Сельгаспрадпрыемствы Жыткавіцкага раёна распачалі сяўбу кукурузы
У ліку першых, хто прыступіў да гэтай работы, і працаўнікі акцыянернага таварыства “Жыткавічыхімсервіс”. Важную справу даверылі механізатару Яўгену Собалеву.
Сельскагаспадарчаму ўчастку арганізацыі для паспяховага развіцця патрабуецца зерне. І нямала. Найперш для ўласнай свінафермы. Акрамя таго, сёлета спецыялісты таварыства зарыбілі некалькі сажалак былога рыбгаса. А гэта вымушае шукаць дадатковыя крыніцы фуражу. Як паказвае практыка, кукуруза для акцыянернага таварыства можа стаць той своеасаблівай палачкай-выручалачкай, каб мець неабходныя аб’ёмы корму і для свіней, і для рыбы. Напрыклад, летась з кожнага гектара ў таварыстве ўзялі па 72 цэнтнеры зерня. Таму і не дзіўна, што сяўбу “каралевы палёў” даверылі такому вопытнаму і стараннаму механізатару. Аб гэтым можна меркаваць па тым, як раніцай Яўген грунтоўна рыхтуецца да выезду ў поле. Замацаваны за ім агрэгат ён аглядае і правярае па некалькі разоў. Па словах працаўніка, па- іншаму нельга:
– Сеялка не новая, адзінаццаты сезон задзейнічана на сяўбе. Таму, каб якасна працаваць у полі з такім агрэгатам, неабходна належна правесці ўсе рэгуліроўкі: правільна ўстанавіць норму высеву, і глыбіню заштукоўвання насення, паправіць іншыя механізмы. Толькі на спраўнай тэхніцы магчыма дабіцца належнага выніку.
Адносінамі Собалева да даручанай работы задаволена і галоўны аграном арганізацыі Ларыса Долгая.
– Згодна з заданнем нам кукурузай неабходна засеяць 150 гектараў, – дзеліцца планамі Ларыса Мікалаеўна. – Але сеяць культуры будзем намнога болей, у параўнанні з мінулагоднім павялічваем пад яе плошчы больш як удвая. Для гэтага нам выдзелены дзвесце гектараў зямлі, каля вёскі Келі. Там раслі шматгадовыя травы, якія нашы механізатары перааралі, прадыскавалі. Унеслі і 1200 тон арганікі пад будучыя пасевы “каралевы палёў”. Нам бы яшчэ адзін агрэгат, каб паскорыць тэмпы на сяўбе. Кіраўніцтва плануе купіць. Думаю, што з пастаўленай задачай справімся.
Належна ў ААТ “Жыткавічыхімсервіс” дбаюць не толькі пра будучы кукурузны клін, але і зерневы. Апошні своечасова падкармілі мінеральнымі тукамі. Зараз гэты тэхналагічны прыём рыхтуюцца правесці паўторна. Набываюцца прэпараты і для ахоўных мерапрыемстваў ад шкоднікаў і хвароб. Бягучай вясной да азіміны дабавілі яшчэ восемдзесят гектараў ярыны. Усе доглядныя і пасяўныя работы на збожжавых палетках правёў механізатар Янек Савіч.
Усяго бягучай вясной у раёне запланавана пасеяць 11400 гектараў кукурузы, з якіх 2200 на зерне. Акрамя ААТ “Жыткавічыхімсервіс” у гэтыя дні на палеткі вывелі кукурузныя сеялкі ў КСУПах “Чырвоны Бор”, “Коленскае” і ААТ «Прыазёрска-Агра». Відавочна, што аб’ёмы на гэтым участку ў аграрыяў даволі салідныя. І ад таго, як яны спрацуюць, будзе залежаць кармавая база для грамадскай жывёлагадоўлі.
Сяргей Белка
Фота аўтара
На здымку: галоўны аграном таварыства Ларыса Долгая і механізатар Яўген Собалеў за важнай справай