Біяграфіі гэтых 95-гадовых тураўчанак маглі б ператварыцца ў сапраўднае кіно

Ва ўмелых руках сцэнарыстаў біяграфіі гэтых 95-гадовых тураўчанак маглі б ператварыцца ў сапраўднае кіно. І быў бы то серыял пра мацярынскую самаахвярнасць, жаночую вернасць і вялізарную працавітасць.

Еўдакія

У Тураве забаранялі хрысціць дзяцей, таму мясцовыя жанкі вырашылі зрабіць гэта ў кіеўскай царкве. Да суседняй сталіцы дамовіліся дабірацца па Прыпяці параходам і білеты купілі на 21 чэрвеня. Еўдакія Чорная, самая малодшая ў той кампаніі (яшчэ паўналецця не споўнілася), везла паўгадовую Галю.

— Калі падплывалі да прыстані, загулі ў небе самалёты, — успамінае трагічныя старонкі лёсу доўгажыхарка. — Неўзабаве немцы сталі бамбіць горад, і мы даведаліся, што пачалася вайна. Бацюшка ўсё ж не адмовіў. А потым была доўгая дарога дадому. У Мазыр дабраліся рачным шляхам, далей з малымі на руках — пехатою.

Такімі былі першыя выпрабаванні Еўдакіі Паўлаўны. Мужа яна дома не застала, Івана Рыгоравіча мабілізавалі на фронт. Праз некаторы час ён вернецца да сям’і, ратуючыся з палону. А потым зноў пойдзе біць фашыстаў. Толькі на гэты раз разам з першай дачушкай бацьку будуць чакаць яшчэ дзве — Таццяна і Варвара.

— Ніколі не забуду тую трафейную тушонку, што летам 1945-га прынёс тата, — далучаецца да матчынага аповеду Галіна Іванаўна, якая стала бухгалтарам. — Здаецца, нічога смачней не каштавала…

Краіна пасля акупацыі залечвала раны, становячыся на мірныя рэйкі, а сям’я Чорных дужэла і расла. Следам за “ваеннымі” сёстрамі нарадзіліся Марыя і Ніна, а потым, нарэшце, і чаканы хлопчык — Коля. Усе дзеці выраслі годнымі людзьмі, атрымалі розныя прафесіі. Двое з’ехалі ў Чарапавец, столькі ж выбралі пасёлак Хваенск, адна стала жыткаўчанкаю, другая жыве з Еўдакіяй Паўлаўнай у Тураве. Слаўны род паважанай бабулі працягваюць 14 унукаў, якія далі жыццё 17-ці сваім дзецям, а тыя з’явілі на свет яшчэ шасцёра нашчадкаў. На жаль, дзядулі Івану выпала панянчыць нямногіх, ён пайшоў з жыцця больш за 20 год таму.

— Мама ўвесь час з малітваю, — у згодзе з Богам і людзьмі бачыць сакрэт доўгага веку гераіні аповеда яе другая дачка, ветэран педагагічнай працы з 40-гадовым стажам, Таццяна Іванаўна. — Да гэтай пары яна шчыра посціць і чытае напамяць Евангелле. Не іначай Гасподзь трымае на гэтым свеце. У 50 гадоў урачы знайшлі ў мамы хваробу сэрца і забаранілі цяжка працаваць, але ж яе гэта не стрымлівала.

— Колькі мае рукі ў калгасе перарабілі, — уздыхае старэйшая жанчына. — Папацерла лёну зімамі. Старалася здаць даўгунец самым даражэйшым 16-ым нумарам, толькі ж пенсіі зарабіла ўсяго 53 савецкія рублі. Але ж, дзякуй Богу, дзеці мяне не кідаюць, глядзяць, — з удзячнасцю зазначае бабуля. — І свечка мая яшчэ не дагарэла…

Надзея

Шасцёра дзяцей гадавала і другая юбілярка-равесніца Надзея Рыгораўна. З той толькі розніцай, што былі яны не свае, а мужавы. “Багатай” маці жанчына стала ў сорак гадоў.

— Сакалоўскі пазваў праз месяц пасля смерці жонкі, — здзіўляе сваім ахвярным учынкам сціплая бабуля і перапытвае, — якая любоў? Сірот трэ было падымаць, іх шкадавала.

Старэйшы хлопец  ужо меў сваю сям’ю, другі вучыўся, трэці служыў. Найбольш у пяшчотным клопаце мелі патрэбу дзяўчаты. Татаву жонку прынялі хутка, ледзь не з першых дзён назваўшы мамай. Малодшай мінуў толькі сёмы гадок, і яна стала галоўным “хвосцікам”.

— Пайду сена зграбаць, а Ніна мяне каля ракі сустракае, — нібы гэта было ўчора прыгадвае мінулае Надзея Рыгораўна. — Я і дачку яе потым глядзела. Слава богу, усе параслі.

Любіміца і цяпер найчасцейшы госць у бацькоўскай хаце. Яна жыве бліжэй за іншых, у Несвіжскім раёне, працуе на адным з тутэйшых заводаў. Сына Івана ўжо няма. Астатніх дзяцей  лёс раскідаў па свету: Масква, Кемерава, Белгарад. Коля — ваенны ў адстаўцы, Віктар у 72 гады яшчэ практыкуючы ўрач, Наташа атрымала прафесію медсястры, Валянціна — работнік сельскай гаспадаркі. У кожнага ёсць дзеці і ўнукі.

У пары субяседніца пражыла больш за чатыры дзясяцігоддзі. Адам Якаўлевіч, які вярнуўся з фронту без нагі, працаваў школьным заўхозам. Працяглымі вечарамі ў апусцелай хаце доўгажыхарка без крыўды на долю ўспамінае так хутка праляцеўшыя гады:

— Горовала дый годзе, ні выхаднога, ні прахаднога. З пяццю класамі звеннявой была, у калгасе картоплі садзілі, лён бралі, хмель рваць хадзілі. Цяпер так ніхто не робіць, як колісь.

Апошні раз Сакалоўскія ў бацькоўскім доме збіраліся гэтым летам, каб павіншаваць Надзею Рыгораўну з круглай датай. Сваёй удзячнасцю тады, кажа бабуля, расчулілі яе да слёз. Роднага  селішча жанчына пакідаць не хоча. Спраўляцца з бытам ёй дапамагае сацыяльны работнік Валянціна Сядзельнік, якую апякуемая хваліць за ўважлівасць.

Развітваючыся, звяртаю ўвагу на свежыя дыванкі на падлозе: мабыць, чыйсці падарунак. Аказваецца, з іголкай выдатна абыходзіцца сама гаспадыня. І гэта ў 95 гадоў.

Дарэчы

Сёлетні год стаў юбілейным яшчэ для трох жыхарак Турава. Свой дзевяноста пяты дзень нараджэння таксама аддзначылі Вольга Маркаўна Карніцкая, Лідзія Сяргееўна Русая і Лідзія Дзмітрыеўна Астравік. А лідарскія пазіцыі па ўзросце ў старажытным горадзе захоўвае ветэран Вялікай Айчыннай вайны былы педагог Аляксандр Еўстаф’евіч Блоцкі. У будучым маі яму спаўняецца роўна век.                                                                                      

Святлана ШАКАЛЯН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.