Малако – крыніца эканомікі

Праца вытворцаў малака нашага раёна за два месяцы бягучага года пакуль не адпавядае тым магчымасцям, якія маюцца. У прыватнасці, за азначаны перыяд на грамадскіх фермах атрымалі  7589,3 тоны прадукцыі, што ў параўнанні з леташнім складае ўсяго 97,3 працэнта. Толькі тры сельгаспрадпрыемствы маюць вынікі лепшыя за мінулагоднія.

Як заўсёды стабільнасць у рабоце паказваюць жывёлаводы сялянскай гаспадаркі М. Шруба. За студзень-люты тут валавы надой давялі да 1377,9 тоны, пры росце 127,5 працэнта. Аддача ад адной каровы склала 1345 кілаграмаў супраць 1049 леташніх.  І тэндэнцыя павелічэння ў малочнай вытворчасці фермера захоўваецца, што, несумненна, адбіваецца на агульнараённым выніку.

З пачатку года  нарэшце праявілі сябе і аператары машыннага даення КСУПа “Чырвоны Бор”. Канечне, да паказчыкаў папярэдняй арганізацыі ім яшчэ вельмі і вельмі далёка (валавы надой – 514,7 тоны і пяцьсот літраў ад каровы), але гэта прыбаўка да леташняга ўзроўню на пяць працэнтаў і дваццаць два кілаграмы адпаведна, якой чырванаборскія малочнікі не мелі ўжо некалькі гадоў запар. Безумоўна, тут стараюцца, каб удалы старт перайшоў у няменей паспяховы фініш.

Трэцяй гаспадаркай, якая здолела прырасці ў малочнай справе, з’яўляецца КСУП “Бялёў”. Яе працаўнікі за два месяцы запісалі на ўласны рахунак 470,8 тоны сырадою і 102,3 працэнта да леташняга ўзроўню. Канечне, патэнцыял тут яшчэ далёка нявычарпаны, таму і дадаць да свайго паказчыка можа сельгаспрадпрыемства намнога болей.

Не можа не турбаваць становішча з вытворчасцю малочнай прадукцыі ў акцыянерным таварыстве “Прыазёрскае-Агра”. Па валаваму надою тут скаціліся з 910,2 тоны да 750,5, а па аддачы ад каровы з 746 кілаграмаў да 606 адпаведна. І гэта пры тым, што ўмовы для дзейнасці ў гаспадарцы адны з найлепшых у раёне. Асабліва шмат  зроблена для ўмацавання матэрыяльнай базы фермаў.  Рэзкі спад у выніках няйначай як пралікамі ў тэхналагічным ланцугу і не растлумачыш. Правальным аказаўся пачатак года і для коленскіх аператараў машыннага даення, якія ў параўнанні з леташнім перыядам спрацавалі толькі на 83,9 працэнта, змінусаваўшы па надою ад каровы аж на 135 кілаграмаў. Назіраецца, вобразна кажучы, таптанне на месцы ў малочнай справе і ў акцыянерных таварыствах “Тураўшчына”, “Людзяневічы”, “Дзякавічы”. Тут таксама ўжо каторы год не могуць прыбавіць па валавым і ў разліку на адну карову надоях. У гэтай сітуацыі бясспрэчным застаецца адно, год толькі пачаўся, і ва ўсіх ёсць рэзервы, каб выправіць становішча. Галоўнае, не адкладваць на апошні дзень, а развіваць дзейнасць пастаянна і планамерна. Усё ж малако для вяскоўцаў застаецца стабільнай крыніцай для паляпшэння эканомікі.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.