Інтэграванае навучанне садзейнічае рознабаковаму развіццю дзяцей у ДУА “Верасніцкая сярэдняя школа”
Інтэграванае навучанне садзейнічае рознабаковаму развіццю дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі і стварае ўмовы для эфектыўнай сацыяльна-працоўнай адаптацыі. Яно практыкуецца ў нашай школе ўжо больш за 10 гадоў. Сёння ў нас дзейнічаюць тры такія класы.
Дзякуючы згуртаванай рабоце педкалектыву ва ўстанове створана такое адукацыйнае і сацыякультурнае асяроддзе, якое цэніць індывідуальныя якасці кожнага дзіцяці. Навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця удзельнічаюць у жыцці класа і школы – творчых і інтэлектуальных конкурсах, працоўных і дабрачынных акцыях. У шосты школьны дзень наведваюць гурткі і мерапрыемствы.
У сваёй рабоце з вучнямі выкарыстоўваю як традыцыйныя, так і нестандартныя прыёмы і метады. Самастойна падбіраю наглядныя і раздатачныя матэрыялы, якія адпавядаюць патрэбам кожнага дзіцяці. Пры вырабе індывідуальных картак выкарыстоўваю вялікі друкаваны шрыфт і павялічаны інтэрвал пасля абзаца, а галоўная інфармацыя выдзяляецца іншым колерам. Такім чынам, вучэбны матэрыял успрымаецца ў даступнай форме.
Шырока прымяняю інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, якія значна спрашчаюць вучэбны працэс. З дапамогай камп’ютарнай тэхнікі дзеці набіраюць тэксты, выконваюць класныя і дамашнія работы. Для эканоміі часу пры наборы тэксту загадзя рыхтую шаблоны ў праграме MicrosoftWord, дзякуючы чаму рабятам застаецца толькі ўставіць прапушчаныя сімвалы ці напісаць адказ на пастаўленае пытанне задачы ці прыкладу.
Для правядзення ўрока часта выкарыстоўваю прэзентацыі. Яны прымяняюцца як наглядныя дапаможнікі і заданні, у якіх навучэнцы адказваюць на зададзеныя пытанні, пасля чаго пераходзяць на новы слайд-узровень.
“Асаблівыя” дзеці, якія займаюцца ў звычайных школах, хутчэй, чым навучэнцы спецшкол, уключаюцца ў кола сацыяльных узаемасувязей. Яны маюць магчымасць адчуваць рэальныя патрабаванні з боку тых, хто побач, на ўзроўні сваіх ведаў, прывучаюць да самастойнасці, гібкасці ў паводзінах і мабільнасці.
А. Каралец, настаўнік нямецкай мовы,
педагог дадатковай адукацыі
ДУА “Верасніцкая сярэдняя школа”