Ёсць каманда, ёсць жаданне

Па-дзелавому і адначасова па-святочнаму ўрачыста праходзяць у гэтыя дні гадавыя сходы ў сельгаспрадпрыемствах раёна.  Сведчыць аб тым  надзвычай дэталёвыя аналізы леташняй дзейнасці, зробленыя на мерапрыемствах кіраўнікамі і спецыялістамі гаспадарак, а таксама вялікая колькасць уручаных работнікам узнагарод і, канечне ж, цудоўныя канцэрты. Так было ва ўсялякім разе ў КСУПе “Бялёў” .

Камунальнае сельгаспрадпрыемства ў ліку тых гаспадарак, дзе летась не дапусцілі спаду вытворчасці ў параўнанні з папярэднім перыядам. Хаця год, па словах выконваючага абавязкі дырэктара Аляксандра Талмачоўца, быў даволі няпростым. У першую чаргу, гэта тычыцца  раслінаводства. Капрызы надвор’я даволі моцна ўдарылі па планах мясцовых аграрыяў. Адпаведна і вынікі атрымалі ў 2018 не такія, на які спадзяваліся. У прыватнасці,  збажыны намалацілі 1281 тону – недабралі ў параўнанні з 2017 годам 349 тон. Падчас жніва земляробы прыкладвалі нямала намаганняў, каб не дапусціць яшчэ большых страт. Гэта ўдалося. Вельмі добра папрацавалі камбайнеры Аляксандр Гаўрылаў, Мікалай Чэркас, Павел Юшко і Мікалай Агіевіч. На адвозцы зерня найлепш спраўляліся са сваімі абавязкамі Уладзімір Руды, Міхаіл Савіч і Анатоль Макарэвіч. Увесь ураджай хутка дапрацавалі ўласнымі сіламі. У многім гэтаму садзейнічала і дзейсная дапамога, што была аказана вучнямі Бялёўскай школы.

Мінулагодняя няўдача на хлебнай ніве вымусіла мясцовых спецыялістаў узяцца за справу з падвоенай энергіяй,  каб стварыць трывалы падмурак для сёлетняга ўраджаю. У гаспадарцы для гэтага пасеялі 917 гектараў азіміны і 160 рапсу. Важную справу  на ўсёй плошчы выканалі механізатары Аляксандр Брынявец і Максім Савіч, якія рыхтавалі глебу. Максім Сяргеевіч разам з Генадзем Галавачом  яшчэ і засяваў грамадскія палеткі.

Непагадзь прайшла і па бульбяных плантацыях гаспадаркі. Таму валавы збор клубняў атрымаўся, можна сказаць, мізэрным: пры ўраджайнасці 88 цэнтнераў іх накапалі ўсяго 298 тон. Упарадкаваць ураджай дапамаглі пенсіянеры і жыхары аграгарадка. На гэты год бялёўскія бульбаводы другога хлеба мяркуюць пасадзіць трыццаць гектараў і атрымаць з кожнага па дзвесце цэнтнераў. Толькі, як справядліва заўважыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Атліванаў, які браў актыўны ўдзел у сходзе, ці варта займацца вырошчваннем культур, якія не прыносяць належнай аддачы, а ствараюць, вобразна кажучы, толькі галаўны боль кіраўніцтву.

Яшчэ адной “ахілесавай пятой” гаспадаркі з’яўляецца кормавытворчасць. Не будзем прымяншаць старанне і працавітасць мясцовых механізатараў. Многія з іх забяспечылі на травяных угоддзях добрую самааддачу. Напрыклад, Аляксандр Макарэвіч, які на комплексе КГ-6 нарыхтаваў 7751 тону масы. Васіль Макарэвіч добра трамбаваў яе ў траншэях, што забяспечыла якасць і спажыўнасць корму. Аляксандр Волк запрасаваў амаль тысячу тон сена і саломы. Плённа шчыравалі і іншыя калегі згаданых рупліўцаў. Паводле справаздачы дырэктара Аляксандра Талмачоўца,  летась назапасілі кармоў болей: пад павеці і ў траншэі закладзена 3691 тона сенажу, 5021 сіласу і 774 сена, але, як было агучана на сходзе, гэтага недастаткова для патрэб грамадскай жывёлагадоўлі. Па падліках спецыялістаў, фуражных запасаў у сельгаспрадпрыемстве засталося меней як на два месяцы. Таму і нядзіўна, што Віктар Атліванаў засяродзіў увагу калектыву на больш эфектыўнай працы ў галіне кормавытворчасці, справядліва заўважыўшы, што хопіць ужо касіць дугою, бо такі спосаб не спрыяе належнаму развіццю жывёлагадоўлі. Таму неабходна прымаць вычарпальныя захады па вырошчванню пажніўных і паўкосных культур, пашырэнню плошчаў пад кукурузу, сіласаванню саломы з прымяненнем сыроваткі і іншыя.

