Вучыцца ніколі не позна
Аператары машыннага даення азяранскай малочнатаварнай фермы ў гэтыя дні свае непасрэдныя асноўныя вытворчыя абавязкі спалучаюць з вучобай. Павышэнне кваліфікацыі працаўніцам малочнай галіны ААТ “Тураўшчына” без адрыву ад практыкі наладзілі майстры і выкладчыкі Жыткавіцкага цэнтра падрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.
Тэмы на занятках разглядаюцца самыя розныя, пачынаючы ад вывучэння матэрыяльнай часткі даільнага абсталявання і заканчваючы пытаннямі арганізацыі дзейнасці на ферме па сучасных тэхналогіях. Пятнаццаць працаўніц фермы з вялікай зацікаўленасцю слухаюць матэрыял, які выкладае ім майстар установы Алена Агіевіч, задаюць і шмат пытанняў, зыходзячы з уласнага вопыту. Таму урокі атрымліваліваюцца даволі цікавымі і змястоўнымі, што пераканаўча сведчыць – вучыцца ніколі не позна.
Як паведамілі ў цэнтры, арганізацыі вучобы жывёлаводаў непасрэдна на фермах будзе надавацца пільная ўвага на працягу ўсяго года. У бліжэйшы час у своеасаблівыя класы ператворацца пакоі для адпачынку на Хачэнскай, Знаменскай і Старажавецкай МТФ акцыянернага таварыства. Пазней пройдуць заняткі і на іншых фермах сельгаспрадпрыемства. Усяго намечана, што ў ААТ “Тураўшчына” павысяць кваліфікацыю порыкладна 60 аператараў машыннага даення і сто дваццаць — па адкорму маладнячку.