Чарнобыля доўгае рэха

Наталля Юдчанка больш за трыццаць гадоў жыве ў Градзе, але сэрца жанчыны назаўсёды належыць хойніцкаму Бабчыну, пахаванаму пад чарнобыльскім попелам. Боль ад страты роднага месца не адпускае і дагэтуль.

 

Сумная вестка

– Пачуўшы ў ноч на 26 красавіка гул верталётаў, падумалі, што пачаліся ваенныя вучэнні, – прыгадвае момант адліку новага жыцця перасяленка. – А раніцай, не тлумачачы прычыны, начальства папрасіла прыняць да сябе людзей. У нашу хату прывялі жонку, мужа і бабулю, якія і паведамілі пра аварыю на станцыі. Іх з бліжэйшага да мяжы населенага пункта эвакуіравалі адразу. Праз суткі вяскоўцаў павезлі далей, а наш Бабчын, трапіўшы ў 30-кіламетровую зону, апусцеў недзе праз месяц.

Наталля Карпаўна з мужам Іванам Пятровічам выехалі адсюль апошнімі, аж у сярэдзіне снежня. Таго вымагалі іхнія высокія пасады. Абодва працавалі ў мясцовым калгасе “Кастрычнік”: яна – галоўным эканамістам, ён – галоўным бухгалтарам. І пакуль “не закрылі”  ўсе рахункі і не здалі апошнюю ведамасць, іх (ды яшчэ галоўнага інжынера) праз міліцэйскі кардон не выпусцілі.

– А куды было дзецца, – тлумачыць савецкую псіхалогію жанчына. – Як бы ні склаліся  абставіны, за сваю работу адказваць абавязаны да канца. Наша гаспадарка была досыць заможнай, жывёлы шмат, комплекс на 24 тысячы свіней мелі, зямля давала вялікія ўраджаі. Увесь скарб трэба было тэрмінова вывезці, людзей разлічыць.

 

Эвакуацыя

Субяседніца прыгадвае, што ў тую вясну пасля дажджу лужыны пакрывала жоўтая плёнка, а сады цвілі нібы напаўсілы, кветкі як сціснуў хто. І часта балела галава, ногі зводзілі сутаргі.

Ваенныя мылі дахі дамоў ад радыяцыйнага пылу, і людзі яшчэ спадзяваліся, што ўсё абыйдзецца. Агароды сеялі, планы будавалі. Толькі ўсё пайшло прахам. Спачатку, каб не спакушаць бабчынцаў маладой цыбуляй, што бралася ў рост, улады загадалі пераараць усе соткі, а разам з імі і калгасныя палеткі, і прымусілі ўсіх здаць кароў. Прадукты куплялі выключна ў магазіне, дзе ў той час хапала нябачаных раней дэфіцытаў. А потым распачалася эвакуацыя. Асабліва плач стаяў ля школы, калі аўтобусамі вывозілі дзяцей, у чым былі. Нібыта ў войну, толькі хіба не стралялі. Другой чаргой, назаўсёды пакідаючы малую радзіму, з наседжаных месцаў рушылі дарослыя.

Першая дачка Юдчанкаў з гадавалым дзіцяткам адразу з’ехала да мужавай радні ва Украіну, другая – вучылася ў Мінску. Сына-выпускніка і малодшую старшакласніцу разам з іншымі вывезлі спачатку ў лагер на Магілёўшчыну, а потым на лета ў Крым. Адразу ў Граду, дзе аператыўна будавалі дамы для перасяленцаў, трапіў зяць Віктар, калгасны заатэхнік, расказвае Наталля Карпаўна. Таму пасадзейнічаў ураджэнец Хойнішчыны Аляксей Сцепаненка, тагачасны старшыня нашага райвыканкама, да якога жанчына мае вялікую ўдзячнасць. Мясцовасць наша была субяседніцы крыху знаёмая, бо нарадзілася яна ў вёсцы Букча, што тады ўваходзіла ў склад Тураўскага раёна. Старэйшая дачка з сям’ёй забрала і Зойку, тут дзяўчынка ў верасні села за парту, Пеця стаў студэнтам. Бацькі ж іх заставаліся ў чарнобыльскім эпіцэнтры яшчэ амаль тры месяцы.

 

Трыццаць трэцяя

вясна

– Асабліва страшна было ў апусцелым Бабчыне восенню, – не можа забыць тых падзей перасяленка. – Галодныя сабакі зграямі бегалі па вуліцах, каты жаласна раўлі пад стрэхамі. А мы штодня ўтраіх праз КПП хадзілі ў кантору. Шкада было кідаць новае, усяго гадоў 15 пажылі, селішча, а яшчэ больш гаравалі па суседзях. Наша вуліца дружна жыла, амаль усе равеснікі, сябравалі моцна, Чарнобыль раскідаў усіх па свету.

Многія потым адшукаліся. Карпаўна часта ездзіла на сустрэчы з калегамі ў Хойнікі, але ў Бабчын пасля 18 снежня 1986-га так і не трапіла. Уваход сюды толькі па спецпрапусках. Вёску, насычаную смяротнымі радыёнуклідамі, як і шмат іншых, зруйнавалі. Але Юдчанкаў дом разам з яшчэ дзвюмя хатамі стаіць і сёння. У іх працуюць спецыялісты Палесскага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, якія вывучаюць уплыў цэзію і стронцыю на навакольнае асяроддзе, жылёльны і раслінны свет.

Прафесійны вопыт Наталлі Карпаўны і яе мужа згадзіўся ў нашым калгасе “ХХ партз’езд”, дзе яны працавалі да пенсіі. Іван Пятровіч рана пайшоў з жыцця, абвастрыліся многія хваробы. Радыяцыя падарвала і здароўе старэйшай унучкі, у якой выдалілі шчытападобную залозу.

– Ведаеце, – кажа на развітанне субяседніца, – як бы добра перасяленцы не ўладкаваліся, мы паўсюль будзем адчуваць сябе чужымі, колькі б гадоў не мінула. Пачынаць жыццё з нуля не дай Бог нікому…

 

Даведка

*Радыяцыйнаму забруджванню ў выніку Чарнобыльскай ядзернай катастрофы падверглася 23 працэнты тэрыторыі Беларусі.

*З 430 пацярпелых вёсак адселена звыш 137 тысяч чалавек.

*У Бабчыне, які сёння з’яўляецца цэнтрам Палесскага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, да аварыі было звыш 700 жыхароў.

Святлана Шакалян

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.