваім развіцці. І такая праца толькі ідзе на карысць выданню, павышае яго аўтарытэт, што вельмі важна для супрацоўнікаў, натхняе іх на напісанне новых матэрыялаў і інфармацый. Абапіраючыся на традыцыі нашых папярэднікаў, цяперашнія журналісты і тэхнічныя работнікі “Новага Палесся” стараюцца сваімі справамі данесці, што выданне яшчэ не вычарпала свой патэнцыял, і надалей будзе гэтак жа плённа расказваць, што адбываецца ў раёне. І чарговы юбілей у гэтым стане адпраўной кропкай для далейшага руху наперад.
Своеасаблівую ўрачыстасць мерапрыемству, яго даверлівай атмасферы надалі і музычныя нумары, што да юбілею падрыхтавалі самадзейныя артысты Жыткавіцкага гарадскога цэнтра культуры. Таму са свята рэдакцыйныя работнікі ад аказанай увагі разыходзіліся з самымі лепшымі эмоцыямі і пачуццямі, за што хочацца выказаць словы ўдзячнасці ўсім гасцям і нашым памочнікам у арганізацыі і правядзенні юбілейнай вечарыны.
Ул. інф.