Сёлетняе жніво ў КСУПе “Коленскае” распачалі даволі зладжана
Сёлетняе жніво ў КСУПе “Коленскае” распачалі даволі зладжана. Таму першыя станоўчыя вынікі на хлебнай ніве гаспадаркі з’явіліся адразу.
Збожжавы клін, які патрэбна ўбраць мясцовым хлебаробам, складае амаль дзве тысячы гектараў. Віды на ўраджай каласавых даволі нядрэнныя, у параўнанні з мінулым годам ён вырас лепшым. Гэта пазітыўна адбіваецца на настроі механізатараў, якія вядуць абмалот зерня. Зразумела, ім прыемна бачыць плён сваіх старанняў і клопатаў, якія яны прыкладвалі на палетках, пачынаючы з мінулай восені. Зараз ва ўсіх адна задача – ўбраць усё без страт. Таму тэмпы жніва ў сельгаспрадпрыемстве з самага пачатку даволі высокія. Штодзённа ўбіраецца да ста гектараў збажыны. Як адзначыў дырэктар гаспадаркі Валянцін Карпаў, ходу работ найперш спрыяе тое, што ўсе камбайнеры сур’ёзна аднесліся да падрыхтоўкі замацаванай за імі тэхнікі. Варта сказаць, што камбайнавы парк КСУПа адзін з самых вялікіх у раёне. У ім налічваецца з дзясятак машын. За рабочы дзень у гаспадарцы абмалочваюць больш за пяць працэнтаў хлебнай нівы.
Канечне, зладжанасць работы камбайнераў забяспечваецца і шэрагам іншых фактараў. Станоўча вырашаны ў сельгаспрадпрыемстве пытанні па арганізацыі рамонту выйшаўшай са строю тэхнікі, строга захоўваюцца правілы супрацьпажарнай бяспекі, наладжана працоўнае саперніцтва сярод вадзіцеляў і камбайнераў, усім удзельнікам жніва падвозяцца гарачыя абеды. Клопаты кіраўніцтва КСУПа “Коленскае” падмацоўваюцца стараннай працай хлебаробаў на кожным участку ўборачнага канвеера. Жніво ў сельгаспрадпрыемстве вядзецца крыху большы як з тыдзень, а мясцовыя працаўнікі ўбралі каласавыя па стану на 25 ліпеня амаль на 600 гектарах. Валавы збор збажыны ўжо сабраны ў памеры больш за 1200 тон, пры сярэдняй ураджайнасці 20,7 цэнтнера з гектара. Хаця ёсць палеткі, дзе апошні паказчык намнога вышэйшы.
Нягледзячы на тое, што ў сельгаспрадпрыемстве значныя матэрыяльныя і людскія рэсурсы задзейнічаны на абмалоце зерневых культур, не спыняюць тут і нарыхтоўку травяністых кармоў. Дырэктар Валянцін Карпаў падрабязна расказаў пра цяперашнюю стратэгію гэтай важнай сельскагаспадарчай кампаніі. Больш таго, прадэманстраваў усе травяныя абшары, на якіх хутка давядзецца працаваць мясцовым корманарыхтоўшчыкам.
– Хаця і былі складанасці падчас уборкі траў, але справіліся з ёю паспяхова і своечасова, – расказвае Валянцін Мікалаевіч. – На некаторых участках нават па два паўнацэнныя ўкосы ўзялі. Цяпер пасля падкормак мінеральнымі тукамі чакаем, што сенажаці парадуюць і добрай атавай.
Згодна з вытворчымі заданнямі коленскія корманарыхтоўшчыкі павінны назапасіць на зімоўку грамадскаму статку 1100 тон сена, 7200 сенажу і больш за дваццаць тысяч тон сіласу. Калі апошні від фуражу будзе нарыхтоўвацца з кукурузы, палеткі якой маюць нядрэнны выгляд, то запасы сенажу і сена ўжо маюцца даволі ўнушальныя. Напрыклад, сена закладзена пад павеці 1427 тон, што перавышае планавы паказчык на 130 працэнтаў. Прычым у гаспадарцы забяспечылі гэтым кормам на зіму не толькі грамадскае пагалоўе, але і прыватнае. Таксама ў траншэі закладзена амаль дзве тысячы тон травянога сенажу. Так, гэта толькі трэцяя частка да неабходнага, але справу паправілі дзякуючы нарыхтоўцы зернесенажу. Яго на цяперашні час маецца ў сельгаспрадпрыемстве больш за пяць тысяч тон. У разліку на адну ўмоўную галаву ў КСУПе “Коленскае” ужо ёсць амаль дванаццаць цэнтнераў кармавых адзінак, супраць дзесяці мінулагодніх. Відавочны крок наперад у стварэнні трывалай кармавой базы для грамадскай жывёлагадоўлі. Вось так у сельгаспрадпрыемстве, абапіраючыся на моц тэхнічнай базы і старанне працаўнікоў, удаецца вырашаць надзённыя вытворчыя задачы. Таму ад рання і да позняга вечара не сціхае праца на хлебнай ніве і сенажацях.
Сяргей Белка.