Калі поспех адзін для ўсіх
Праца на зямлі заўсёды з’яўлялася ганаровай справай. Сведчанне гэтаму – мноства разнастайных каляндарных святаў, падчас якіх ушаноўваюцца старанні хлебаробаў, аддаецца ім належная пашана. Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці – яшчэ адна нагода засяродзіць увагу на справах аграрыяў раёна. Менавіта аб гэтым гутарка з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалаем П’яўко.
— Мікалай Мікалаевіч, Вы задаволеныя тым, як складваецца для працаўнікоў вёскі бягучы год?
— Прызнаюся шчыра, ён атрымаўся даволі складаным. Але радуе тое, што большасць неспадзяванасцяў аграрыі Жыткаўшчыны годна пераадолелі. Так, прыкладзена нямала намаганняў, але гэта толькі пацвярджае высокі прафесіяналізм калектываў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу нашага рэгіёна. Усё ж, як бы там не было, цяпер мы можам з упэўненасцю адзначыць, што маем нямала добрых паказчыкаў
— Відаць, Вы найперш узгадваеце вынікі, якія маюць жывёлаводы ў малочнай галіне?
— Безумоўна. За дзесяць месяцаў валавы надой склаў 42017,3 тоны малака супраць 40214,4 за такі леташні перыяд. Прыросту дабіліся 104,5 працэнта. У сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба і акцыянерным таварыстве “Дзякавічы” працаўнікі ферм палепшылі свае паказчыкі па вытворчасці малака на 135 і 146,5 працэнта адпаведна. Нядрэнна ідуць справы і ў аператараў машыннага даення КСУПаў “Бялёў” і “Коленскае”.
Што тычыцца сярэднераённага надою малака ад каровы, то ён за дзесяць месяцаў дасягнуў адзнакі 4258 кілаграмаў. У трох гаспадарках ААТ “Тураўшчына”, “Людзяневічы і КСУПе “Бялёў” аддача ад каровы перавысіла чатыры тоны, а ў сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба шэсць з паловай. Гэта стварае ўсе прадпасылкі, што працаўнікі грамадскіх ферм раёна па канцу года ад адной каровы будуць мець больш як пяць тысяч кілаграмаў малака.
— Развіццё малочнай галіны, напэўна, дае і адпаведны штуршок дзейнасці Тураўскага малочнага камбіната?
— Скажу так, на прадпрыемстве ўкараняецца нямала мерапрыемстваў, каб палепшыць сваю работу. Ідзе пошук рэзерваў па зніжэнні затрат на адзінку прадукцыі. І найперш прымаюцца захады, каб загрузіць на поўную моц наяўныя вытворчыя магутнасці. Зараз каафіцыент загрузкі складае толькі 59,1 працэнта. Для яе павелічэння камбінат актыўна пашырае сыравінную зону як на Гомельшчыне, так і за яе межамі. У выніку сутачнае паступленне малака ўдалося павялічыць з 334 тон у студзені да 389 у кастрычніку. Да канца года плануецца выйсці на паказчык у 420 тон у заліковай вазе. Прапаноўвае прадпрыемства на рынак і новыя віды прадукцыі. Аб’ёмы прадаж на кастрычнік у параўнанні са студзенем выраслі на 68 працэнтаў. Сістэматычна працуе ТМК і з банкамі па зніжэнні працэнтаў па крэдытах і рэструктарызацыі партфеля запазычанасцяў.
— А вось за раслінаводчую галіну не іначай душа баліць?
— Зразумела. Як забыцца на тую спякоту, што на корані засушыла ўраджай каласавых. У сельгаспрадпрыемствах зрабілі ўсё, каб сабраць не меней паўсотні тысяч тон збажыны. З-за неспрыяльнай пагоды атрымалі ў два разы меней. Канечне ж, ад такога выніку горыч засталася. Хаця па ўраджайнасці збажыны, з гектара намалацілі па цэнтнеры, мы другія ў вобласці. Ды і з уборкай кукурузы на зерне ў нас цяпер справы зладзіліся добра. Яго атрымана з гэтай культуры прыкладна дванаццаць з паловай тысяч тон. Увогуле бягучая восень, як ніколі сёлета была нашым саюзнікам. Таму і пасеялі азімых каласавых 12750 гектараў. Ды і ўраджай увесь прыбралі. У сховішчы засыпалі амаль пяць тысяч тон бульбы, больш як восем тысяч агародніны і 2258 садавіны. Прайшоўшыя сельскагаспадарчыя кірмашы, якія адбываліся ў нашым райцэнтры, паказалі аграрыі раёна здольныя забяспечыць гараджан самай разнастайнай і якаснай прадукцыяй раслінаводства. Дарэчы, гаспадаркамі яе рэалізавана на 17535,22 рублі.
— Поспехі на сельгасвыт-ворчасці цесна звязаны з абнаўленнем матэрыяльнай базы. Як абстаяць справы ў гаспадарках у гэтым накірунку дзейнасці?
— Штогод робім нямала. І сёлета таксама выкананы значныя аб’ёмы работ. Праведзены рэканструкцыі на фермах у КСУПе “Чырвоны Бор”, у ААТ “Тураўшчына” запушчаны малочнадаільны блок. Варта сказаць, што ў камунальным сельгаспрадпрыемстве “Коленскае” як раз напярэдадні свята аграрыяў поўнасцю ўведзены ў эксплуатацыю малочнатаварны комплекс на шэсць соцен галоў дойнага статку. Гэта значна прымножыць нашы магчымасці ў вытврчасці малака. Ды і пастаўленыя ў ААТ “Жыткавічыхімсервіс” пяць энерганасычаных “Беларусаў” дазволілі нам значна тэхналагічней працаваць на грамадскіх палетках. Новай тэхнікай абзавяліся і сялянская гаспадарка М.Р. Шруба, акцыянерныя таварыствы “Прыазёрскае-Агра”, “Тураўшчына” і іншыя сельгаспрадпрыемствы. Вялікая работа праведзена па будаўніцтву і рэканструкцыі сянажных і сіласных траншэй. Больш за тры дзясяткі такіх аб’ектаў атрымалі другое жыццё. Адназначна, гэта толькі станоўча адаб’ецца на якасці захоўваемых кармоў.
— Дарэчы, кормавытворчасць — важная састаўная для павелічэння прадукцыі жывё-лагадоўлі. Ці ўдалося зрабіць неабходны запас фуражу?
— У разліку на адну ўмоўную галаву мы маем па 29,6 цэнтнера кармавой адзінкі. Так што паўтарагадовы запас корму для грамадскай жывёлы ў нас маецца. Гэта надае ўпэўненасці, што будзем мець малако і мяса, а ў канчатковым выніку і станоўчыя фінансавыя паказчыкі. Увогуле, уся дзейнасць аграрнага сектара рэгіёна і накіраваная на гэта.
— Дзякуй за гутарку. І поспехаў вяскоўцам ва ўсіх іх справах.
Сяргей БЕЛКА