УВАГА ЛІШНЯЙ НЕ БЫВАЕ

профсоюзыПрыём грамадзян па пытаннях, якія тычацца растлумачэння норм заканадаўства, рэгулюючых сферу працоўных і звязаных з імі праваадносін, што правёў галоўны прававы інспектар працы Беларускага прафсаюза работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці Андрэй Конанаў, быў не надта шматлюдным. Гэтая акалічнасць дазволіла Андрэю Мікалаевічу больш падрабязна даведацца пра тое, як прафсаюз і кіраўніцтва ВУ “Жыткавічыгаз” сацыяльна падтрымлівае сваіх былых работнікаў. Менавіта на гэтым прадпрыемстве і адбылося вышэйзгаданае мерапрыемства.

На прыём да галоўнага інспектара прыйшла ўсяго адна жанчына. Працуе яна сацыяльным работнікам, у аграгарадку Кольна атрымала жыллё. Толькі па віне былых гаспадароў кватэры там зараз адключаны за даўгі газ і электрычнасць. Праблему заяўшчыцы ўзяўся вырашаць дырэктар Іван Купрацэвіч, а прысутныя на прыёме Андрэй Конанаў і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Гулюта далі жанчыне неабходныя рэкамендацыі.

Вялікую зацікаўленасць праявілі госці да работы прафсаюзнай пярвічкі газавікоў. У прыватнасці, яе лідар Жанна Кучыц расказала аб тым, як наладжана работа ў арганізацыі з пенсіянерамі. Яе трывалым падмуркам з’яўляецца тое, што ні адзін з былых работнікаў не застаецца без увагі і падтрымкі. Усе працаўнікі, якія знаходзяцца  на заслужаным адпачынку, а гэта сорак восем чалавек, з’яўляюцца членамі прафсаюзнай пярвічкі. Яны вызвалены ад уплаты членскіх узносаў, а вось сацыяльныя гарантыі маюць па калектыўнаму дагавору  даволі шырокія. Напрыклад, кожны пенсіянер атрымлівае віншаванне і грашовы падарунак да ўласных юбілееў. Не забываюць сваіх калег і ў Дзень пажылога чалавека. Сёлета яны атрымалі грашовую выплату ад адміністрацыі, а ад прафсаюза харчовыя наборы. Кожнаму былому работніку газавага прадпрыемства выдзелілі грошы на закукп агародніны. Дарэчы, у залежнасці ад стажу працы пенсіянерам таксама прадугледжаны раз у квартал грашовыя выплаты. Усе без выключэння былыя газавікі запрашаюцца на святочныя ўрачыстасці з нагоды прафесійнага свята. Афармляе прафсаюз і падпіску на газету “Беларускі час”.

Урачыста праводзяць газавікі сваіх работнікаў на заслужаны адпачынак, прычым зноў жа ў залежнасці ад працоўнага стажу з даволі саліднай грашовай сумай ад прадпрыемства. Несумненна, што такая падтрымка прадпрыемствам сваіх былых супрацоўнікаў у многім садзейнічае іх актыўнасці і ўдзелу ў грамадскім жыцці калектыву. Падчас мерапрыемства госці таксама азнаёміліся і з вытворчай базай газавікоў, бытавымі ўмовамі. Усе пераканаліся, што і ў гэтым накірунку дзейнасці жыткавіцкія газавікі маюць нямала поспехаў.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.