Шчасце жыць у ПАРЫ
Іхняе каханне з цягам часу ператварылася ў нешта большае: клопат і падтрымку, звычку адчування побач надзейнага пляча. За доўгі час пара нібы зраслася ў адзіны арганізм – як нітка з іголкай, што паасобку губляюць сэнс. Васіль і Надзея Дарошкі. Хто не ведае іх у Верасніцы. Яна – стрыманая і сціплая, ён – жвавы гаварун. Жыццё адмерала гэтаму саюзу шчодрай жменяй не толькі радасцяў, спаўна хапіла і выпрабаванняў, якія заўсёды дзяліліся напалам.
За тысячы кіламетраў ад роднай вёскі
Гісторыя іх сям’і пачалася без малога шэсцьдзясят гадоў таму, восенню 1957-га. Айчынная вайна забрала ў Надзейкі бацьку. Нарадзіўшыся напярэдадні фашысцкай акупацыі ў 1939 годзе, дзяўчынка яго нават і не памятала. Калі ворага прагналі з роднай зямлі, паўсіраце не было за кім вучыцца, яна рана пайшла працаваць на калгасную ферму. Пасля работы па выхадных верасніцкая моладзь збіралася па хатах на вячоркі. Там і ўпадабаў спакойную звонкагалосую дзяўчыну мясцовы хлопец Васіль.
Яму мінула ўжо 23 гады і за плячыма было шмат жыццёвага вопыту. Пасля школы з іншымі равеснікамі падаўся юнак у Архангельскую вобласць. Там, скончыўшы Паўночнадзвінскае фабрычна-завадское вучылішча, атрымаў прафесію слесара-сантэхніка. Ды нядоўгай была ягоная практыка на тутэйшым судазборачным заводзе: завербавалі моладзь на Паўднёвы Усход, як той казаў, за доўгім рублём. Восем смельчакоў, праехаўшы ўздоўж усю краіну, трапілі ў Савецкую Гавань, гэта Хабараўскі край. Беларусы наладжвалі на заводзе, дзе збіралі караблі, сістэмы водазабеспячэння. А неўзабаве хлопцу прыйшоў час апрануць вайсковую форму і кірзачы. Служыць паляшук трапіў у недалёкі Кітай. Танкавы полк размяшчаўся на Квантунскім паўвостраве. Савецкія воіны ў Паднябеснай карысталіся вялікай павагай, іх называлі старэйшымі братамі і ва ўсім бралі прыклад.
Кітайцы запомніліся Васілю Дарошку даволі дружалюбным народам. Уражваў іх знешні выгляд – у вёсцы жылі бяднейшыя сяляне. Хадзілі ўсе ў аднолькавых сініх халатах, падобных на спецвопратку, што зараз выдаюць на фермах, замест гузікаў яны зашпільваліся на драўляную палачку. Пачціва віталіся: “тунза”, што значыць “таварыш”. Стоячы на пасту, беларус і кітаец часта вучылі адзін другога па-свойму лічыць. Вераснюк і сёння не забыўся, што такое “шанго” (хорошо) і “пушанго” (плохо). Колькі было здзіўлення, калі за дзевяць тысяч кіламетраў ад дому, у Паднябеснай на вайсковай кухні ён пазнаёміўся са старым кітайцам, што размаўляў па-руску. Аказваецца, дзядка падчас імперыялістычнай вайны лёс закінуў у наш Тураў.
Тры гады вайсковай службы праляцелі незаўважна, і ў 1956-ым Васіль вярнуўся дадому. Праз паўгода сасватаў Надзею, іхняе сціплае вяселле адбылося 1 верасня. Жаніх на свяце красаваўся ў трафейным касцюме сівога колеру, а Надзейцы пашылі белую штапельную сукенку, галаву нявесты ўпрыгожваў вэлюм з крухмаленай марлі. Самымі дарагімі падарункамі для маладых стала цялушка ды парася, з якіх потым пакрысе і разжываліся гаспадаркай.
Цяпло сямейнага ачага
У свёкраву хату з раддому Надзея Сцяпанаўна прынесла траіх дзяцей. Яны ўжо і павырасталі ў невялікіх пакойчыках, пакуль бацькі ўзбіліся на капейку і адважыліся будаваць цагляны пяцісценак. Большасць работы агоралі сваімі сіламі: майстра-муляра наймалі на ліцавую кладку, астатняе Васіль Канстанцінавіч рабіў сам з жончынай дапамогай. Сын з дочкамі таксама, як мурашы, завіхаліся: гліну мясілі ды цэглу насілі. Цёплы і прасторны дом атрымаўся. Чырвонага колеру хата і зараз ўпрыгожвае вуліцу па-над рэчкай.
