Прафесiяналiзм мацуюць справамi
Адметнай якасцю калектыву Жыткавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм з’яўляецца моцная загартоўка да працы ў няпростых умовах. І гэтая мабілізацыя людскіх і тэхнічных рэсурсаў дапамагае знаходзіць спецыялістам арганізацыі выйсце з самага складанага становішча, што дазваляе захоўваць і рабочыя месцы, і мець аб’ёмы для дзейнасці. У тым давялося пераканацца, наведаўшы аб’екты вытворчага ўчастка №1 прадпрыемства.
Ужо на дзякавіцкай малочнатаварнай ферме інжынер-гідратэхнік Віктар Астаповіч красамоўна прадэманстраваў вынікі працы сваіх падначаленых: экскаватаршчыкаў, бульдазерыстаў і рабочых.
– Ад дадатковых работ мы ніколі не адмаўляемся. Таму, калі калектыву прадпрыемства паступіла прапанова ад кіраўніцтва адкрытага акцыянернага таварыства “Прыазёрскае-Агра” прывесці ў парадак тэрыторыю дзякавіцкай фермы, за справу ўзяліся шчыра. Працавалі, не лічачыся з уласным часам, – расказвае Віктар Мікалаевіч. –Амаль увесь май тут завіхаліся і зараз наводзім апошнія штрыхі сваёй дзейнасці. Спадзяюся, што мясцовыя жывёлаводы будуць задаволены нашымі стараннямі і майстэрствам.
У доказ сваіх слоў спецыяліст правёў невялікую экскурсію, каб прадэманстраваць, што ж удалося зрабіць. Сапраўды, пастараліся жыткавіцкія меліяратары. Там, дзе раней на тэрыторыі фермы панавала непралазная дрыгва і шумелі густыя зараснікі кустоўя, цяпер сухія і роўныя пляцоўкі, якія такімі засталіся нават пасля прайшоўшага спорнага дажджу.
– Сваёй тэхнікай пачысцілі блізляжачы канал, выкапалі два вадаёмы, правялі планіроўку на тэрыторыі і ў кашарах, высеклі ўсе зараснікі, закапалі старое памяшканне, – пералічвае віды работ Віктар Астаповіч. – Засталося давесці да ладу яшчэ дзве кашары і прылягаючую да іх тэрыторыю. І з гэтай задачай паспяхова спраўляецца наш бульдазерыст Віктар Пяшэвіч. Спецыяліст ён вопытны і спрактыкаваны, сур’ёзна адносіцца да даручанай справы, таму можна быць упэўненым, што ўсё завершыць належным чынам і чырванець перад заказчыкамі нам не прыйдзецца.
Значную дапамогу меліяратары аказваюць не толькі арганізацыям раёна, але і сельскім Саветам. Напрыклад, зараз рабочыя і тэхніка з першага ўчастка актыўна займаюцца зносам старых будынкаў і добраўпарадкаваннем мясцін, дзе яны стаялі, у Чырвоненскім сельсавеце. Што працаўнікі Жыткавіцкага ПМС з вялікай ахвотай бяруцца за такія дадатковыя падрады, зразумець няцяжка. Гэта прыносіць неабходныя грашовыя сродкі на банкаўскія рахункі меліяратараў, што дазваляе ім вырашаць свае асноўныя вытворчыя задачы па падтрымцы ў рабочым стане аб’ектаў меліярацыйнай сеткі. На жаль, як адзначыла галоўны эканаміст прадпрыемства Любоў Вінарская, аб’ёмы ў параўнанні з мінулым годам значна знізіліся і сёлета складаюць толькі 85 працэнтаў да даведзеных леташніх.
– Але і ў гэтым становішчы мы імкнемся не апускаць рукі. За чатыры месяцы бягучага года было выканана розных работ на 6594 мільёны рублёў. Прыбытак склаў 525 мільёнаў рублёў, а рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі – 10,6 працэнта супраць аналагічнага перыяду – 10,5 працэнта, – расказвае Любоў Мікалаеўна. – На 0,1 працэнта ў параўнанні з леташнім удалося знізіць і свае затраты, што таксама станоўча адбіваецца на эканоміцы прадпрыемства.
Канечне, прыведзеныя эканамістам дадзеныя найперш сведчаць, што ў Жыткавіцкім ПМС падабраўся даволі дзеяздольны і працавіты калектыў, дзе склаўся цудоўны мікраклімат. На цяперашні час у ім налічваецца 125 чалавек, гэта сапраўдныя прафесіяналы, людзі шчыра адданыя абранай справе. Прыходзяць у меліярацыю не за “доўгім рублём” а па прызванні. Таму і не дзіўна, што шмат спецыялістаў і рабочых на прадпрыемстве маюць стаж працы ў некалькі дзесяцігоддзяў. Не кожнаму па сілах працаваць па шмат гадзін у распаленай ад сонца кабіне экскаватара ці бульдозера, або ў самы пік вылету машкары і камароў. Самае галоўнае, што ніхто не наракае на цяжкасці, а проста сумленна выконвае свае абавязкі. І гэта добра адчувалася падчас наведвання першага вытворчага ўчастка, на меліярацыйных аб’ектах сістэмы “Чырвана-азёрнаўскай” цяпер даволі гарачая пара. Зладжана ачышчаюць каналы ад багны машыністы экскаватараў Георгій Чэркас і Аляксандр Рымашэўскі, а рабочыя Анатоль Цішко і Уладзімір Ліцкевіч праводзяць абкоску берагоў каналаў і высечку кустарніку. З першага чэрвеня да апошняга віду работ прыступілі і механізатары.
– Тэхнічныя магутнасці арганізацыі даволі значныя. Дзякуючы кіраўніцтву яны за апошнія гады намнога аднавіліся, – гаворыць інжынер-гідратэхнік Віктар Астаповіч, – таму даведзеныя планы выконваюцца і перавыконваюцца. Мы разумеем, што ад нашага старання ў многім залежыць вынік працы аграрыяў раёна. Напрыклад, меліярацыйныя аб’екты нашага ўчастка забяспечваюць урадлівасць зямельных угоддзяў чатырох сельгаспрадпрыемстваў.
Менавіта дзеля гэтага і працуюць круглы год спецыялісты меліяратарскай сям’і Жыткавіцкага ПМС. Дарэчы кіраўніцтва прадпрыемства робіць усё, каб стварыць належныя ўмовы для радавых працаўнікоў на вытворчых аб’ектах. Штодзённа наладжана дастаўка спецыялістаў аўтатранспартам на працу і дадому. Своечасова выдаецца спецвопратка і іншыя матэрыялы, якія засцерагаюць рабочых ад няштатных сітуацый. І гэта таксама спрыяе агульным поспехам у асноўнай дзейнасці.
Сяргей БЕЛКА.