Дорыць свету прыгажосць
Кажуць, выбяры справу па душы і табе не прыйдзецца працаваць ні дня, таму што будзе гэта не работа, а вялікае задавальненне.
Менавіта так і атрымалася ў жыцці Таццяны Чыкіды, педагога Тураўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Васямнаццаць гадоў яна, педагог дашкольнай адукацыі, выхоўвае ў малечы пачуццё прыгажосці, вучыць іх і сама не стамляецца вучыцца ўспрымаць свет па-мастацку. На яе пазашкольных занятках адна група спасцігае тайны фарбаў, а другая робіць выдатныя цацкі з гліны. Аказваецца, пра гэта мала хто ведае, і ў Тураве колісь існавала свая адметная школа падзелак з гэтага прыроднага матэрыялу.
– Некалі ў нашым горадзе быў цагельны завод, – распавядае гісторыю свайго далучэння да рамяства Таццяна Іванаўна, – там працаваў мой бацька, які апроч асноўнай прадукцыі вырабляў посуд і цацкі. У канцы 90-х гадоў пасля вяртання з Расіі на радзіму мне захацелася адрадзіць гэты промысел, каб людзі ведалі і шанавалі сваё. Пайшла па старых людзях, распытвала і маці пра асаблівасці тураўскай глінянай цацкі, яе вырабу і роспісу. Так вярнуўся з нябыту яшчэ адзін від народнага мастацтва – вельмі цікавы і захапляльны. Іншы раз бярэш у рукі камок гліны і не ведаеш, што з яго атрымаецца, яна нібы сама падказвае сюжэт: сапраўднае чарадзейства.
Напачатку, канешне, былі ў кіраўніка творчага аб’яднання пэўныя складанасці з пошукам сыравіны і яе апрацоўкаю. Для лепкі прыгодна далёка не кожная гліна. Каб матэрыял набыў патрэбныя ўласцівасці, яго прыходзіцца некалькі разоў прамываць праз сіта. На жаль, не мае майстар і спецыяльнай печы, у якой абпальваюцца падзелкі. Набыць яе – вялікая мара педагога. А пакуль ідуць спробы з хатняй духоўкай, але часцей вырабы распісваюцца пасля натуральнага высыхання. Прыкмячальна, што ўпрыгожваюць іх у адпаведнасці з колішнімі традыцыямі. Для тураўскай цацкі больш выкарыстоўвалі белай фарбы, малявалі на ёй рамонкі і валошкі. Кожны сімвал меў сваё значэнне: кропка атаясамлялася з зернем, хваляй шыфравалі ваду, лінія адпавядала знаку зямлі. Такім чынам кожны выраб станавіўся своеасаблівым абярэгам.
– Каб дзеці не гублялі цікавасці, – Таццяна Іванаўна на хвілінку адрываецца ад заняткаў з другакласнікамі, каб падзяліцца сакрэтам паспяховага навучання, – трэба заўсёды паварочвацца да іх тварам, інакш засумуюць і больш не прыйдуць. Таму ў нас, як бачыце, пануе свабодная атмасфера, увесь час мы вядзём гульню з цацкамі, прыдумваем сюжэт. Ад гэтага ёсць вялікая карысць: дзеці, працуючы з глінай, развіваюць пальчыкі, што станоўча адбіваецца на пісьме, вучацца выказваць за персанажа яго пачуцці, адначасна пазнаюць гісторыю цацкі, эстэтычна развіваюцца. Лялька як і ў старажытныя часы застаецца для малых галоўным інструментам пазнання свету.
Кабінет педагога ніколі не пустуе, тут таўчэцца шмат хлопчыкаў і дзяўчынак, а яна ад іх не стамляецца, а, наадварот, адпачывае душою. Раней Таццяна Чыкіда ставіла задачу навучыць лепцы ўсіх, а з цягам часу прыйшла да высновы, што важна ўлічваць індывідуальныя асаблівасці кожнага, прыслухоўвацца да дзіцячых ідэй, фантазія якіх яшчэ не сапсавана класічнымі штампамі. Выхаванцы тураўскага майстра неаднаразова станавіліся пераможцамі розных конкурсаў, некалькі чалавек абралі мастацкую творчасць сваёй будучай прафесіяй.
Святлана Шакалян