Падчас прамой тэлефоннай лініі вырашаць праблемы грамадзян дапамагаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш
У прайшоўшую сераду падчас прамой тэлефоннай лініі вырашаць праблемы грамадзян дапамагаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш. За адведзены час да кіраўніка паступіла тры звароты.
Першым патэлефанаваў жыхар райцэнтра з вуліцы Акцябрская. Ён папрасіў старшыню дапамагчы ачысціць меліярацыйны канал на перакрыжаванні вуліцы і завулка 8-е сакавіка.
– Мы і самі справіліся б з праблемай, – даводзіў Уладзіміру Мікітавічу мужчына, – але калі рамантавалі дарогу, будаўнікі высыпалі ў канал шчэбень. Патрэбна тэхніка, каб яго дастаць, а то з-за дажджоў вада падтоплівае падворкі.
Адказ кіраўніка дэпутацкага корпусу быў рытарычным:
– Выручым абавязкова. Адказныя службы ў бліжэйшы час зоймуцца вырашэннем пытання.
Жыхарка Мілевіч дзялілася набалелым пра дрэнны стан вясковых вуліц. І па сваім пытанні кабета атрымала падрабязныя тлумачэнні, лагічным вынікам якіх сталі завярэнні, што вуліцы будуць прыведзены ў парадак. Магчыма, не так хутка, як гэтага хочацца, усё ж трэба ўлічваць і магчымасці дарожнікаў, але справу яны выканаюць.
Апошняй дазванілася ўраджэнка Найды. Яна звярнулася з прапановай, каб раённыя ўлады тыя агароджы, што пазнімалі ў Жыткавічах, выкарысталі, каб абнавіць плот на вясковых могілках.
– Працы па добраўпарадкаванні месцаў пахавання цяпер надаецца даволі значная ўвага, – запэўніў Уладзімір Мікітавіч. – Але гэта справа не толькі ўлады, але і грамадзян. Маецца нямала станоўчых прыкладаў, калі, як кажуць, сумеснымі намаганнямі ў святых для кожнага нашчадка месцах наводзіўся парадак. Безумоўна, што арганізацыйная састаўная ў такіх справа павінна зыходзіць ад Савета і дэпутатаў, але самае галоўнае знаходзіць і мець моцную падтрымку ў людзей. Менавіта ахвяраванні насельніцтва дазволяць вырашаць такія праблемы як найхутчэй.
Сяргей БЕЛКА