Стваральнік тураўскага танцавальнага ансамбля «Прыпяць» Мікалай Котаў адзначыў юбілей

котовНадвячорак у мінулую суботу ў Тураве выдаўся даволі марозным. Парывісты вецер, што налятаў з Прыпяці, пранізваў аж да самых касцей. Але гэта зусім не спыняла мясцовых жыхароў, якія кіраваліся ў прыцемках да гарадскога Дома культуры.
Яны добра ведалі што на мерапрыемстве, на якое спяшаліся, усе сагрэюцца душэўнай дабрынёй, гарачынёй сэрца і палымяным талентам чалавека, які на старажытнай тураўскай зямлі, вобразна кажучы, шырока расправіў крылы, каб узняцца на сваю прафесійную вяршыню. Прычым, імкліва ўзляцеў на яе не адзін, а разам з тутэйшымі хлопцамі і дзяўчатамі, што прыйшлі ў створаны ім танцавальны калектыў “Прыпяць”. Так, гаворка ідзе пра Мікалая Котава, заслугі якога і цяпер добра памятаюць жыхары Турава і навакольных вёсак. Нядаўна вядомы балетмайстар адзначыў свой 75-гадовы юбілей. Менавіта гэтай падзеі і была прысвечана творчая вечарына, на якой сабралася шмат сяброў і проста людзей, каб выказаць належную пашану і ўдзячнасць Мікалаю Конанавічу. Дарэчы, сустрэчу падрыхтавалі і правялі даўнія сябры балетмайстра, удзельнікі народнага клуба аматараў народнай творчасці “Вечарына” і яго кіраўнік Ганна Лой.
Пра тое, што ў Тураўскім ГДК віталі чалавека па-сапраўднаму адданага народным культурным традыцыям, які прыкладваў і прыкладвае многа ўласных сіл і таленту для іх развіцця і папулярызацыі, бачна ўжо было ў фае, дзе размясцілася тэматычная выстава. На ёй мноства фотаздымкаў, дзе кіраўнік ансамбля са сваімі танцорамі дэманструюць на розных сцэнічных пляцоўках беззаганнае выканальніцкае майстэрства. Тут жа ўзнагароды Мікалая Котава, публікацыі аб яго творчым і жыццёвым шляху ў газетах і часопісах, а таксама ўласнаручна напісаныя кнігі. Дарэчы, Мікалай Конанавіч з’яўляецца аўтарам дзесяці выданняў, у якіх ідзе аповед пра беларускі фальклор, у тым ліку і нашага палескага рэгіёна, дзе за час сваёй працы ён наведаўся ва ўсе паселішчы, каб запісаць непаўторнасць і хараство традыцыйнай спадчыны продкаў. Ёсць і аўтарскія творы самога Котава. Многае з тых вандровак потым Мікалай Конанавіч перанёс на сцэну ў танцавальныя кампазіцыі, яскравасць якіх ніколькі не затуманілася ад подыху нашага імклівага часу. І гэта невыпадкова, бо ўсё, што ствараў Котаў і “Прыпяць”, брала пачатак ад родных ніў і хат, ад тых людзей, якія зберагалі сваю духоўную спадчыну. Невычэрпны талент балетмайстра, яго працавітасць, высокі эстэтычны густ, апантаннасць танцам, уменне захапіць сваімі ідэямі іншых і сталі тым падмуркам, на якім узнік у Тураве танцавальны калектыў. Праз год пра яго ведалі ўжо ў многіх гарадах Савецкага саюза, таксама за мяжой, так бы мовіць, ад Масквы да самых ускраін. Таму і нядзіўна, што на Тураўшчыне Котава лічаць сваім чалавекам, ледзь не земляком.
Авацыяй гледачы сустрэлі з’яўленне Мікалая Конанавіча на сцэне, уважліва слухалі яго споведзь аб жыцці, большасць якога прысвечана мастацтву. Як казаў балетмайстар, ён вельмі ўдзячны, што лёс звязаў яго з тураўскай зямлёй, яе таленавітымі жыхарамі і цяпер да скону сваіх дзён будзе прыкладваць намаганні, каб у гэтым рэгіёне развівалася народная творчасць. Для чаго ў Котава маюцца і пэўныя задумы. Мяркуючы па той кіпучай энергіі, якую вылучаў юбіляр на сцэне падчас вечарыны, яму па сілах ператварыць іх у яву. Менавіта невычэрпнасць творчага запалу і таленту падкрэслівалі госці, якія віншавалі Мікалая Конанавіча з днём нараджэння, выказвалі яму самыя цёплыя і шчырыя пажаданні. Адметнай рысай кожнай прамовы было тое, што ўсе, хто іх гаварыў, добра ведаюць імянінніка, які заўсёды акажа дзейсную дапамогу, калі гэта тычыцца працы на культурнай ніве. У прыватнасці, гэта адчулі ў свой час і першыя танцоры народнага ансамбля “Прыпяць”, і многія культработнікі раёна, у тым ліку і цяперашні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Агіевіч, яго папярэднік, зараз старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Адам Купрацэвіч, кіраўнікі народных самадзейных калектываў “Вечарніца” і “Абібок”, “Спасаўка” і, зразумела, “Прыпяць”. І гэта непоўны пералік тых сяброў, каго непасрэдна зводзіў лёс у працы з Котавым, з кім ён шчодра дзяліўся парадамі і творчымі планамі, увасабляў іх у жыцці. Пры гэтым настолькі імкліва і ярка, у самых розных мясцінах, што нават здзіўляешся, як такое ўдавалася аднаму чалавеку. Творчыя здольнасці Мікалая Конанавіча вядомыя не толькі на Тураўшчыне, але і ў суседнім Столінскім раёне, у Мінску, дзе дзякуючы яго старанням цяпер таксама паспяхова радуюць гледачоў мастацкія калектывы. Дарэчы, некаторыя з іх прыехалі на мерапрыемства ў Тураў, каб аддзячыць свайго настаўніка і натхніцеля на патрэбную грамадству справу.
Са словамі віншаванняў і падзякі, што добрымі справамі ўславіў Тураў, да Котава звярнуўся і старшыня мясцовага гарсавета Сяргей Скарапацкі. Прыемна было чуць імянінніку і пажаданні ад кіраўніка сялянскай гаспадаркі Міхаіла Шруба. Але самымі жаданымі падарункамі для чалавека-творцы былі тыя канцэртныя нумары, якія прагучалі на вечарыне. Іх было вельмі і вельмі шмат, што толькі дадаткова надавала станоўчых эмоцый юбіляру і гледачам. Пасля кожнага выступлення зала проста выбухала ад грому апладысментаў, а калі на сцэне ў сваім знакамітым шпагаце закончыў танцавальны нумар сам імяніннік, усё сплялося ў адну суцэльную авацыю — так шчыра людзі, стоячы, віталі і адначасова выказвалі пашану балетмайстру.
Яго жыццё простым не назавеш. Але ўсім неспадзяванасцям, што падкідваў Котаву лёс, ён супрацьпастаўляў непахіснае служэнне танцавальнаму мастацтву, духоўнай спадчыне беларусаў. І гэтым вельмі ганарыцца, як і тымі, хто таксама ўрабляе культурную ніву, каб там заўсёды красаваў багаты ўраджай.
Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.