Ніна Махнач. Паўвека на варце здароўя
З прыемнай нагоды распачаўся мінулы чацвер для адміністрацыі і многіх работнікаў цэнтральнай раённай бальніцы. У актавай зале ўстановы прайшло ўшанаванне старэйшай калегі сістэмы аховы здароўя рэгіёна Ніны Махнач.
Медыцынскай сястры бальніцы сястрынскага догляду і кіраўніку ветэранскай пярвічкі споўнілася 70 гадоў, з якіх паўвека яна верна служыць медыцыне. Вітаючы юбілярку з асабістым святам, старшыня прафсаюзнага камітэта ЦРБ Канстанцін Грамак нагадаў прафесійныя вехі Ніны Іванаўны. Ураджэнка Нараўляншчыны пасля Мазырскага вучылішча пачынала кар’еру ў Вятчынскай участковай бальніцы, а праз пяць месяцаў, у 1968-ым, перайшла ў супрацьтуберкулёзны дыспансер. Апошнія 13 гадоў імянінніца клапоціцца пра людзей, што волей лёсу вымушаны жыць у казённых сценах. Яна прыклала нямала намаганняў, зрабіўшы гэта падраздзяленне адным з лепшых у вобласці, падкрэсліў прафсаюзны лідар.
Шмат добрых слоў адрасавала Ніне Махнач галоўны ўрач ЦРБ Людміла Катлярчук, адзначыўшы яе шматгадовую плённую працу ганаровай граматай. З такіх людзей варта браць прыклад сучаснікам. Пажаданні добрага самаадчування і бадзёрага даўгалецця віноўніцы ўрачыстасці выказалі шматлікія калегі і паплечнікі.
Святлана ШАКАЛЯН