Спецыялістамі Жыткавіцкай райветстанцыі праводзіцца вялікая работа па выяўленні хворай жывёлы,
Пастаянна спецыялістамі Жыткавіцкай райветстанцыі праводзіцца вялікая работа па выяўленні буйной рагатай жывёлы, хворай на туберкулёз і лейкоз. Не стаў выключэннем і мінулы год.
Па словах галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Сяргея Ярмаша, у кожнай гаспадарцы распрацаваны планы мерапрыемстваў па прафілактыцы згаданых хвароб. Іх аснову складаюць лабараторныя даследаванні. Для прыкладу, толькі на туберкулёз пярвічна ахапілі 31812 галоў буйной рагатай жывёлы і паўторна – 23692. Дзякуючы такому шырокаму даследаванню на грамадскіх фермах своечасова выяўлена 49 кароў, захварэўшых на туберкулёз. У параўнанні з папярэднім годам гэта меней на пятнаццаць. Найбольшая колькасць жывёлін, якія не прайшлі прафілактычныя тэсты, знаходзілася ў статках акцыянернага таварыства “Тураўшчына”, камунальных сельгаспрадпрыемствах “Чырвоны Бор” і “Коленскае”. Усе каровы неадкладна аддзелены ад здаровых і накіраваны на мясакамбінаты.
Не меншыя даследаванні ў гаспадарках раёна праводзяцца і на лейкоз. Усяго такой прафілактыкай ахоплена 26252 галавы БРЖ. Станоўча рэагуючых на захворванне на фермах сельгаспрадпрыемстваў не выяўлена. Свой уклад у справу, каб у грамадскім і прыватным сектарах утрымлівалася толькі здаровая жывёла, унеслі і спецыялісты аддзела паразіталогіі ветстанцыі, якія правялі 9392 даследаванні. Дзякуючы гэтаму стала вядома аб 75 выпадках розных захворванняў.
У бягучым годзе жыткавіцкія Айбаліты мерапрыемствамі па выяўленні небяспечных захворванняў гадаванцаў плануюць ахапіць яшчэ большае пагалоўе на фермах і падворках.
Сяргей Белка