Уладзімір Мікалаевіч ДАШУК — чалавек тэхнічнага складу
Уладзімір Мікалаевіч ДАШУК, слесар 4 разраду адкрытага акцыянернага таварыства “Сатурн-1”: — Я толькі шэсць год тут і ўжо такая пашана. Прызнаюся, гэта вялікая нечаканасць, быць занесеным на раённую Дошку гонару. Нібы прадстаўляеш увесь калектыў, такі крэдыт даверу, ды і для сям’і гонар. У мяне звычайная біяграфія: школа №2, наша ПТВ і Пінскі індустрыяльны тэхнікум. Працоўную гісторыю распачаў вадзіцелем ва ўпраўленні сацыяльнай абароны, а потым пяць гадоў кіраваў пажарным аўтамабілем у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях. Тэхніка вабіла заўжды, магчыма, гэта ад бацькі, які ўсё жыццё за рулём. Дарэчы, з ім ды братам Алегам, таксама слесарам, мы разам працуем у “Сатурне”. Атрымліваецца сямейная дынастыя. Як не цяжка здагадацца, на рашэнне змяніць прафесію не ў апошнюю чаргу паўплываў матэрыяльны фактар. Заробак на прадпрыемстве прыстойны, але ж яго не плацяць проста так, трэба выкладвацца. Наогул, любую справу варта рабіць добра, дрэнна, як вядома, само атрымаецца. Слесар павінен мець не толькі тэхнічны склад розуму, умець чытаць чарцяжы, але і валодаць фізічнай сілай. Мне пасля змены спартыўная зала дакладна не трэба, бо жалеза цягаю на працы (усміхаецца. — Заўв. аўтара). Ну, а калі сур’ёзна, то ў вольны час даводжу да ладу дом, куды з жонкаю, дачкой і сынам перабраліся летась.