Жыткавiцкiе жывёлаводы прыбавілi у вытворчасці малака

Мінулы год для працаўнікоў грамадскіх ферм раёна запомніцца адразу некалькімі станоўчымі момантамі. Найперш, жывёлаводы здолелі прыбавіць у валавай вытворчасці малака, а па надою ад адной каровы замацавацца на пяцітонным паказчыку. Гэта стварае трывалы падмурак для паспяховай работы малочнай галіны сёлета.

Як сведчаць вынікі дзейнасці аператараў машыннага даення, летась яны атрымалі 49760,1 тоны малака, што на 2013,7 больш за паказчык папярэдняга года. Забяспечаны прырост у 4,2 працэнта. Нажаль, у разрэзе гаспадарак так паспяхова склаліся справы не ва ўсіх. Упэўнена нарошчвалі валавую вытворчасць малака ў сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба. Пры росце 135,6 працэнта жывёлаводы згаданага сельгаспрадпрыемства здолелі дадаць да свайго ранейшага дасягнення ячшэ 2162,9 тоны прадукцыі. Гэта яскравы прыклад дбайнасці і прафесіяналізму, умення працаваць  з улікам самых сучасных тэхналагічных патрабаванняў, на поўную выкарыстоўваць наяўныя рэсурсы. Таму і нядзіўна, што прадуктыўнасць жывёлы на мясцовым малочнатаварным комплексе павялічваецца год ад году. Прычым, вобразна кажучы, сямімільнымі крокамі. Калі пазалетась надой ад каровы ў гаспадарцы М.Р. Шруба быў 6764 кілаграмы, то за час мінулагодняй работы яго давялі да 7986. І варта сказаць, што сельгаспрадпрыемстваў з такім паказчыкам у краіне не так і шмат.

Значную прыбаўку ў малочнай вытворчасці забяспечылі і працаўнікі акцыянернага таварыства “Дзякавічы”. Працэнт росту па гэтай гаспадарцы павялічыўся амаль удвая, але атрымалася гэта, відаць, толькі за кошт павелічэння пагалоўя рагуль. Бо, мяркуючы па надою ад адной каровы, на дзякавіцкай ферме ён адзін з самых нізкіх у раёне — 2588 кілаграмаў, таму такі здабытак, так бы мовіць, больш нагадвае таптанне на адным месцы, чым інтэнсіфікацыя галіны. Але разам з тым, і своеасаблівы рэзерв на будучае, бо, каб выйсці нават на сярэдняраённы ўзровень па надою, дзякавіцкім жывёлаводам трэба прыбаўляць і прыбаўляць. І не па сямнаццаць кілаграмаў на адну карову, як гэта яны зрабілі летась.

Упэўнена нарошчваюць вытворчасць працаўнікі КСУПа “Бялёў”. У параўнанні з папярэднімі гаспадаркамі прыбаўка па малочнаму валу ў іх сціплейшая — усяго 4,1 працэнта (2847,6 супраць 2736,6 тоны пазалеташніх). Але яна стабільная. На мясцовых фермах ужо даўно маюць надой у пяць тон ад каровы. За мінулы год ён склаў 5254 кілаграмы  і павялічыўся ў параўнанні з папярэднім на 177 літраў.  Імпануе, што ў камунальным сельгаспрадпрыемстве робяць стаўку не толькі на павышэнне прадуктыўнасці статка, але і на павелічэнне яго пагалоўя. Зрабіць гэта дазволіць у тым ліку і рэканструяваная  гаспадарчым спосабам ферма.

Добрыя магчымасці для нарошчвання аб’ёмаў малочнай прадукцыі маюць і ў КСУПе “Коленскае”. Пра мінулагоднія здабыткі мясцовых аператараў машыннага даення можна сказаць наступнае: спрацавалі на пазалеташнім узроўні як па валаваму надою, так і ад адной каровы — адпаведна 5121,8 тоны (100,4 працэнта) і 4561 кілаграм. Толькі, здаецца, што ў “Коленскім”, вобразна кажучы, засядзеліся на апошнім паказчыку,  даўно прыйшла пара выходзіць у лік тых гаспадарак, якія надойваюць ад каровы па пяць тысяч і болей кілаграмаў малака. Тым больш што для гэтага з’явілася яшчэ адна магчымасць – новы малочнатаварны комплекс, здадзены ў эксплуатацыю нядаўна.

На жаль, прыходзіцца канстатаваць, што тэмпы росту па вытворчасці малака знізіліся ў акцыянерных таварыствах “Тураўшчына”, “Прыазёрскае-Агра” і “Людзяневічы”. Прычым, гаспадаркі валодаюць даволі салідным патэнцыялам, каб не дапускаць падобнага. Гэта і сучасныя малочнатаварныя комплексы, і адказныя работнікі, ды і кармавая база тут маецца таксама нядрэнная. Але ж нейкія збоі прывялі да несуцяшальнага выніку. Напрыклад, ААТ “Тураўшчына” па валу малака змагло толькі выйсці на 99,6 працэнта таго ўзроўню, што мела ў 2017 годзе (18497,2 тоны супраць 18571,5 пазалеташніх), а ААТ “Прыазёрскае-Агра” спрацавала на 97,1 працэнта (адпаведна 5492,3 тоны супраць 5656,7) У людзяневіцкіх жывёлаводаў паказчык яшчэ горшы — 93,2 працэнта.

Несумненным жа аўтсайдэрам у “малочнай гонцы” рэгіёна стала па выніках мінулага года камунальнае сельгаспрадпрыемства “Чырвоны Бор”.  На фермах гаспадаркі за азначаны час надаілі ўсяго 3226,8 тоны малака, што складае толькі 88,8 працэнта ад таго валу прадукцыі, які мелі пазалетась.  Да таго ж прадуктыўнасць кароў тут знізілася больш як на чатырыста кілаграмаў. І тыя 3145 кг у разліку на адну рагулю, што дабіліся мясцовыя даяркі, па цяперашніх мерках, вобразна кажучы, не іначай як казінымі не назавеш. Самае прыкрае, у згаданым сельгаспрадпрыемстве негатыўная тэндэнцыя ў малочнай галіне  год ад году пагаршаецца.

Сёлета жыткавіцкія вытворцы малака ставяць перад сабой новыя задачы. У планах забяспечыць рост прадукцыі на 104 працэнты. А гэта значыць, мець надой ад адной каровы не меней як 5200 кілаграмаў, а валавы — 51870 тон. Бачна, што па апошняму паказчыку неабходна будзе прыбавіць амаль дзве тысячы тон малака. Задача па сілах, хаця пакуль большасць сельгаспрадпрыемстваў працуе на тым жа ўзроўні, што і раней. Але комплекс мераў, якія мяркуецца  накіраваць на развіццё галіны, прынясе жадаемы вынік. Галоўнае, на месцах памятаць  аб тым, што мае той, хто належна дбае.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.