На Беларусі і далёка за яе межамі добра вядома імя Міколы Котава
На Беларусі і далёка за яе межамі добра вядома імя Міколы Котава, выдатнага фалькларыста, харэографа, мастацкага кіраўніка тэатра фальклору “Матуліна хата”.
Гэты чалавек дбае, каб народная музычная культура пашыралася не толькі дома, а і па-за межамі краіны. Неаднойчы са сваімі сябрамі-аднадумцамі з канцэртам ён наведаў Прыбалтыку, розныя гарады Украіны, Расіі, некалькі разоў выступаў перад суайчыннікамі ў ЗША.
Хаця Мікола Котаў нарадзіўся ў Рэчыцкім раёне, але да Тураўшчыны, як і да іншых палескіх мясцін, у яго асаблівая любоў, таму што шматлікія куточкі Жыткавіцкага раёну – найбагацейшая скарбонка этнаграфіі, вуснай народнай творчасці. А пачатак гэта прыхільнасць узяла ў 1964 годзе, калі Мікола Конанавіч прыехаў у г. Тураў. Тут з вучняў і настаўнікаў сярэдняй школы №1 ён стварыў танцавальны калектыў, які ў Маскве выступаў і на ВДНГ, і ў Калоннай зале Дома саюзаў, і ў гарадку касманаўтаў. З радасцю жыхары сталіцы сустракалі “Лявоніху”, “Бульбу” і іншыя беларускія танцы ў выкананні палескіх артыстаў. Дарэчы, дзякуючы неабыякавасці і таленту кіраўніка “Прыпяці”, вялікіх поспехаў у справе даследвання і папулярызацыі мясцовага фальклору і этнаграфіі дасягнулі школы №№ 1 і 2 г. Турава, Верасніцы і іншыя. У народзе нават прыжылася трапная прымаўка: “Дзе Котаў ходзіць – там добры настрой родзіць, а дзе Котаў нагой – там аптымізм гарой”.
Я многа чуў пра гэтага цудоўнага танцора, артыста высокага класа, але сустрэцца і наведаць яго выступленні не даводзілася аж да сёлетняга 26 студзеня. Менавіта ў гэты дзень у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ладзілася свята “Запрашаем на вячоркі ў хату спадара Міколы Котава і спадарыні Кацярыны Пяршлевіч”, на якое ў тэлефоннай размове Мікола Конанавіч запрасіў і мяне. Уражанне ад знаёмства склалася такое, быццам пасярод зімы наступіла вясна.
Віншавальным словам вячоркі адкрыла Эліна Свірыдовіч, загадчыца навукова-асветніцкага аддзела музея. Затым ў невялічкай, але ўтульнай зале адбыўся цудоўны канцэрт, у якім прынялі ўдзел народны ансамбль “Суседзі” з вёскі Прылепы, што ў Смалявіцкім раёне (яго складаюць ураджэнцы з адселеных тэрыторый Нараўляншчыны), мастацкі кіраўнік Марыя Гулевіч, артысты тэатра фальклору “Матуліна хата” і яго стваральнік, непараўнальны выканаўца чачоткі. З вялікім задавальненнем глядачы ўспрымалі выступленне. З салістаў адзначыліся Кацярына Пяршлевіч, сёстры Альвіра і Таццяна Корбут. На “біс” была сустрэта песня Міколы Котава “Дранікі – бульбянікі”. Яе, як і “Матуліну хату”, ён стварыў разам з кампазітарам Сяргеем Страхам. Сам гаспадар вячорак у час падтанцоўкі некалькі разоў рабіў шпагат, і гэта не гледзячы на амаль 78-гадовы ўзрост, другую групу інваліднасці і металічны пруток ў назе, ўстаўлены пасля складанай аперацыі. Даволі рэдка можна сустрэць чалавека з такой вытрымкай, загартаваннасцю і любоўю да мастацтва. Не губляючы бадзёрасці, ён дадае, што і ў 90 яшчэ сядзе на шпагат.
Перад развітаннем пагутарылі. Не ўсё так гладка склалася ў яго жыцці. Як і ў мяне, ураджэнца Мазыра, яго бацька таксама не вярнуўся з фронту. Нам, дзецям вайны, давялося галадаваць, капаць на калгасным полі мерзлую бульбу, каб неяк выжыць. На канцэртах Мікола Котаў часта спявае сваю песню, дзе ёсць такія радкі: “Ах, вайна, ты вайна – ліхалецце людское. //Нам з табой, тата мой, не сустрэцца ніколі”. Яна кранае і сэрца, і душу.
На другі дзень пасля канцэрта паважаны Мікола Конанавіч патэлефанаваў мне і папрасіў напісаць ў яго любімую газету “Новае Палессе” невялічкі артыкул пра вечарыну. Трэба спадзявацца, што выдатны грамадзянін нашай Беларусі не аднойчы яшчэ наведае родныя яго сэрцу мясціны Жыткаўшчыны.
Л. Целеш, г. Дзяржынск