Сяргей Ярмош — ў прафесіі чалавек на сваім месцы.
Ён амаль паўтара дзясятка гадоў аддаў ветэрынарнай справе. За гэты час не толькі дасягнуў вышынь майстэрства, але і зрабіў добрую кар’еру.
Ужо шэсць гадоў Сяргей Уладзіміравіч узначальвае калектыў Жыткавіцкай раённай ветэрынарнай станцыі. Менавіта пад яго кіраўніцтвам спецыялісты ўстановы паспяхова выконваюць у грамадскай і прыватнай жывёлагадоўлі неабходны комплекс лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў. Іх кола даволі шырокае. Вынікі работы ветстанцыі сведчаць, што спраўляюцца ветэрынары з абавязкамі нядрэнна. Нягледзячы на вялікую занятасць па арганізацыйна-адміністрацыйнай дзейнасці Сяргей Уладзіміравіч пастаянна наведвае фермы сельгаспрадпрыемстваў, каб дапамагчы калегам з гаспадарак практычна і парадай. Менавіта ў такія хвіліны кіраўніку на памяць прыходзяць яго першыя працоўныя будні. Пасля заканчэння Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Ярмош не адзін год шчыраваў у КСУПе “Коленскае”, таму добра ведае цану хлеба вясковага Айбаліта. Не менш насычаным быў перыяд у дзейнасці пасля пераводу ўрачом у ветстанцыю.
Нядаўна вынікі працы Сяргея Уладзіміравіча адзначаны Ганаровай граматай Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Як пазначана ва ўзнагародным лісце, ён уручаны кіраўніку ветслужбы Жыткаўшчыны за асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, добрасумленную і шчырую працу ў сістэме аграпрамысловай вытворчасці, узорнае выкананне ўласных службовых абавязкаў. Хаця Сяргей Уладзіміравіч лічыць, што гэта заслуга ўсяго калектыву, які ўзначальвае, бо менавіта кожны ветэрынар станцыі сваёй дзейнасцю ствараў станоўчы канчатковы вынік.
Тое, што ветэрынарная служба раёна паспяхова выконвае ўскладзеныя на яе абавязкі, Сяргей Ярмош звязвае і з цесным партнёрствам са спецыялістамі і начальнікам райсельгасхарчу, а таксама райвыканкама. Дзякуючы гэтаму ветэрынарам удаецца паспяхова вырашаць мноства разнастайных праблем, умацоўваць сваю матэрыяльную базу, забяспечваць неабходныя параметры ў рабоце. Так атрымліваецца таму, што галоўны ветэрынарны ўрач раёна імкнецца гэта супрацоўніцтва прымнажаць і паглыбляць.
Пра высокую дзеяздольнасць работнікаў раённай ветэрынарнай станцыі і яе кіраўніка сведчыць нямала канкрэтных і карысных спраў, пра якія можна расказаваць і расказваць. Але важней іншае, што ўсе ва ўстанове мэтанакіравана працуюць, каб атрымлівалася ў працы яшчэ намнога лепей. І Сяргей Уладзіміравіч не толькі падтрымлівае ініцыятыву спецыялістаў, накіроўвае яе ў стваральнае рэчышча, але і сам паказвае прыклад дбайнасці і прафесіяналізму.
Сяргей Белка