Здаровы рацыён для каровы на Жыткаўшчыне
У адкрытым акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” падчас бягучай нарыхтоўкі травяністых кармоў робяць стаўку як на традыцыйныя тэхналогіі, так і новыя. І гэта прыносіць добры плён. З пачатку “зялёнага жніва” ў сельгаспрадпрыемстве ўжо назапасілі больш за паўтары тысячы высокаякаснага сенажу.
На кармавых угоддзях вытворчага аддзялення “Азяраны” травяную масу на прэс-падборшчыку ўбірае механізатар Міхаіл Клімовіч. На сваім агрэгаце ён адразу закупорвае рулоны ў поліэтыленавую плёнку. Міхаіл Фёдаравіч вельмі добра адчувае тэхніку: ведае, дзе патрэбна хуткасці дабавіць, а, дзе і зменшыць газу, каб прэс не забіваўся. Як ні кажы, а трэці сезон на такой складанай тэхніцы працуе. Таму і вынік работы за дзень у яго даволі значны – за змену трактарыст выдае ў сярэднім па семдзесят рулонаў, вагой па тоне кожны. Несумненна, што гэтаму спрыяе і старанне яго калег. У прыватнасці, шырокі фронт на сенажацях для дзейнасці Клімовічу падрыхтавалі Васіль Сулкоўскі і Міхаіл Матарас, якія занятыя на касьбе, а таксама Міхаіл Бабарыка, які зграбае прасушаную масу ў валкі.
— Назапашванне сенажу мы вядзем з люцэрны, — расказвае намеснік дырэктара акцыянернага таварыства па сельгасвытворчасці Валерый Стаднік. — Гэтая культура добра прыстасавана да пагодных умоў, не баіцца засухі, таму на нашых землях можна яе мець па тры-чатыры паўнацэнных укосы. Ды і корм з люцэрны вельмі багаты бялком, што спрыяе росту вытворчасці малака. На цяперашні час маем каля васьміста гектараў гэтай культуры, але яе пасевы плануем павялічыць да тысячы.
Сапраўды, у гаспадарцы пераканаліся, што займацца люцэрнай вельмі выгадна. Таму падчас корманарыхтоўкі спецыялісты пільна сочаць, каб механізатары на яе ўгоддзях працавалі, не парушаючы тэхналагічнасці. Таму і корм атрымліваецца якасным, бо трава спачатку падкошваецца, падсушваецца да патрэбнай вільготнасці, і толькі пасля закручваецца ў поліэтыленавыя рулоны, якія своечасова звозяцца ў месцы складзіравання.
Кіпіць праца на сенакосных угоддзях і ў вытворчым аддзяленні “Верасніца” сельгаспрадпрыемства. Тут закладку сенажу вядуць у траншэю. Для гэтага створаны моцны механізаваны кормаздабываючы атрад, у склад якога ўваходзяць некалькі касілак, два кормаздабываючыя комплексы, граблі і паўдзясятка самасвалаў для адвозкі масы. Механізатары гэтага вытворчага падраздзялення працуюць вельмі зладжана, таму прастояў у рабоце не назіраецца. Сказваецца вопыт і майстэрства корманарыхтоўшчыкаў, што сядзяць за рулём высокапрадукцыйнай тэхнікі. Прыемна глядзець, як хутка магутны “Ягуар”, якім кіруе механізатар Іван Мілевіч, праглынае адзін за другім валкі падсушанай люцэрны вышынёй у калена. Моцны струмень здробненай травяной масы з “хобата” камбайна пругка б’е ў кузавы аўтамабіляў, якія, нібы мурашы, адзін за адным імкліва пад’язджаюць, або ад’язджаюць ад кормаздабываючага комплексу. Яшчэ больш нарастае дзелавы рытм на сенажаці, калі да нарыхтоўкі сенажу падключаецца на сваім КВК Аляксандр Ляшкевіч.
— Галоўная задача ляшкевіча ў гэтыя дні забяспечыць своечасова грамадскія фермы “зялёнкай” на корм жывёле, — расказвае пра рэжым работы вышэйзгаданага механізатара намеснік дырэктара Валерый Стаднік. — А гэта немалыя аб’ёмы. Штодзённа патрабуецца на гэтыя мэты дзвесце тон травяной масы. Таму невыпадкова, што менавіта аляксандр адкрыў у сельгаспрадпрыемстве “зялёнае жніво” і цяпер вынікова працуе на сенакосах.
Свой важкі ўклад у корманарыхтоўчую кампанію ў акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” уносяць і механізатары Уладзімір Каралец, Мікалай Прахарэнка, Уладзімір Комар і Уладзімір Блоцкі. Вынік такой зладжанай работы відаць у сіласных траншэях, якія за адзін дзень напаўняюцца больш чым трымя сотнямі тон травяной масы. Таму і недзіўна, што для закладкі першай з іх, ёмістасцю тысячу тон, мясцовым працаўнікам спатрэбілася толькі тры дні. Такія высокія тэмпы ў сукупнасці з добрай трамбоўкай, якая вядзецца ў месцы назапашвання сенажу круглыя суткі, сведчаць пра тое, што будучы корм будзе самай высокай якасці. Для вытворчасці малака і мяса гэта вельмі і вельмі важна. Дарэчы, кантроль за якасцю сенажу ў акцыянерным таварыстве вядзецца пастаянна спецыялістамі. Тры разы на дзень правяраецца тэмпературны рэжым масы. І гэты параметр заўсёды знаходзіцца ў парадку, што і засведчыла падчас праверкі ветурач Жыткавіцкай раённай ветэрынарнай станцыі Марыя Майстровіч, якая падчас свайго наведвання зрабіла кантрольны замер тэмпературнага рэжыму масы ў траншэі. А гэта адназначна сведчыць пра сумленнае выкананне сваіх непасрэдных абавязкаў механізатарамі Васілём Жыганюком і Канстанцінам Шкурко, якія занятыя на трамбоўцы здробненай травы ў траншэі.
Кормавытворчасць у ААТ “Тураўшчына” з кожным днём набірае разгон. Як расказаў Валерый Стаднік, пастаўлена задача ў бліжэйшы час поўнасцю справіцца з уборкай люцэрны першым укосам, каб культура не перарасла. Тэхнічныя магчымасці зрабіць гэта дазваляюць. Потым усе наяўныя сілы корманарыхтоўшчыкаў сельгаспрадпрыемства будуць накіраваны на пойменныя лугі, дзе будзе назапашвацца не толькі сянаж, але і сена. Працаўнікі гаспадаркі нацэлены, каб на зімоўку грамадскаму статку стварыць багатую і трывалую кармавую базу. А самае галоўнае, што ўсе добра ведаюць, майскія кармы самыя спажыўныя і даюць найбольшую аддачу ў выглядзе высокіх надояў і прываг.
Усяго аграрыям ААТ “Тураўшчына” травы першым укосам патрэбна ўбраць на плошчы 2015 гектараў, гэта без уліку поймавых сенакосаў. Плануецца для патрэб жывёлагадоўлі сёлета назапасіць 5000 тон сена, 21100 сенажу і 64000 тоны сіласу. І гэтыя задачы мясцовым корманарыхтоўшчыкам па плячы.
Сяргей Белка.