Самыя цёплыя і шчырыя словы ўдзячнасці выказаў старшыня райсавета Уладзімір Кулеш Марыі Кіслюк
Самыя цёплыя і шчырыя словы ўдзячнасці і віншаванняў выказаў старшыня райсавета Уладзімір Кулеш напярэдадні Дня маці Марыі Кіслюк з аграгарадка Кольна і Вользе Мароз (на здымку) з вёскі Бярэжцы. Каб аддаць належную павагу гэтым мужным жанчынам, Уладзімір Мікітавіч наведаўся да іх дадому.
Для Марыі Ільінічны такая ўвага з боку кіраўніка раённага Савета дэпутатаў стала прыемнай нечаканасцю, але і яна, і яе родзічы ўзрадаваліся госцю, які прыйшоў з кветкамі і падарункам. Таму ў яго нязмушаная размова з гаспадынямі сядзібы завязалася вельмі хутка. Гаварылі пра здароўе, пра надзённыя клопаты, успомнілі і сына-героя Анатоля, які загінуў у Афганістане.
– Канечне, страта гэтая вялікая для маці, але ўжо такі ў мужчын лёс – абараняць Айчыну, – суцяшаў пажылую жанчыну Уладзімір Мікітавіч. – І такія людзі, як Марыя Ільінічна, заслугоўваюць асаблівага шанавання ўжо толькі за тое, што вырасцілі сапраўднага патрыёта сваёй Радзімы, што не страцілі ў горы чуласці і душэўнасці.
Не менш шчымліва разгортваліся падзеі і ў хаце Вольгі Іванаўны. Пра яе сына, які ахвяраваў уласным жыццём дзеля таго, каб выратаваць сваіх таварышаў студэнтаў ад смяртэльнай небяспекі, Уладзімір Кулеш ведаў з юначых гадоў. Школьнікам з аднакласнікамі прыязджаў з Турава на веласіпедах у Бярэжцы, каб ад маці героя пачуць аповед пра Мішу, як гартаваўся яго характар. Пякучы боль і зараз працінае яе сэрца, нават прайшоўшыя дзесяцігоддзі не могуць зацягнуць душэўнай раны. Для такіх маці светлая памяць пра іх сыноў, якая жыве дагэтуль, і з’яўляецца найвялікшай падзякай ад усіх нашчадкаў.
Сяргей БЕЛКА
Фота аўтара