Днямі ў Хлупінскім дзіцячым садзе-базавай школе надарылася свята
Падставай для яго стаў візіт дэпутата абласнога Савета Аляксандра Архіпенкі.
Аляксандр Іванавіч Прыпяцкую выбарчую акругу, жыхары якой аказалі яму давер, з рабочымі паездкамі наведвае пастаянна, дзе сустракаецца з людзьмі, унікае ў іх праблемы, імкнецца дапамагчы іх вырашыць. Так было некалькі месяцаў назад, калі Архіпенка ладзіў прыём грамадзян у Перароўскім сельсавеце. Падчас яго ў гутарцы са старшынёй мясцовай улады Інай Дарафей прапанаваў аказаць невялікую дапамогу і папрасіў тую падумаць, каму больш яна патрэбна. Іна Сцяпанаўна, якая да свайго абрання на пасаду кіраўніка Савета працавала дырэктарам Хлупінскай навучальнай установы і добра ведае яе патрэбы, адразу назвала гэты адрас. Народны абраннік тут жа вызначыўся з падарункам – вырашыў, што гэта будуць камп’ютары. І такі выбар невыпадковы. Аляксандр Іванавіч працуе начальнікам філіяла №300 — Гомельскага абласнога ўпраўлення ААТ “ААБ Беларусбанк”. Зразумела, у такой саліднай установе абнаўленне матэрыяльнай базы адбываецца пастаянна, але тэхніка, якой карысталіся банкіры, яшчэ прыдатная да эксплуатацыі і можа доўгі час прыносіць карысць іншым. Тры такія камп’ютары дэпутат прывёз у невялікую вясковую школу. Вучні і настаўнікі ўспрынялі падзею з вялікай радасцю. Таму сустракалі Аляксандра Іванавіча, як самага дарагога госця, — хлебам-соллю ды сакавітым беларускім вершам.
Пасля вітання асноўная дзея мерапрыемства перамясцілася ў актавую залу ўстановы, дзе сабраліся навучэнцы і педагогі. Тут дэпутат аблсавета і ўручыў такі неабходны ўстанове падарунак. Па словах яе дырэктара Таццяны Герман, у камп’ютарнай тэхніцы яны маюць вялікую патрэбу, бо тая, што ёсць, даўно састарэла, на ёй нават цяжка працаваць з сучасным праграмным забеспячэннем. З найлепшымі пажаданнямі калектыву Аляксандр Архіпенка прэзентаваў Хлупінскаму дзіцячаму саду-базавай школе і кнігу па гісторыі развіцця банкаўскай справы ў Беларусі, а таксама па просьбе дырэктара народны абраннік уручыў старшакласнікам членскія білеты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і дыпломы вучням, якія паспяхова выступілі ў абласных спаборніцтвах “Снежны снайпер”. Калектыў таксама пастараўся належна аддзячыць свайму фундатару, парадаваўшы яго ўласнымі талентамі.
Варта сказаць, Хлупінская школа адна з найменшых у раёне. Тут вучыцца і выхоўваецца разам з дзетсадаўцамі 34 дзіцяці з трох навакольных паселішчаў. Дэпутацкая ініцыятыва — гэта яшчэ адзін крок па павышэнні інфарматызацыі нашага грамадства, нават і ў такіх аддаленых куточках.
Сяргей БЕЛКА
Фота аўтара