У Рычоўскім цэнтры традыцыйнай культуры шосты год запар сёлета ўрачыста прайшло свята “Міхайлаўскі кірмаш”

Міхайлаўскі кірмаш Як і ў мінулыя разы на ім было шмат гасцей, якія радавалі жыхароў аграгарадка багатымі набыткамі народнай творчасці нашых прашчураў. Іх папулярызацыя ў мясцовым маладзёжным асяроддзі і стала асноўнай адметнасцю цяперашняга мерапрыемства.
Гаспадыня ўстановы культуры Ларыса Марціноўская ўжо на ганку шчырай усмешкай вітала гасцей. Асабліва цёпла яна запрашала на свята вучняў і настаўнікаў Рычоўскай школы. Менавіта фарміраванне належнай пашаны да духоўнай спадчыны продкаў у падрастаючага пакалення з’яўляецца асноўным у выхаванні пачуцця любові да сваёй радзімы. Як кажуць, хто забывае на свае карані, у таго не маецца будучыні. Свята ў Рычове прадэманстравала, што спрадвечныя вясковыя традыцыі тут паважаюць, клапоцяцца, каб яны бытавалі і надалей. Канечне, робяць гэта не толькі ўласнымі сіламі, але і з дапамогай надзейных сяброў. У падрыхтоўцы “Міхайлаўскага кірмашу” актыўнасць праявілі працаўнікі і самадзейныя артысты са Старажавецкага клуба-бібліятэкі, Сямурадскага і Хільчыцкага сельскіх клубаў, Хачэньскай бібліятэкі. Яны арганізавалі цудоўныя выставы з вырабаў народнай творчасці, смачных вясковых страў і прысмакаў, якімі гасцінна запрашалі ўсіх пачаставацца і набыць.
Асноўная ж дзея кірмашу адбылася ў актавай зале Цэнтра традыцыйнай культуры. Тут гучала шмат віншаванняў з нагоды свята Міхайла. З імі да прысутных гледачоў і гасцей звярнулася галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Птушко, а таксама імправізаваны святы Міхайла. Асноўны акцэнт у сваіх выступленнях яны зрабілі на тым, калі будуць ладзіцца такія народныя святы, будуць жыць і квітнець вёска, раён, краіна і яе жыхары ў цэлым. Народная традыцыя – гэта тая невычэрпная крыніца нашай духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці, якая жывіць гэтыя паняцці, напаўняе іх своеасаблівым зместам.
Нямала прыемных хвілін гледачам падаравалі на ўрачыстасці самадзейныя артысты вакальнага калектыву “Ручаёк” Дзедаўскага сельскага клуба і вакальнага ансамбля Людзяневіцкага цэнтра культуры. Яны парадавалі ўсіх добрымі песеннымі нумарамі. Пасля кожнага выступлення доўга не сціхалі апладысменты. А гэта сведчыць аб адным – у Рычове “Міхайлаўскаму кірмашу” быць яшчэ доўгія гады.
Сяргей Белка
Фота Н. ШАГУН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.