Артыстка з вялікай літары «А»
Музычная моц калектыву Сямурацкага сельскага клуба прымушае слухачоў на некаторы час забыцца пра ўсе нягоды зямнога жыцця і пагрузіцца ў свет фальклору, мінулага, якое застаецца ў галасах артыстак і радках народных песень.
У сваім родзе «Сцвіжанка» — сапраўды ўнікальны ансамбль, які адрозніваецца асаблівай манерай выканання і рознагалоссем. Каларытнасць надаюць не толькі шыкоўныя голасы і вышытыя ўручную касцюмы, але і прысутнасць самай пажылой выканаўцы раёна.
Анастасія Калесная не адзін дзясятак гадоў прысвяціла музыцы. Будучы ў 92-гадовым узросце, жанчына знаходзіць сілы, каб часам паказаць сапраўдны клас і даць фору іншым калектывам.
Анастасія Парфёнаўна нарадзілася 2 жніўня 1926 г. у вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна. Падчас вайны перабралася на Тураўшчыну. Па збегу трагічных абставінаў засталася адна. Дачка Анастасіі Калеснай, Ніна, таксама ходіць ў «Сцвіжанку», а ўнучка Анастасія з’яўляецца мастацкім кіраўніком. Спяваюць разам з імі яшчэ адна ўнучка жанчыны, праўнучкі і нават прапраўнучкі.
Народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Сцвіжанка», можна сказаць, музычная разыначка Тураўскай зямлі. Заснаваны ён ў 1982 годзе. Неаднаразова артысты станавіліся пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, часта адпраўляліся пакараць публіку замежных краін, мільгалі на старонках беларускай прэсы.
Калектыў можна смела назваць сямейным, бо ён па большай частцы складаецца са сваячак Анастасіі Калеснай, якія, дарэчы, некалькі разоў станавіліся героямі тэлевізійных перадач. Апошняй такой стаў рэспубліканскі тэлевізійны праект «Беларусь-3» «Хата на хату», дзе яны занялі другое месца, годна прадставіўшы Жыткаўшчыну.
Народная вясельная песня з рэпертуару Анастасіі Калеснай
З под белого да березнічку,
З под белого да березнічку,
Сівы конік да выбегае.
Да не сам же ён бежыць,
Да не сам же ён бежыць.
На ём Ванечка же седзіць.
Ён коніка да поганяе,
Ён коніка да поганяе,
Ён з коніком да размаўляе.
Ой, коню, ты ж мой коню,
Ой, коню, ты ж мой коню,
Похваляйса ты мною.
Похваляйса ты мною.
Похваляйса ты мною.
Да й моею жаною.
Мая жона каліна-маліна,
Мая жона каліна-маліна,
Увесь род закрасіла.
Дзіяна Рыдзецкая