На зялёны корм і зерне

Кукурузу ў камунальным сельгаспрадпрыемстве “Чырвоны Бор” сёлета запланавалі размясціць на 1150 гектарах. З іх дзевяцьсот мяркуецца скарыстаць на зялёны корм і дзвесце пяцьдзясят на зерне. У гаспадарцы прыкладваюць належнае старанне, каб паспяхова вырашыць пастаўленую задачу.

Таму справа даручана вопытнаму і спрактыкаванаму механізатару Дзмітрыю Макарэвічу (на здымку справа). Шаснаццаць год ён шчыруе ў КСУПе. За гэты час набыў добры досвед у вырошчванні “каралевы палёў”.

– Калі  працаўладкаваўся ў сельгаспрадпрыемства, мне адразу выдзелілі новы трактар, а ў дадатак да яго і кукурузную сеялку, – расказвае пра ўласныя крокі ў асваенні тэхналагічных сакрэтаў Дзмітрый Анатольевіч. – Канечне, на першых парах дапамагалі больш вопытныя калегі. Асабліва ўдзячны свайму бацьку, які трактарыстам усё жыццё шчыруе ў гаспадарцы. Ён і зараз прыходзіць на падмогу, калі патрэбна як мага хутчэй паправіць тэхніку, настроіць яе на рабочы лад.

Цяперашнія клопаты Дзмітрыя ў пэўнай ступені для яго з’яўляюцца закладкай падмурку для працы восенню.  За Макарэвічам яшчэ замацаваны кормаздабываючы комплекс, на якім ён ўбірае кукурузу на сілас. Таму і выконвае даручанае заданне якасна. Нездарма ж кажуць, што як пасееш, так і нажнеш. Самааддача і майстэрства механізатара праяўляюцца і ў колькасці зробленага за дзень. Дзмітрый Анатольевіч засявае за змену па трыццаць і болей гектараў.

Бацькі заўсёды навучалі сына не цурацца працы на роднай зямлі. Таму КСУП “Чырвоны Бор” стаў для Макарэвіча своеасаблівай пляцоўкай для прафесійнага росту. У гаспадарцы Дзмітрый паспяхова асвоіў розныя віды машын і агрэгатаў, таму вынікова можа выконваць любыя сельскагаспадарчыя работы. За гэта мае заслужаны аўтарытэт у кіраўніцтва гаспадаркі. На агульных сходах працаўнік пастаянна ў перадавіках. Неаднойчы атрымліваў падзякі і каштоўныя падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і райсельгасхарчу, райвыканкама. І такім даверам механізатар вельмі даражыць, з поля вяртаецца а восьмай ці а дзявятай гадзіне. Для яго зараз самае важнае, каб не ўпусціць тэрміны.

– Зразумела, што спраў нямала, але поспех маёй працы ў многім залежыць ад калег, якія вядуць падрыхтоўку глебы, угнойваюць яе, – гаворыць Дзмітрый Макарэвіч. – Здаецца, што ў нашай гаспадарцы ўсё пакуль складваецца нядрэнна. Рупяцца механізатары непакладаючы рук. Усе разумеюць,  добра пастараемся зараз мы, зімой грамадская жывёла атрымае дастатак кармоў.

 І гэта, сапраўды так. Звяно па ўнясенні арганікі штодня разбівае па дзве і болей тысячы тон гною. А, напрыклад, Яўген Купрацэвіч (на здымку злева) у дзень нашага наведвання гаспадаркі за ранак пераараў з дзясятак гектараў глебы пад будучы пасеў кукурузы. І высокую выпрацоўку ён забяспечвае кожную змену. Да гэтага Яўген паспяхова падкарміў мінеральнымі тукамі азімыя.  Ён таксама вопытны і спрактыкаваны працаўнік і не хавае сваёй зацікаўленасці, каб і збажына, і “каралева палёў” добра ўрадзілі.

– Я ж восенню буду весці ўборку каласавых і кукурузы на зерне. І чым лепшая ўраджайнасць, тым большы заробак атрымаю – дзеліцца планамі механізатар. – Таму працаваць дрэнна зараз, значыць, нашкодзіць самому сабе ў будучым.

Работа ў КСУПе “Чырвоны Бор” на кукурузным кліне толькі шырыцца. Па стану на 23 красавіка культура пасеяна на 370 гектарах. Практычна план сяўбы на зерне выкананы. Дарэчы, нядрэнна складваюцца справы і ў іншых гаспадарках. Так, у акцыянерным таварыстве “Прыазёрскае-Агра” насенне кукурузы заштукавалі практычна на ўсёй плошчы, а ў КСУПе “Коленскае” на 458 гектарах, у ААТ «Тураўшчына» – 518. А ўсяго аграрыі Жыткаўшчыны кукурузай засеялі 3716 гектараў пры даведзеным заданні 11400.

Сяргей Белка

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.