Акцыя “Наш жывёлавод” прайшла ў акцыянерным таварыстве “Людзяневічы”
Лідар райкама прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Радавец падчас мерапрыемства добразычліва віншаваў лепшых працаўніц ферм вышэйназванай гаспадаркі.
За мінулы год людзяневіцкія жывёлаводы значна палепшылі вытворчыя паказчыкі. Таму і выбіраць перадавікоў для ўзнагароджвання прафсаюзам старшыні мясцовай пярвічкі Людміле Турмовіч-Таргонскай было даволі няпроста. Пасля доўгага аналізу паказчыкаў усіх работнікаў галіны Людміла Адмаўна канчаткова вызначылася з кандыдатурамі. Імі сталі даглядчыцы маленькіх цялят Надзея Таруціс і Святлана Ярмольская на людзяневіцкай малочнатаварнай ферме і Ала Бараноўская на сялкоўскай. Што менавіта гэтыя жанчыны атрымалі ганаровыя дыпломы і каштоўныя падарункі ад райкама прафсаюза, справа невыпадковая. Па-першае, усе яны адпрацавалі ў сельгаспрадпрыемстве не па адным дзясятку гадоў. Па-другое, работа, якая ўскладзена на іх плечы даволі клопатная. Нават пры цяперашнім узроўні механізацыі догляд маленькіх цялятак застаецца адным з самых працаёмкіх, практычна кожная тэхналагічная аперацыя патрабуе дбайных рук аператара. Несумненна, ад яго стараннасці і залежаць прывагі гадаванцаў, іх фізіялагічнае развіццё. Дарэчы, менавіта на першапачатковым этапе вырошчвання маладнячку закладваюцца асновы будучай прадуктыўнасці буйной рагатай жывёлы. І з такой адказнай задачай аператары спраўляюцца на выдатна. Хаця кожная з жанчын даглядае адначасова па сотні і болей цялят, іх прывагі адпавядаюць усім тэхналагічным параметрам. Сярэднясутачныя — па групах перадавікоў перавышаюць сямсот-васямсот грамаў.
— Прафсаюз аграрыяў і надалей будзе маральна падтрымліваць такіх старанных рупліўцаў, — зазначыў у сваім звароце да людзяневіцкіх жывёлаводаў старшыня райкама прафесійнага саюза Уладзімір Радавец. — Менавіта малочная і мясная галіны з’яўляюцца канчатковым этапам сельгасвытворчасці, бо тут засяроджваюцца ўсе рэсурсы, якія цэлы год здабываліся на палетках і сенажацях. Тым больш што прадукцыя ферм на цяперашні час вельмі запатрабаваная. І чалавек, які яе вырабляе, заслугоўвае адпаведнай пашаны.
Канечне, такая ўвага для Надзеі Таруціс, Святланы Ярмольскай і Алы Бараноўскай была вельмі прыемнай. Яны з радасцю падзяліліся з гасцямі сваімі сакрэтамі майстэрства. Як адзначалі жанчыны, тыя не мудрагелістыя. Да выканання сваіх абавязкаў патрэбна адносіцца з душою і вялікім жаданнем. Тады і поспехі будуць абавязкова.
Сяргей БЕЛКА