Абрады напярэдадні вяселля
Захаванне, вывучэнне і пашырэнне фальклору ў побыце, яго прапаганда маюць для нас вялікае культурна-мастацкае значэнне ў плане эстэтычнага выхавання асобы і ўсяго нашага грамадства. У яго творчасці — наша жыццё, наш гістарычны лёс, нашы душа, мова, сетапогляд, духоўная сутнасць, ўласная мерка чалавека і чалавечнасці. Гэта ярка праяўляецца ў вясельным абрадзе. Фалькларыст Ганна Лой часткова ўжо знаёміла чытачоў «НП» з элементамі вясельнай дзеі. Сёння працяг яе аповеду:
“МЕРАННЕ САРОЧАК”
— Вельмі важна тое, што носьбіты традыцыйнай культуры Жыткаўшчыны захавалі і перадалі нам цікавы перадвясельны абрад “Меранне сарочак”. Ён тады быў абавязковым, бо ўсё тое, ранейшае жыло ў актыўнай форме бытавання, а ў сённяшні час цывілізацыі неабходныя рэчы набываюцца ў гандлёвых кропках.
Пасля запоін радня нявесты збіралася ехаць, ці ісці пешшу да хаты жаніха мераць сарочкі. Бралі хрышчоных маці і бацьку, жонку, сясцёр, брата, браціх, старшую сяброўку (дружку) і ехалі да малодога. Патрэбна было абявязкова зняць мерку з свякроўкі, каб пашыць і аздобіць прыгожый вышыўкай сарочку, фатрух, хустачку, спадніцу (андарак), і ў дзень вяселля апрануць у іх сваху. Абмяралі жаніха і яго бацьку, каб пашыць ім ніжняе адзенне (сподняе): сарочку і штаны. Калі ў жаніха меліся сёстры, ім таксама патрэбна было пашыць і вышыць (такі ж падарунак). Лічылі вокны, дзверы, абразы, рамкі з фотаздымкамі сям’і , каб у дзень вяселля ўпрыгожыць хату свякрухі шторамі, вышыванымі рушнікамі, на пасцель пакласці тканую посцілку, павесіць рушнікі-ўцірачы. У час абмеру сватоў усе шчыра жартавалі. Калі маці жаніха была гладкая (тоўстая), абмяраўшы яе прыказвалі: “Ты, свашанька, як печанька, ты, як ступанька, да ты ж наша ўсяедна, на цябе шмат палатна патрэбна”. Бабцы жаніха шылі кофту. У час абрада спявалі жартоўныя песні, гаварылі прыказкі, прымаўкі. Маладога з жартам клалі на падушку і качалі так, каб той закружыўся, устваваўшы з яе. Праводзілі жартоўную гульню “Мельнік”. Потым маці жаніха ставіла на стол ежу, бацька гарэлку, квас і частавалі сваіх гацей. Доўга ў хаце гучалі песні, стаяў смех, ліліся жарты.
Калі дружка шыла маладому штаны, то абавязкова зашывала адну калошу так, каб раніцай пасля брачнай ночы, адзяваўшы іх, жаніх упаў.
“ПРЫМЯРАННЕ СОРОЧАК”
На другі дзень, пасля абмеру сватоў, дзяўчына запрашала да сябе сябровак, каб кожнай з іх даручыць адпаведнаую работу. У той час, калі сям’я была багацейшая, бралі ад пяці да дзесяці дружак, а бедныя меньш таму, што ў іх не было з чаго напрасці і наткаць шмат палатна, і сарочак шылі мала, толькі сватам на падарункі. Астатнія пазычалі адзін у аднаго ці перадавалі з сям’і ў сям’ю. Калі ў хаце нявесты збіраліся дружкі, маці даставала са скрыні скруткі палатна (льнянога, канаплянага) і надзельвала ім памочніц для будучай працы. Патрэбна было пашыць, аздобіць прыгожай вышыўкай нявесце сарочкі пад вянец, абрадавую на першую брачную ноч, сарочку-паўсядзёнку, для радзін, фартух, спадніцу (андарак), хустачку для свякрухі, сарочкі сёстрам і бацьку жаніха, яму самому, адпаведную колькасць рушнікоў на рамкі з фотаздымкамі, на абразы, расшыць надзежніцу, якою накрывалі дзяжу з цестам. Дзяўчаты забіралі палатно, ніткі для вышывання і цэлую нядзелю, ці дзве займаліся працай. Калі ўсе работы былі выкананы, сяброўкі па запрашэнню нявесты, абавязкова ў пятніцу перад вяселлем, збіраліся ў яе хаце для прымярання сарочак. Нездарма нашы продкі казалі: “Пятніца-пачынальніца”, бо з яе пачыналася ўсё перадвясельнае дзеянне, а потым і яно само. У час прымярання сарочак кожная з дзяўчат дэманстравала перад маці нявесты, цёткамі, браціхамі, бабулямі сваю працу, тыя давалі адзнаку. Прымяранне сарочак пачыналася з самай галоўнай — падвянечнай, а потым прымяраліся астатнія для нявесты: абрадавая на брачную ноч, сарочка для радзін, сарочка-паўсядзёнка. Выхваляліся дзяўчаты вышытымі рушнікамі, надзежніцай. Прымяраўшы падвянечную сарочку, сяброўка гаварыла:
«Пазнай, маці, дочку ў новай сарочцы,
Учора была ў канаплёнай, а сёння прымяраецца вянчона».
Дзяўчаты пачыналі спяваць песню:
Мы ж думалі,
што на сяле іграюць — 2р
А то ж Ганначцы
сарочкі прымяраюць.
Маці ходзіць, маецца — 2р
Сарочачка спадабаецца.
У час прымярання сарочак дружкі спявалі жалобныя песні для нявесты таму, што надыходзіў час развітання з дзявочасцю, гаварылі прыказкі. Дзяўчыну, якой прызначалася шыць сарочку для родаў, абавязкова бралі за куму.
Прымераўшы сарочкі, маці нявесты накрывала стол і частвала дзяўчат з падзякай за добрую працу.
У той час існаваў вельмі цікавы звычай. У дзень прымярання сарочак маці жаніха пякла пірог, варыла мяса, смажыла рыбу, гатавала пампушкі ці коржыкі, халоднае, кісель, жур, квас. Складвала ўсе прысмакі ў каробку (кашэль), рыхтавала загадзя падарунак для будучай нявесткі (кусок тканіны на плацце) і ішла ў госці на прыканцы абрада. Усё ставіла на стол і частавала будучую нявестку з яе сяброўкамі (дружкамі). За ежай доўга спявалі, жартавалі. Калі разыходзіліся, будучая нявестка таксама давала свой падарунак свякрусі (кусок палатна ці намітку).