Падзякі сябрам за супрацоўніцтва
Рабочая нарада працаўнікоў паштовай сувязі раёна распачалася з даволі прыемнай падзеі для спецыялістаў гэтай галіны. Звязана яна з наведваннем РВПС галоўным рэдактарам газеты “Новае Палессе” Святланай Севасцьянавай-Казачок. Менавіта кіраўнік падвяла вынікі аб’яўленага рэдакцыяй конкурсу па арганізацыі падпісной кампаніі сярод паштавікоў і ўручыла ім каштоўныя падарункі.
Напачатку Святлана Сяргееўна падзякавала партнёрам за іх старанне, што яны праявілі падчас падпіскі на раённае выданне. Выконваючы свае прафесійныя абавязкі, паштальёны не толькі афармлялі падпісныя квіткі, але яшчэ і выступалі агітатарамі “Новага Палесся”. Таму па тыражу “раёнка” стала лідарам у рэгіёне сярод іншых газет і часопісаў. Што яшчэ немалаважна, колькасць экзэмпляраў “НП”, якія разносяць паштавікі гаспадарам дамоў і кватэр у гэтым годзе практычна такая ж як і летась. Для чаго належныя намаганні прыклалі ўсе паштовыя работнікі, але па ўмовах рэдакцыйнага саперніцтва каштоўныя падарункі ўручаны двум аддзяленням і чатыром спецыялістам. Хто ж стаў пераможцам? У ліку іх гарадское аддзяленне сувязі №4, якім кіруе Валянціна Кармішына. Супрацоўнікі гэтай установы аформілі 374 падпісныя квіткі на “Новае Палессе”, прычым, да мінулагодняга студзеня прыбавілі 28 працэнтаў тыражу. Заслугоўвае ўвагі і дзейнасць аддзялення мотадастаўкі, якое ўзначальвае Ірына Міхайлава. Работнікі гэтага структурнага падраздзялення па маленькіх вёсках здолелі сабраць больш за сотню прыхільнікаў “раёнкі”. Таму сервізы і салодкія прысмакі, што ўручыла загадчыкам галоўны рэдактар Святлана Севасцьянава-Казачок, стануць добрай памяццю для працаўнікоў аддзяленняў за свой прафесіяналізм, а таксама будуць спрыяць знітаванасці калектываў.
Сярод паштальёнаў уладальніцай куханнага камбайна ад рэдакцыі стала работніца ГАС-2 Людміла Атаманчук, у якой сёлета 218 падпісчыкаў на “НП” пры росце 19 працэнтаў. Ганна Вінаградава з чацвёртага гарадскога аддзялення сувязі, Кацярына Шчакатовіч з Бялёўскага АС і Валянціна Сучкова з Марохараўскага АС узнагароджаны заахвочвальнымі падарункамі — ручнікамі.
Несумненна, што такі конкурс адбыўся, заслуга індывідуальных прадпрымальнікаў Ніны Крупенька, Сяргея Салко, кіраўнікоў ПГУП “Белцісгандаль” Алены Павілайціс і “Прэм’ер-Прэстыж” Галіны Трасцянюк, ААТ “Тураўскі малочны камбінат” (дырэктар Вольга Луцко) якія аказалі дапамогу ў набыцці прызоў.
Сёлетняя падпісная кампанія на “Новае Палессе” яскрава прадэманстравала, што ў выдання маецца нямала надзейных партнёраў. У ліку іх і ідэалагічныя работнікі прадпрыемстваў і арганізацый. За актыўную прапаганду “ раёнкі” і правядзенне падпіскі на яе ў сваіх калектывах рэдакцыя каштоўнымі падарункамі адзначыла ідэолагаў, якія здолелі пераканаць большасць працаўнікоў аформіць падпіску на “НП”. У гэтым спісе ідэолагі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Грэнадзёр, Жыткавіцкага прафесійнага ліцэя Святлана Саўчыц, Жыткавіцкай ветэрынарнай станцыі Юлія Купрацэвіч, раённага аддзела ўнутраных спраў Уладзімір Васіленка, ДЭУ-48 Віктар Мацкевіч, Жыткавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Зінчанка, камунальнага прадпрыемства “Жыткавічыкінавідэасетка” Аксана Барчэўская, кіраўнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Казлова, дырэктар ААТ “Тураўскі малочны камбінат” Вольга Луцко. Па кожнай з гэтых арганізацый здолелі дабіцца амаль стопрацэнтнай падпіскі сваіх работнікаў на “Новае Палессе”. Радуе, што нашы агульныя намаганні далі нядрэнны плён. Давайце памятаць і надалей: газет шмат, а “раёнка” адна. Таму спадзяемся на яшчэ больш цеснае супрацоўніцтва.
Сяргей Белка
Фота аўтара