У вёсках Дзякавіцкага сельскага Савета з кожным годам большае чысціні і парадку
І сёлета мясцовая ўлада гэтаму накірунку дзейнасці надае неменшае значэнне.
Старшыню сельвыканкама Валянціну Жураўлевіч цяпер цяжка застаць у рабочым кабінеце. Вось і ў дзень нашага наведвання Дзяквавіч кіраўнік на вуліцы вырашала наспелае і важнае пытанне.
– Многа жыхароў навакольных вёсак выявілі жаданне паставіць на сваіх падворках новыя агароджы, таму дамаўляюся, каб падвезлі матэрыялы, – зазначыла Валянціна Васільеўна. – З пастаўкай пражылін справа вырашылася, а ў бліжэйшыя дні завязем і штакет. Пасля гэтага нашы рабочыя будуць збіваць шчыты і дастаўляць іх гаспадарам для устаноўкі. Гэтая дзейнасць у нас адпрацавана не адным годам, таму і плён відавочны.
– Паглядзіце, колькі новых агароджаў ля сядзіб вяскоўцаў устаноўлена, – паказала рукой уздоўж адной з вуліц старшыня. – І так у Дзякавічах практычна паўсюдна. Канечне, гэта справа не аднаго дня, колькі растлумачальнай работы сярод людзей правесці прыйшлося, але і за вынік не сорамна.
Добраўпарадкаванне ў Дзякавіцкім сельсавеце ідзе па многіх накірунках і не абмяжоўваецца ўстаноўкай толькі адных агароджаў. Сельвыканкам актыўна разам з жыхарамі вядуць змаганне на вясковых вуліцах з пустазеллем. Ля сваіх сядзіб многія людзі падкошваюць яго самі, а вось у месцах грамадскіх ды на пустуючых участках гэтую справу выконваюць рабочыя сельсавета. На балансе выканкама маюцца дзве касілкі. Клапоціцца мясцовая ўлада, каб ля ўстаноў сацыяльнага прызначэння і на іншых тэрыторыях ствараліся кветнікі.
– Зразумела, што самім нам усё ахапіць не па сілах, таму тут асноўны клопат ляжыць на гаспадарах устаноў, – гаворыць Валянціна Жураўлевіч. – І з іх работнікамі мы знаходзім паразуменне не толькі па гэтым пытанні. Медыкі, культработнікі, гандляры, педагогі і іншыя з’яўляюцца нашымі першымі і самымі надзейнымі памочнікамі ў многіх справах па добраўпарадкаванні. Яны актыўна прымаюць удзел у суботніках, прадстаўнікі працоўных калектываў выдзяляюць сваіх рабочых для навядзення чысціні і парадку ў так званыя “чыстыя чацвяргі”, якія ў нас праводзяцца пастаянна. Асабліва словы ўдзячнасці хочацца сказаць у адрас лесаводаў з Хвойкаўскага лясніцтва.
Менавіта агульным стараннем арганізацый і людзей удалося навесці парадак на ўсіх могілках. Важным у справе навядзення парадку Валянціна Васільеўна лічыць і тое, што ўдалося вырашыць праблему ў населеных пунктах з вывазам смецця. Цяпер два разы на месяц за невысокую плату гэта робіць камунальная служба. Як вынік, значна паменшала ў ваколіцах і на пустках звалак. Людзі, хаця і не адразу, але ацанілі зручнасці новай паслугі. Дарэчы, многія праблемы ўдаецца вясковай уладзе вырашаць і дзякуючы сродкам, якія ахвяруюць жыхары па самаабкладанні. Працуючыя плоцяць гэты добраахвотны ўзнос у памеры пяцідзесяці тысяч рублёў, а пенсіянеры – трыццаці тысяч рублёў.
Працягвае работу сельсавет і па зносу старых пустуючых будынкаў. На гэты год запланавалі пазбавіць вясковыя вуліцы ад чатырнаццаці такіх развалюх. А гэта не толькі надасць прыгажосці вуліцам, але і дазволіць дадаткова павялічыць колькасць зямлі ў севазвароце. Паспяхова вядзецца праца і па ўстаноўцы малых архітэктурных формаў. Іх шмат ля клуба, школы, ФАПа, размяшчаюцца яны і ў іншых месцах населеных пунктаў, чым надаюць ім непаўторны каларыт.
Уся дзейнасць Дзякавіцкага сельвыканкама па навядзенні чысціні ў населеных пунктах мае адну высакародную мэту: каб вёскі прыгажосцю прырасталі і ў іх камфортна жылося людзям.
Сяргей БЕЛКА.