Аператары машыннага даення ААТ “Людзяневічы” ідуць на рэкорд
Вынікова распачалі бягучы год аператары машыннага даення вялікасцяблевіцкай фермы акцыянернага таварыства “Людзяневічы”.
На цяперашні час тут ад каровы за суткі надойваюць па 20,9 кілаграма малака, што дазваляе вытворчаму падраздзяленню сельгаспрадпрыемства ўпэўнена трымацца ў лідарах малочнай вытворчасці раёна.
Сённяшні паказчык для мясцовых працаўнікоў, па сутнасці, з’яўляецца своеасаблівым рэкордам. Асновай для яго сталі павышэнне тэхналагічнай і выканальніцкай дысцыпліны, належнае кармленне жывёлы, а таксама павелічэннне колькасці расцёлаў. Зараз на ферме ўтрымліваецца 148 дойных кароў, якіх абслугоўваюць чатыры аператары: Марыя Ганцарэвіч, Валянціна Краснабаева, Таццяна Федаровіч і Надзея Кучай. За дзень яны надойваюць больш як тры тоны малака.
Калі браць грамадскую жывёлагадоўлю раёна ў цэлым, то больш за дваццаць кілаграмаў малака ад адной каровы ў суткі маюць на пяці фермах. Бясспрэчным лідарам сярод іх з’яўляецца калектыў МТФ “Верасніца”, дзе дзённы надой ад адной рагулі перавышае 27 кілаграмаў.