Нягледзячы на цяжкасці, работнікі ферм КСУПа здолелі не толькі захаваць свае ранейшыя дасягненні, але і павялічыць іх. Асабліва гэта добра бачна ў вытворчасці малака. Яго надаілі ад 542 кароў 2848 тон, што на 111 болей чым за папярэдні перыяд. Аддача ад адной каровы склала 5255 кілаграмаў, з прыбаўкай у пяць працэнтаў. Падцягнулі і таварнасць да 88,3 працэнта. А ўсё чаму? Належна спрацавалі не толькі аператары машыннага даення Вольга Паўлюшына, Ірына Рубіс, Людміла Загорская, Наталля Савіч, але і тэхнікі-асемянатары Наталля Віткоўская і Ганна Зенчанка. Дзякуючы майстэрству апошніх атрымана 620 галоў прыплоду. На жаль, не ўсё склалася так, як планавалі, у мясной вытворчасці. Але і тут ёсць з каго браць прыклад. У ліку лепшых аператараў па вырошчванні маладняку Людміла Агіевіч, Антаніна Агіевіч, Алена Неўмяржыцкая. Гадаванцы, якіх яны даглядалі, прыбаўлялі ў вазе штосуткі  больш за сямсот-васямсот грамаў. Сярод поспехаў у жывёлагадоўлі адзначым, што кіраўніцтву ўдалося завяршыць рэканструкцыю другога памяшкання на МТФ “Возера”, гэта дазволіць павялічыць дойны статак на дзвесце рагуль. У планах давесці да ладу пакой адпачынку на гэтай ферме і зрабіць рэканструкцыю памяшкання для ўтрымання маладнячку. Заканчваючы сваё выступленне, выконваючы абавязкі дырэктара Аляксандр Талмачовец, давёў да ўсіх простую выснову, што новыя поспехі не магчымыя без правільнага і граматнага кіраўніцтва галоўных спецыялістаў і сярэдняга звяна, а таксама маладых, якія ўліліся ў калектыў.

– Так, у КСУПе склалася каманда, якая мае жаданне плённа працаваць, – падтрымаў кіраўніка і старшыня райвыканкама Віктар Атліванаў. – Менавіта сумеснымі намаганнямі мы павінны  дабіцца яшчэ большага прыросту ў вытворчасці, тым самым палепшыць фінансава-эканамічны стан прадпрыемства, а ў канчатковым выніку ўзняць дабрабыт  яго рабочых.

На сходзе разгледзелі і пытанні, звязаныя з выкананнем калектыўнага дагавору. За прайшоўшы год у яго ўнесена нямала палажэнняў, якія павышаюць сацыяльную абароненасць працаўнікоў. Як адзначыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Радавец, некаторыя моманты яшчэ патрэбна і папраўляць. У прыватнасці, забяспечыць рабочых спецвопраткай. Уладзімір Іванавіч ад прафсаюза ўзнагародзіў граматамі і падарункамі лепшых жывёлаводаў КСУПа. Належную пашану найбольш дбайныя мясцовыя працаўнікі атрымалі і ад старшыні райвыканкама і кіраўніцтва гаспадаркі. Напрыканцы мерапрыемства і гаспадарам, і гасцям цудоўныя канцэртныя нумары падаравалі артысты народнага ансамбля “Сваты”.

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.