Купальны сезон – без трагедый

Як забяспечыць ахову жыцця людзей на вадаёмах падчас надыходзячага купальнага сезону? Адказ на гэтае пытанне дае рашэнне Жыткавіцкага райвыканкама №568, прынятае 6 красавіка бягучага года.

Дакумент прадугледжвае захады, каб пазбегнуць трагедый і негатыўных з’яваў у рэгіёне на рэках і азярынах і каля іх. Па-першае, устаноўлены месцы для масавага купання насельніцтва. У прыватнасці, пляжы на Прыпяці ў Тураве, на возеры Белае і на вадаёме ў райцэнтры. За кожным замацаваны  арганізацыі (КУП “Жыткавіцкі камунальнік” і ААТ “Тураўшчына”), на якія ўскладзены абавязкі па добраўпарадкаванні і абсталяванні ўсім неабходным гэтых месцаў адпачынку. Да першага мая яны павінны выканаць  падрыхтоўчыя работы па ўтрыманню пляжаў і месц для купання: прыбраць тэрыторыі, устанавіць прыбіральні, лавы, кантэйнеры для збору смецця, лежакі, дзіцячыя пясочніцы,  сонцаахоўныя грыбкі. Таксама ў зонах рызыкі патрэбна ўстанавіць да згаданага тэрміну інфармацыйныя стэнды з правіламі бяспечных паводзін на вадзе. Працаўнікі службаў павінны ажыццяўляць штодзённую  прыборку згаданых тэрыторый.

Згодна з рашэннем канкрэтныя даручэнні атрымала і кіраўніцтва таварыства ратавання на водах. Яно павінна  ў купальны сезон арганізаваць дзяжурства на пляжах. У зоне дзеяння паста ўстанавіць засцерагальныя буі, каб акрэсліць рэкамендуемую зону плавання. Ускладзены на супрацоўнікаў таварыства і аказанне першай медыцынскай дапамогі пры нясчасных выпадках на вадзе і каля яе. Каб рабіць гэта эфектыўна і аператыўна, асабоваму складу неабходна праводзіць пастаянныя трэніроўкі па аказанні  помачы людзям, якія трапілі ў бяду.

Свае задачы прапісаны ў дакуменце і для ўстаноў аховы здароўя: Жыткавіцкай ЦРБ і раённага цэнтра  гігіены і эпідэміялогіі. Спецыялістам гэтай сферы пры неабходнасці патрэбна аператыўна наладзіць медыцынскае абслугоўванне і кантроль за санітарным станам месца масавага адпачынку людзей, а яшчэ праводзіць інфармацыйна-растлумачальную работу ў калектывах па аказанню першай медыцынскай дапамогі пацярпелым на вадзе. Дарэчы, аб правілах паводзін на вадаёмах будуць расказваць і мясцовыя СМІ, а таксама прадстаўнікі гарсельвыканкамаў. Апошнія павінны да першага мая добраўпарадкаваць на сваіх адміністрацыйных тэрыторыях месцы адпачынку насельніцтва ля вадаёмаў. Арганізацыям, якія з’яўляюцца карыстальнікамі вадаёмаў і не маюць там выратавальных пастоў, неабходна ля іх устанавіць знакі з надпісам: “Купацца забаронена”. А наглядаць за правапарадкам на пляжах будуць супрацоўнікі міліцыі.

З мэтай прафілактыкі гібелі людзей на вадзе штотыдзень будуць ладзіцца адпаведнымі службамі рэйды, падчас якіх адказныя службовыя асобы стануць выяўляць парушальнікаў правілаў паводзін на вадзе. Такая засцерагальная мера таксама паспрыяе большаму парадку на пляжах. Відавочна, што ўсе пункты рашэння накіраваны на тое, каб купальны сезон у раёне прайшоў без трагедый. Але ж неварта забывацца і самім грамадзянам, што іх бяспека найперш знаходзіцца ва ўласных руках.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.