Уборка каласавых у Жыткавіцкім раёне набліжаецца да завяршэння
Уборка каласавых у раёне з кожным пагодным днём набліжаецца да свайго завяршэння.
Па стану на 18 жніўня хлебаробы рэгіёна абмалацілі збажыну на 80 працэнтах плошчаў і сабралі пры сярэдняй ураджайнасці з гектара 38,6 цэнтнера – 38072 тоны зерня. Як адзначыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Цімашчэня, нічога не перашкаджае камбайнерам і вадзіцелям, удзельнікам працоўнага саперніцтва, паляпшаць свае вытворчыя здабыткі. У прыватнасці, якія яны ў тураўскіх хлебаробаў, раёнка расказвала ў мінулых нумарах. Яны па прычыне заканчэння жніва ў ААТ “Тураўшчына” змяніліся за бягучы тыдзень толькі ў двух камбайнераў, дарэчы, лідараў сёлетняй кампаніі. Так, Генадзь Іванавіч Кот да асабістага намалоту ў сваёй гаспадарцы ў 1733 тоны зерня дадаў яшчэ 80 тон, якія ён здабыў, дапамагаючы працаўнікам КСУПа “Чырвоны Бор”. На 91 тону паважэў і паказчык маладога камбайнера з ААТ “Тураўшчына” Сяргея Уладзіміравіча Самцова. І цяпер на яго рахунку 1881 тона намалочанага зерня. Сяргей Уладзіміравіч таксама працаваў на палетках КСУПа “Чырвоны Бор”. У гэтым нумары больш падрабязна раскажам пра здабыткі хлебаробаў гаспадарак жыткавіцкай зоны. Яны таксама заслугоўваюць увагі.
Сярод камбайнераў вышэйзгаданага рэгіёна лідзіруюць:
Аляксандр Аляксандравіч Гаўрылаў з КСУПа “Бялёў”, які на камбайне КЗС-1218 убраў 332 гектары збажыны і намалаціў 808 тон зерня;
Сяргей Сяргеевіч Ахоценка з ААТ “Людзяневічы, які на камбайне КЗС-1218 убраў 375 гектараў і намалаціў 768 тон зерня;
Раман Алегавіч Салавей з ААТ “Людзяневічы”, які на камбайне КЗС-10 убраў 381 гектар збажыны і намалаціў 762 тоны зерня;
Яўген Аляксандравіч Собалеў з ААТ “Жыткавічыхімсервіс”, які на камбайне КЗС-1218 убраў 277 гектараў збажыны і намалаціў 714 тон зерня;
Максім Аляксеевіч Нікіцін з КСУПа “Чырвоны Бор”, які на камбайне КЗС-10К убраў 263 гектары збажыны і намалаціў 682 тоны зерня.
У ліку лепшых вадзіцеляў на адвозцы зерня па гаспадарках жыткавіцкай зоны:
Яўген Анатольевіч Макарэвіч з КСУПа “Чырвоны Бор”, які на аўтамашыне МАЗ-650108 перавёз 2058 тон зерня;
Юрый Мікалаевіч Сулкоўскі з ААТ “Людзяневічы”, які на аўтамашыне МАЗ-555142 перавёз 1617 тон зерня;
Канстанцін Канстанцінавіч Гатчэня з ААТ “Людзяневічы”, які на аўтамашыне МАЗ-6501 перавёз 880 тон зерня.
Сяргей Белка.