Адразу пасля дэмабілізацыі гаспадар сеў за руль калгаснага трактара. А потым, калі прадпрыемства пачало актыўна будаваць новыя, з аўтаматычным водапаеннем, фермы, сталі патрэбны спецыялісты, што валодаюць сантэхнічнымі навыкамі. Тут і згадзіўся дыплом і веды Дарошкі, які спачатку першым укараняў малую механізацыю на малочнатаварных комплексах, а потым і падтрымліваў яе ў спраўным стане. Так да самай пенсіі і працаваў. Дарэчы, прафесія дала мужчыне і вулічную мянушку Вадзянік за непасрэднае дачыненне да вады. Па сапраўдным прозвішчы ў вёсцы сям’ю мала хто ўзгадае, а вось гэта імя прыжылося і нават дзецям у спадчыну перайшло – Вадзянікавы.
Надзея Сцяпанаўна ўвесь час гаравала цялятніцай. Пакуль зранку зацемна дагледзіць немалую ўласную гаспадарку, ужо час бегчы на ферму. Часцяком і паесці не было калі – снедала на хаду. Дзякуй Богу, дзеці ў сям’і раслі працавітыя ды спагадлівыя. Яна гуртавала іх, па-матчынаму мудра ўмела наставіць, памірыць у дробных сварках, без якіх не абыходзіцца дзяцінства, і падбадзёрыць, калі трэба. Аб адным плача зараз сэрца жанчыны – вельмі рана пайшоў з жыцця іхні сын Аляксандр. І гэты боль не вылечыць час, хіба толькі крыху прыглушае з гадамі.
Нягледзячы на выпаўшыя на долю цяжкасці і немалады ўзрост, Дарошкі застаюцца такімі ж шчырымі і рухавымі. Не цураюцца пенсіянеры сучасных выгод – правялі ў хату прыродны газ, смела карыстаюцца мабільным тэлефонам, павесілі тэлевізійную антэну-“талерку”.
Аптымізм падаўжае жыццё
Гаспадыня пячэ смачны хлеб у формах, падлогу хатніх пакояў упрыгожваюць круглыя рознакаляровыя дываночкі. На іх ідуць старыя спадніцы ды сукенкі. Сцяпанаўна разразае іх на стужкі, з якіх кручком і вяжа сімпатычныя палавічкі. А колькі маленькіх падушачак з гусінага пуху на канапах – гэта таксама яе работа.
Без справы не сядзіць і Васіль Канстанцінавіч. Ягоны дэвіз: шавяліся – і даўжэй пражывеш. А адмераў ён сабе не менш за 90. Жартуе: як не дойдзе да гэтага рубяжу, то дапаўзе абавязкова. Ягонае даўняе і галоўнае захапленне – выраб лазовых кошыкаў. Некалі, яшчэ хлапчуком, падгледзеў у мясцовага пастуха гэтае рамяство. Няхай і не адразу, але атрымалася і ў яго спрытна гнуць з бералозу рэбры будучага “посуду” ды пераплятаць іх шпагатам ці ніткамі альбо тымі ж пруткамі. Дзе толькі ні служаць кашалі Вадзяніка – лёгкія, зручныя ды прыгожыя. Вераснюкі развезлі іх па ўсяму свету. А яшчэ ёсць з гэтага экалагічнага матэрыялу, што расце ўздоўж ракі, змайстраваныя ім этажэркі ды крэслы.
Для сужэнцаў галоўным клопатам былі і застаюцца дзеці. Сваю дарогу знайшлі дочкі Кацярына і Валянціна, у сына засталася сям’я. У дзеда з бабуляй шасцёра ўнукаў і сем праўнучкаў. Малодшым двайнятам толькі гадок споўніўся, а яны ўжо неаднойчы ў Верасніцы гасцявалі, радуючы старых. З задавальненнем прыязджаюць у вёску і дзеці.
Сакрэта доўгага сумеснага жыцця Дарошкі не хаваюць. Каб у хаце панавалі лад ды згода, трэба ніколі не трымаць крыўды на другую палавіну, умець падладзіцца пад характар і звычкі. Ідэальных пар, як вядома, не бывае: спрачаюцца і яны, і незадавальненне выказваюць, але доўга маўчаць не ўмеюць. Канстанцінавіч хоць і лічыць сябе галавой сям’і, але прызнаецца, што трымаецца яна на жончынай “шыі”: яе разуменні, падтрымцы і цярплівасці. За брыльянтавыя гады яны змаглі падабраць адзін да аднаго тыя ключыкі, што адмыкаюць лепшыя якасці і ўзаемныя добрыя пачуцці.
Святлана Шакалян
Фота аўтара і з сямейнага архіва Дарошка